Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застанемся адкрытымі». Вольны беларускі ўнівэрсытэт пракамэнтаваў свой «экстрэмісцкі» статус і даў парады бясьпекі жыхарам Беларусі


Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Вольны беларускі ўнівэрсытэт выступіў з заявай у сувязі з прызнаньнем «экстрэмісцкім фармаваньнем» у Беларусі.

У заяве адзначаецца, што Вольны беларускі ўнівэрсытэт займаецца «выключна адукацыйнай дзейнасьцю для распаўсюджваньня сучасных ведаў аб эканоміцы, палітыцы, грамадзтве і гісторыі сярод беларусаў». Ва ўнівэрсытэце адзначаюць, што прызнаньне «экстрэмісцкім фармаваньнем» у Беларусі ня спыніць працу ўнівэрсытэту і выкананьне ягонай місіі «па разьвіцьці акадэмічных свабодаў у Беларусі, фармаваньні эўрапейскіх і нацыянальных каштоўнасьцяў у беларусаў».

«Нашы курсы былі і застануцца адкрытымі для ўсіх беларусаў добрае волі ва ўсіх краінах пры належных захадах бясьпекі і ананімнага ўдзелу», — адзначаюць у ВБУ.

У той жа час прадстаўнікі ўнівэрсытэту адзначаюць, што «ў сёньняшніх умовах бясьпека людзей была і застаецца для нас прыярытэтам нумар адзін» і раяць беларусам, якія застаюцца ў Беларусі або вяртаюцца туды, адпісацца ад публічных акаўнтаў ВБУ ў сацыяльных сетках (Telegram, Facebook, Instagram, LinkedIn), а таксама выдаліць гісторыю наведваньня інфармацыйных рэсурсаў ВБУ і гісторыю паведамленьняў у перапісцы (пры наяўнасьці).

Рашэньне аб прызнаньні Вольнага беларускага ўнівэрсытэта «экстрэмісцкім фармаваньнем» КДБ Беларусі прыняла 15 студзеня, у пералік МУС яго ўнесьлі 19 студзеня. У ім указана, што «ініцыятыва ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў і пры фінансавай і іншай падтрымцы фонду ім. Адэнаўэра, Польска-амэрыканскага фонду свабоды, Эўрапейскага фонду за дэмакратыю, пасольства Вялікай Брытаніі ў Менску, дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў пытаньнях Беларусі».

У канцы сьнежня падчас онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўнівэрсытэту далучыўся намесьнік начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак, які паведаміў удзельнікам, што «ўсе пад кантролем».

Вольны беларускі ўнівэрсытэт паўстаў з ініцыятывы 59 вядомых беларускіх навукоўцаў, дзеячаў культуры і мастацтва, журналістаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, сярод якіх нобэлеўская ляўрэатка, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, прафэсар Станіслаў Шушкевіч, нобэлеўскі ляўрэат і праваабаронца Алесь Бяляцкі, старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджаліка Борыс, ляўрэат прэміі Эўрапейскага парлямэнту імя А.Сахарава «За Cвабоду Думкі» Аляксандар Мілінкевіч.

Як паведамляецца на сайце ўнівэрсытэту, яго дзейнасьць «скіраваная на фармаваньне кваліфікаваных кадраў для будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы, якое абапіраецца на патэнцыял унівэрсытэтаў Польшчы, Эстоніі і другіх краінаў ЭЗ з улікам досьведу рэформаў у краінах Цэнтральнай Эўропы і з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгіяў навучаньня».

Заняткі ў ВБУ адбываюцца анлайн. З часам плянуюць увесьці і зьмешаны фармат навучаньня — дыстанцыйнае выкладаньне плюс сэсіі і стажыроўкі ў Эўразьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG