Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыні райвыканкамаў будуць узгадняць кіраўнікоў арганізацый усіх формаў уласнасьці


Ілюстрацыйнае фота. Воранаўскі райвыканкам
Ілюстрацыйнае фота. Воранаўскі райвыканкам

Старшыні райвыканкамаў будуць узгадняць кіраўнікоў арганізацый усіх формаў уласнасьці, а таксама мясцовых тэрытарыяльных органаў. Гэта прадугледжана праектам указу, які плянуюць прыняць да 1 сакавіка, заявіў журналістам кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты.

Дакумэнт абмяркоўвалі 6 лютага на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, па выніках якой пашырыць паўнамоцтвы мясцовых уладаў вырашылі праз адпаведны ўказ, а ня зьмены ў законе, як прапаноўвалі раней на пасяджэньні Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу ў лістападзе 2024 году, заявіў журналістам кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты па выніках нарады, піша БелТА.

Паводле Крутога, падпісаць яго плянуюць «максымальна хутка» — да 1 сакавіка. «Улічваючы, што на ўзроўні старшыняў раёнаў зьявяцца новыя паўнамоцтвы і новыя магчымасьці па прыцягненьні абсалютна ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, нашага насельніцтва, грамадзян да гэтага працэсу, зразумела, нарматыўна трэба аформіць усё гэта значна хутчэй», — заявіў Круты і падрабязна расказаў пра будучыя навацыі.

«Старшыня райвыканкаму будзе ўзгадняць кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў усіх міністэрстваў і ведамстваў (акрамя КДБ), кіраўнікоў ключавых арганізацый раёну ўсіх формаў уласнасьці паводле пераліку, які зацьвердзіць сам выканкам», — заявіў Круты.

Ён удакладніў, што ў такіх пераліках ня будзе «драбязы» накшталт кіраўніцтва цырульні або невялікай аптэкі. «Гэта пералік кампаній, арганізацый, якія ёсьць у раёне і якія сапраўды ўплываюць з пункту гледжаньня бюджэтных даходаў, інвэстыцыйнай актыўнасьці і занятасьці насельніцтва. Ключавыя сапраўды субʼекты (іх кіраўнікі. — РС) будуць узгадняцца з кіраўніком райвыканкаму», — растлумачыў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.

Што да працы з прыватным сэктарам, паводле Крутога, і старшыні райвыканкамаў ужо «даволі нядрэнна ўзаемадзейнічаюць зь яго прадстаўнікамі», але стаіць пытаньне ўдзелу арганізацый прыватнага сэктару ў мерапрыемствах па добраўпарадкаваньні. Пад гэтае азначэньне, паводле Крутога, «падпадае шмат кірункаў, якія ў тым ліку прадугледжваюць фінансаваёмістыя выдаткі». Паводле Крутога, арганізацыям, якія будуць траціць рэсурсы на абʼекты добраўпарадкаваньня, абяцаюць «падатковыя паслабленьні», але «без магчымасьцяў адыходу ў нейкія шэрыя схемы пад выглядам добраўпарадкаваньня».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG