«У выніку несанкцыянаванага ўваходу сёньня раніцай быў атрыманы доступ да чату з ботам Гаюна, куды зьбіралася інфармацыя ад людзей.
Мы ня ведаем, які аб’ём дадзеных мог быць выгружаны за той час, пакуль у староньняга акаўнту быў доступ», — напісаў блогер Антон Матолька.
Ён адзначыў, што ў гэтай сытуацыі «спрацавала чалавечая памылка», і гэтая памылка была ягоная.
«Калі вы слалі інфармацыю, якая можа вас ідэнтыфікаваць, ці пісалі з акаўнтаў, якія могуць вас ідэнтыфікаваць, вы пад пагрозай.
Таксама настойліва рэкамэндую ўсім, хто карыстаецца акаўнтам у тэлеграме працяглы пэрыяд, выдаліць яго і стварыць новы, і рэкамэндуецца так рабіць хаця б раз на год», — паведаміў Матолька.
Ён падкрэсьліў, што зараз крытычныя ўразьлівасьці выпраўленыя.
«Але я разумею, што, на жаль, мы не змаглі цалкам абараніць людзей», — адзначыў Антон Матолька.
Блогер удакладніў сярод інашага таксама, што ўваход у чат з ботам адбыўся па старой спасылцы, створанай 2 сакавіка 2022 году. У гэты момант у наладах чату не была ўключаная функцыя «схаваць паведамленьні для новых карыстальнікаў».
Набліжаныя да сілавікоў тэлеграм-каналы распаўсюдзілі інфармацыю аб узломе, выставіўшы скрыншоты перапіскі Матолькі зь нейкім чалавекам, яны пагражаюць тым, хто дасылаў паведамленьні праз бот. Блогер сьцьвярджае, што гэты чалавек «ня меў ніякіх доступаў са студзеня 2023 года».
- «Беларускі Гаюн» — гэта незалежны маніторынгавы праект, які адсочвае вайсковую актыўнасьць на тэрыторыі Беларусі.
- Ён атрымаў вядомасьць дзякуючы апэратыўным і дакладным зьвесткам аб перамяшчэньні расейскіх і беларускіх войскаў.
- Адной з ключавых асаблівасьцяў праекту зьяўляецца актыўны ўдзел грамадзян унутры Беларусі. Беларусы, знаходзячыся ў розных частках краіны, перадавалі інфармацыю аб вайсковай тэхніцы, авіяпералётах, чыгуначных перавозках і іншых перамяшчэньнях арміі. Гэта дазваляла праекту хутка зьбіраць і аналізаваць дадзеныя, робячы іх даступнымі для грамадзкасьці, журналістаў і аналітыкаў.
- Раней беларускія ўлады прызналі тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» экстрэмісцкім фармаваньнем. На гэты момант у канале каля 345 тысяч падпісантаў.
Форум