4500 судоў «за пратэсты»
Летам і ўвосень 2020 году дзясяткі тысяч беларусаў выходзілі на нядзельныя маршы, жаночыя акцыі, маршы пэнсіянэраў. Пратэсты ўрэшце былі жорстка задушаныя. Шмат людзей затрымалі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (КК) — «арганізацыя або актыўны ўдзел у масавых беспарадках». Такіх было мноства, таму артыкул 342 назвалі «народным».
Часьцяком людзям інкрымінавалі яшчэ іншыя артыкулы КК: 130 («распальваньне варожасьці»), 361 («спрыяньне, фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), 368 і 369 («зьнявага прэзыдэнта і службовых асобаў»).
Лукашэнка ў кастрычніку 2020 году, крыху ачуняўшы пасьля разгубленасьці ад нечаканых масавых пратэстаў, прыгразіў: «Мы ў спакойным рэжыме знойдзем кожнага. Сучасныя сродкі даюць магчымасць гэта рабіць, што мы, дарэчы, і робім. І кожны адкажа за свае дзеяньні. Я тут не пагражаю. Мы ў гэтым кірунку працуем».
Многія ўдзельнікі пратэстаў ня сталі чакаць візыту сілавікоў і выехалі з краіны. Хтосьці «залёг на дно» ў Беларусі.
Дакладную колькасьць палітычна матываваных справаў падлічыць цяжка. Афіцыйнай судовай статыстыкі няма. Даўно ўжо перасталі публікаваць расклады судовых паседжаньняў зь пералікам артыкулаў. Самі падазраваныя ў справах і іхныя сваякі часьцяком ня хочуць агалошваць інфармацыю і паведамляць праваабаронцам аб рэпрэсіях.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за 2020–2024 гады толькі паводле 342-га артыкулу асуджаныя прынамсі 4500 чалавек.
«„Палітычных“ у турмах нашмат больш»
Адзіная афіцыйная крыніца, якая дае інфармацыю аб магчымым аб’ёме рэпрэсій, — гэта «Пералік грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», апублікаваны на афіцыйным сайце МУС.
Аднак былыя палітычныя зьняволеныя, якія выходзяць зь беларускіх вязьніцаў або цалкам адбыўшы тэрмін, або па памілаваньні, сьцьвярджаюць, што за кратамі значна больш асуджаных «палітычных». Ганна (не падаем поўнага імя дзеля бясьпекі гераіні. — РС), якая вызвалілася па памілаваньні ўвосень 2024 году, у размове з Свабодай кажа, што многія «сядзельцы з палітычных матываў» не паведамляюць пра гэта праваабаронцам, каб не нашкодзіць родным у Беларусі.
«У гомельскай калёніі ёсьць шмат жанчын, якія не афішуюць, што трапілі туды з палітычных матываў. Мабыць, думаюць, што так бясьпечней. Але калі ім вешаюць жоўтыя біркі „экстрэмістаў“, астатнім „палітычным“ ясна: „наш чалавек“. Я не зусім разумею, чаму людзі прыхоўваюць свае палітычныя артыкулы. Насамрэч „палітычных“ у турмах нашмат больш, чым лічаць праваабаронцы. Як я адчуваю, іх ледзьве не траціна, у крайнім выпадку чвэрць», — кажа Ганна.
Шмат хто з асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, выйшаўшы па адбыцьці тэрміну ці памілаваньні, доўга ў Беларусі не затрымліваюцца. Ім ствараюць невыносныя ўмовы з праверкамі, адзначэньнямі ў міліцыі, прафіляктычнымі гутаркамі — і людзі зьяжджаюць, як тая ж Ганна.
Хованкі з «правасудзьдзем»
Аднак сярод тых, хто выехаў за мяжу ў 2020–21 гады, многія хочуць вярнуцца і чакаюць сканчэньня тэрміну даўніны пакараньня паводле «пратэставых» артыкулаў.
ІТ-спэцыяліст Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) летам і увосень 2020 году актыўна ўдзельнічаў у пратэстах: выходзіў зь сябрамі амаль на ўсе нядзельныя маршы. Ня раз мусіў уцякаць ад сілавікоў, але затрыманьняў удалося ўнікнуць. Летам 2021 году рэлякаваўся як працаўнік у Польшчу, забраў жонку і сына. Празь месяц даведаўся, што затрымалі дваіх ягоных сяброў — выставілі абвінавачаньні паводле фота і відэа за «ўдзел у масавых беспарадках». Пыталіся і пра Андрэя, сілавікі прыходзілі да ягоных бацькоў. Сказалі, што на яго таксама заведзеная справа паводле 342-га артыкулу. Сяброў асудзілі — адзін ужо выйшаў з калёніі, цалкам адбыўшы тэрмін. У Беларусь Андрэй увесь гэты час ня езьдзіў. Чакаў, пакуль міне 5-гадовы тэрмін даўніны.
«Я нармальна ўладкаваўся ў Польшчы, але ўсё адно мая сям’я хоча вярнуцца ў Беларусь. Па-першае, і ў мяне, і ў жонкі пажылыя бацькі. Па-другое, мы літаральна ў 2020-м усяліліся ў новую кватэру, за якую выплачваем крэдыт. Прадаць яе немагчыма, а ўкладзеныя шалёныя грошы», — кажа суразмоўца.
Ён пералічвае і іншыя аргумэнты на карысьць Беларусі: бацькоўскае лецішча ў шыкоўным месцы; праца дыстанцыйная і яму ўсё адно, дзе знаходзіцца — на Балі, у Польшчы ці ў Беларусі; сын вельмі хоча да бабуляў-дзядуляў… Таму сям’я спадзявалася, што як толькі праміне 5 гадоў, яны вернуцца.
«Але калі я ўважліва стаў сачыць за сытуацыяй у Беларусі — аптымізму паменела. Затрымліваюць яшчэ больш, чым выпускаюць і мілуюць. Параіўся зь юрыстам. Ён кажа: „А дзе гарантыя, што нават калі і скончыцца тэрмін даўніны, справу не перакваліфікуюць на іншы, да прыкладу, больш жорсткі 293 артыкул? Да таго ж могуць палічыць, што ты хаваўся ад правасудзьдзя і распачаць спэцыяльнае (завочнае. — РС) вядзеньне“. Таму зараз мы ў роспачы», — прызнаецца Андрэй.
«Мне за мяжой „лавіць“ няма чаго»
Аліна, якая таксама актыўна хадзіла на маршы, мяркуе, што сілавікі проста далі ёй магчымасьць уцячы, намякнулі на неабходнасьць «зваліць» з краіны. Зьехала спачатку ва Ўкраіну, а калі пачалася вайна — у Польшчу. Да жыцьця ў новай краіне прызвычаіцца ня можа дагэтуль. Працуе ў Лодзі не юрыстам — паводле спэцыяльнасьці, а на складзе, у дзьве зьмены. Спрабавала ўладкавацца пакаёўкай у гатэль, але мае алергію на мыйныя сродкі, таму зноў вярнулася на склад. Здымае пакой у кватэры з чужымі людзьмі. Зь цяжкасьцю сточвае канцы з канцамі.
«Мне за мяжой „лавіць“ няма чаго, хачу вярнуцца дадому. Сяброў амаль няма, шанцаў уладкаваць асабістае жыцьцё таксама мала. За 4 гады маёй адсутнасьці ў Беларусі памерлі бабуля і тата. Засталася адна маці, якая хварэе.
Я ня ведаю дакладна, ці заведзеная на мяне крымінальная справа. Была думка зьвярнуцца ў „камісію па вяртаньні“, але сябры „ацьверазілі“ — расказалі, як завабліваюць у Беларусь людзей, а потым усё адно затрымліваюць. Таму вырашыла дачакацца, калі скончыцца тэрмін даўніны. Але, адсочваючы цяперашнюю сытуацыю, я ў шоку. Слаба верыцца, што не прыдумаюць нечага новага, каб трымаць людзей у страху», — не хавае эмоцыяў Аліна.
«Людзі, ніякія рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся!»
Ягор (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) вымушаны быў пакінуць Беларусь яшчэ ў пачатку кастрычніка 2020 году. Зьязджаць не хацеў — але пасьля жорсткага «наезду» ГУБАЗіКу сябры параілі хуценька гэта зрабіць. Бацькі хлопца падтрымалі, а вось баба зь дзедам не зразумелі — навошта? Ён зарыентаваўся вельмі хутка, працу знайшоў у ІТ-кампаніі. Пра вяртаньне ня думае.
«Людзі, пачытайце тэлеграм-каналы, незалежныя СМІ — ніякія рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся! Вызвалілі 14 альбо 18 — а „закрылі“ значна больш. Здыміце ружовыя акуляры! Які тэрмін даўніны? Якія законы ў краіне, у якой „не да законаў“ — як прызналіся і Лукашэнка, і генэральны пракурор?
Ды намалююць вам новы артыкул, падпішуць на экстрэмісцкія каналы, знойдуць данат альбо лайк, знойдуць, за што „закрыць“ вас! Нядаўна выклікалі ў КДБ майго сябра за данат у 10 даляраў, прапанавалі сплаціць у нейкі фонд 1000. А потым паказалі фотачкі з маршаў. Выратавала тое, што стаяць хлопцы на газоне, а не на праезнай частцы. Зараз сядзіць як мыш пад венікам, чакае наступнага запрашэньня ці візыту сілавікоў. Прыгразілі ж некалі, што дойдуць да кожнага!» — выказвае сваю думку суразмоўца.
+857 «экстрэмістаў» за шэсьць месяцаў
Сьпіс «экстрэмістаў» на афіцыйным сайце МУС папаўняецца штотыдзень. Толькі за першую палову 2025 году ў гэтым пераліку зьявілася 857 новых прозьвішчаў. Ільвіная доля — людзі, асуджаныя паводле 342-га артыкулу КК. Узроставы дыяпазон самы розны, у пераліку і пэнсіянэрка 1951 году нараджэньня, і маладыя людзі, якія нарадзіліся ў 2003 годзе.
На момант «зьдзяйсьненьня злачынства» пэнсіянэрцы было 68 гадоў, а самым маладым — Ксеніі Кісьлюк, Дзіяне Дземідзюк (пад нумарамі 5442 і 5443 у сьпісе) — па 17.
30 траўня ў закрытым рэжыме адбыўся працэс над 78-гадовай актывісткай Нінай Багінскай. Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342-2 КК («неаднаразовае парушэньне закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў»). Багінскай у выніку прызначылі «прафіляктычнае назіраньне».
Удзельнікаў пратэстаў актыўна выяўляюць дагэтуль. Як пішуць праваабаронцы з «Гомельскай вясны», анкахворую Ірыну Левіну, якая зараз праходзіць хіміятэрапію, сілавікі ў поўнай выкладцы затрымалі проста на выхадзе з анкадыспансэру і зьмясьцілі ў СІЗА.
Тэрмін даўніны
Ці ёсьць гарантыя, што людзі, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў 2020-м, штосьці ўпадабалі ці пакінулі камэнтары, могуць хутка «выдыхнуць», бо сканчаецца тэрмін даўніны і да іх ужо прэтэнзіяў ня будзе? Паводле артыкулу 83 Крымінальнага кодэксу Беларусі, тэрмін даўніны залежыць ад катэгорыі «злачынства». Тыя, што падпадаюць пад частку 1 артыкулу 342, звычайна кваліфікуюцца як злачынствы невялікай або сярэдняй цяжкасці. Для злачынства сярэдняй цяжкасці тэрмін даўнасці складае 5 гадоў і адлічваецца менавіта з моманту яго ўчыненьня, тлумачыць юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill, якая пагадзілася пагутарыць з Свабодай на ўмовах ананімнасьці.
«Тэрмін даўніны для кожнага з гэтых артыкулаў розны. Напрыклад, для „народнага“ артыкулу 342 гэта сапраўды 5 гадоў ад моманту ўчыненьня. Асноўныя мірныя мітынгі й маршы пачаліся ў жніўні і працягваліся да лістапада 2020 году, значыць, тэрмін даўніны скончыцца ў жніўні–лістападзе 2025 году.
Для артыкулу 130 КК („распальваньне варожасьці“) 5-гадовы тэрмін даўніны толькі паводле яго першай часткі. І зноў падкрэсьлю, што ён пачынае адлічвацца ад дня ўчыненьня. У нашым выпадку — ад дня апублікавання нэгатыўнага камэнтара, допісу, артыкула і нават падабайкі. Падобнае людзі робяць і зараз, таму і тэрмін, відавочна, сёлета ня скончыцца», — зьвяртае ўвагу юрыстка.
А вось для частак 2 і 3 артыкулу 130 («распальваньне варожасьці») — тэрмін даўніны значна даўжэйшы. Але там іншыя прыкметы, усё ж большую частку каралі паводле часткі 1 артыкулу 130, — удакладняе яна.
«Артыкул 361 КК („заклікі да санкцыяў“, „удзел у экстрэмісцкім фармаваньні“) таксама мае розныя часткі, і толькі для першай частцы тэрмін даўніны прыцягненьня да адказнасьці 5 гадоў. І зноў неабходна падкрэсліць, што з дня „ўчыненьня“.
Таксама хачу зьвярнуць увагу, што ўчынкі могуць кваліфікаваць паводле іншых артыкулаў КК. Напрыклад, удзел у маршах — паводле артыкулу 289 („масавыя беспарадкі“). Мы ж памятаем, што спачатку людзей прыцягвалі да адказнасьці за ўдзел у маршах паводле адміністрацыйнага артыкулу, а потым, калі прайшло 2 месяцы (такі тэрмін даўніны ў адміністрацыйным працэсе), сталі прыцягваць да крымінальнай адказнасьці.
Таму вельмі хацелася б верыць у спыненьне перасьледу людзей за ўдзел у маршах, але асабіста ў мяне надзеі на гэта няма», — шчыра прызнаецца юрыстка.
Што да магчымасьці бясьпечна вярнуцца ў Беларусь тым удзельнікам пратэстаў, хто зараз за мяжой, кожны выпадак трэба разглядаць асобна, раіць юрыстка. Калі ўдзельнічалі ў акцыі, напрыклад, у жніўні 2020 году, і з таго часу не было выстаўлена абвінавачаньня, не было суду, то тэрмін даўніны можа закончыцца ў жніўні 2025 году.
«Калі не абвяшчалі вышук чалавека і не палічылі, што ён уцёк ад сьледзтва, то дзейнічаюць звычайныя тэрміны даўніны. Калі ж сьледзтва палічыла, што чалавек схаваўся, і абвясьціла яго вышук, то тэрміны даўніны іншыя –15 гадоў ад дня ўчыненьня правапарушэньня. Ну і трэба памятаць пра магчымасць спэцыяльнага вядзеньня крымінальнай справы. Не падобна на тое, што ўлады хочуць спыніцца. У гэтым праўным дэфолце што заўгодна могуць прыдумаць — і прыцягнуць да адказнасьці», — мяркуе суразмоўца.
Форум