Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп абяцае адправіць сыстэмы Patriot у Кіеў праз краіны Эўразьвязу, а сьвет чакае «важнай заявы» пра вайну


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп увечары 13 ліпеня заявіў, што адправіць ва Ўкраіну дадатковыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны Patriot — хутчэй за ўсё, праз краіны Эўрапейскага Зьвязу. 14 ліпеня чакаецца ягоная «важная заява» наконт зацяжной вайны Расеі супраць Украіны.

«Мы адправім ім Patriot, у якіх яны маюць адчайную патрэбу, бо [прэзыдэнт Расеі Ўладзімір] Пуцін сапраўды зьдзівіў шмат каго, — сказаў Трамп на вайсковай базе пад Вашынгтонам. — Ён добра гаворыць, а потым бамбіць усіх вечарам... Мне гэта не падабаецца».

«Эўрапейскі Зьвяз плаціць за гэта. Мы нічога за гэта ня плацім, але мы гэта пашлем», — сказаў Трамп, не назваўшы краіны ЭЗ, якія будуць удзельнічаць у такой угодзе.

«Мы фактычна зьбіраемся адправіць ім розныя адзінкі вельмі складанай вайсковай тэхнікі. Яны зьбіраюцца плаціць нам за гэта 100 працэнтаў, як мы таго і хочам», — заявіў Трамп.

2 ліпеня Вашынгтон абвясьціў аб спыненьні некаторых паставак узбраеньняў Кіеву. Аднак з таго часу Трамп выказвае ўсё большае расчараваньне адмовай Пуціна пагадзіцца на спыненьне агню. 10 ліпеня ён заявіў, што Злучаныя Штаты адправяць дадатковую зброю ва Ўкраіну праз краіны NATO або іншых эўрапейскіх хаўрусьнікаў.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц у размове з Трампам 4 ліпеня абмяркоўваў куплю сыстэм Patriot у Вашынгтону з наступнай перадачай іх Кіеву. 14 ліпеня ў Вашынгтоне чакаюцца перамовы міністра абароны Нямеччыны.

Злучаныя Штаты паставілі Ўкраіне тры ракетныя батарэі Patriot, калі прэзыдэнтам быў Джо Байдэн. Patriot — адна з самых сучасных сыстэмаў супрацьпаветранай абароны ў сьвеце, здольная перахопліваць балістычныя і крылатыя ракеты, а таксама баявыя самалёты.

14 ліпеня таксама чакаецца важная заява Трампа (хоць афіцыйны час або месца не пацьверджаныя). Яна прагучыць падчас адноснага зацішша ў расейскіх атаках на Ўкраіну пасьля рэкорднага ўзроўню паветраных нападаў у папярэднія тыдні.

Выданьне Axios з спасылкай на дзьве крыніцы, знаёмыя з плянам, паведаміла ўвечары 13 ліпеня, што Трамп абʼявіць пра сурʼёзны зрух сваёй стратэгіі адносна вайны ў больш «агрэсіўны» бок зь перадачай наступальных узбраеньняў Ўкраіне. Белы дом пакуль не камэнтаваў гэтую інфармацыю.

На раніцу 14 ліпеня таксама прызначана сустрэча з Трампам кіраўніка NATO Марка Рутэ.

У гэты ж дзень ва Ўкраіну прыедзе спэцыяльны пасланьнік Трампа Кіт Келаг. Міністэрства замежных справаў Украіны пацьвердзіла візыт Келога, але не раскрыла падрабязнасьцяў.

Адзін з найбуйнейшых саюзьнікаў Трампа сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў на тэлеканале CBS, што «ў найбліжэйшыя дні вы пабачыце, як зброя паступае рэкорднымі тэмпамі, каб дапамагчы Ўкраіне абараніцца».

«Адзін з найбольшых пралікаў Пуціна — гуляць з Трампам. І вы проста назірайце: у найбліжэйшыя дні і тыдні будуць моцныя намаганьні пасадзіць Пуціна за стол перамоваў. Гэта сапраўды кувалда, даступная прэзыдэнту Трампу, каб скончыць гэтую вайну», — сказаў Грэм.

Дэмакратычны сэнатар Рычард Блюмэнталь, які быў з Грэмам на CBS, сказаў, што ў Кангрэсе ўмацоўваецца дзьвюхпартыйны кансэнсус наконт выкарыстаньня часткі з 300 мільярдаў даляраў расейскіх актываў, замарожаных краінамі G7 у пачатку вайны, для дапамогі Кіеву. «Час гэта зрабіць», — сказаў Блюмэнталь.

12 ліпеня Расея нанесла шматлікія ўдары па ўкраінскіх гарадах, забіўшы прынамсі дзевяць чалавек і дзясяткі параніўшы. Ад пачатку году Расея пастаянна павялічвае колькасьць абстрэлаў, у тым ліку Кіева. Таксама яна, хоць і з стратамі, прасоўваецца на фронце.

«Тэмп расейскіх паветраных удараў патрабуе хуткіх рашэньняў, і яго можна стрымаць санкцыямі», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Telegram 12 ліпеня.

Паводле паведамленьняў Украінскай службы Радыё Свабода, Reuters і Associated Press.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG