Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску экс-палітвязьням ставяць забароны на выезд зь Беларусі. Праваабаронцы параілі, што рабіць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску былым палітвязьням пасьля вызваленьня крымінальна-выканаўчыя інспэкцыі ставяць забароны на выезд зь Беларусі, паведамляе «Вясна» са спасылкай на крыніцы. Праваабаронцы расказваюць, ці законна гэта і што рабіць у такіх сытуацыях.

Як паведамілі праваабарончаму цэнтру «Вясна», у Менску былым палітзьняволеным пасьля вызваленьня крымінальна-выканаўчыя інспэкцыі ставяць забароны на выезд з краіны.

Як адзначаюць юрысты «Вясны», падставы для абмежаваньня права на выезд у беларускім заканадаўстве прадугледжаныя розныя — не заўсёды гэтае рашэньне прымае суд. Выпадкі, калі рашэньне прымае суд: калі абмежаваньне ўводзяць разам з рашэньнем аб прафіляктычным наглядзе, у межах прымусовага спагнаньня, у мэтах забесьпячэньня грамадзянскага пазову і г.д.

Пасьля вызваленьня на тэрмін прафіляктычнага ўліку — судзімасьці — выезд зь Беларусі чалавеку можа часова абмежаваць орган дзяржаўнай бясьпекі. Таксама ў абыход суда прымаць такія рашэньні на больш доўгі тэрмін можа КДБ «у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі».

У такіх выпадках рашэньне дзяржаўнага органа можна абскардзіць у вышэйшым органе, а потым — у судзе, адзначаюць праваабаронцы і прыводзяць у прыклад справу былой палітзьняволенай у «справе студэнтаў» Асі Булыбенкі, якой пасьля вызваленьня з калёніі забаранілі выезд зь Беларусі:

«Ася абскарджвала рашэньне РУУС у вышэйшы орган — ГУУС, а потым рашэньне РУУС і адказ ГУУС — у суд. Пакуль суд разглядаў справу, РУУС само зьняло абмежаваньне. То бок часам можа спрацаваць ня столькі прававы мэханізм, колькі прыцягненьне ўвагі».

Як адзначаюць юрысты, праблема такіх несудовых рашэньняў у Беларусі ў тым, што звычайна чалавек, на якога наклалі такое абмежаваньне, можа ня ведаць пра гэта, а таксама ня мець магчымасьці азнаёміцца з матывацыяй такога рашэньня, а значыць і эфэктыўна абскардзіць яго.

  • Праваабарончаму цэнтру «Вясна» на канец 2024 году было вядома пра 6 550 асуджаных да розных відаў пакараньня паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў, 1 380 зь іх — жанчыны. Толькі летась былі асуджаныя 1 721 чалавек, зь іх 480 жанчын.
  • Па стане на 4 лютага, у Беларусі сама меней 1234 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю, рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай. Агулам зь лета 2020 па канец 2024 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 3697 чалавек (зь іх 680 жанчын), але многія зь іх ужо выйшлі на волю пасьля адбыцьця пакараньня, замены пакараньня на больш мяккае, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, або па памілаваньні.
  • У 2024 годзе па памілаваньні вызвалілі 207 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG