Дата дня
5 лютага 1923 году ў Віцебску нарадзіўся Леанід Шчамялёў — беларускі жывапісец, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў, ляўрэат дзяржаўнай прэміі БССР (1982).
Працы Леаніда Шчамялёва, колькасьць якіх вылічваецца тысячамі, адзначаюцца экспрэсіўнасьцю і плястычнай манерай выкананьня. Сярод пэрсанажаў яго карцін — беларускія вяскоўцы, гараджане, сучасьнікі самога майстра. Але ня толькі, у творчым даробку багата нацыянальных дзеячаў розных гістарычных эпохаў: Францішак Скарына, Міхал Клеафас Агінскі, Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, Яўген Кулік, Уладзімер Мулявін; працы, прысьвечаныя падзеям пад бел-чырвона-белым сьцягам: «Вялікі Князь», «Парад войскаў ВКЛ у Вільні», «Герой паўстаньня 1734 году Юзаф Сасноўскі» ды іншыя.
Творы Шчамялёва захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва і мастацкага цэнтра «Жыльбел» у Менску, фондах Саюза мастакоў Беларусі і Міністэрства культуры Расеі, Трацьцякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музэях Беларусі і інш.
У 1993 годзе ён быў узнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны, у 2001 годзе — ордэнам Скарыны. Ганаровы грамадзянін Менску (2003). Памёр у 2021 годзе.
Дзень у гісторыі
1852 — у Санкт-Пецярбургу для шырокай публікі адкрылі Эрмітаж.
1917 — у выніку мэксыканскай рэвалюцыі прынялі Канстытуцыю Злучаных Штатаў Мэксыкі.
1940 — пачалася дэпартацыя некаторых катэгорый насельніцтва з Заходняй Беларусі ва ўнутраныя раёны СССР.
1958 — Гамаль Абдэль Насэр вылучыўся на пасаду прэзыдэнта Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі (аб’яднаная дзяржава Сырыі і Эгіпту, праіснавала зь лютага 1958 па верасень 1961 году).
1979 — Аятала Рухала Мусаві Хамэйні абвясьціў Іран ісламскаю дзяржаваю.
2001 — на станцыі мэтро «Беларуская кальцавая» ў Маскве ўзарвалася выбуховае прыстасаваньне.
У гэты дзень нарадзіліся
1916 — Валянтына Пашкевіч, мовазнаўца, складальніца Ангельска-беларускага слоўніка.
1930 — Расьціслаў Янкоўскі, беларускі актор.
1939 — Анатоль Стрэляны, украінскі пісьменьнік, сцэнарыст і празаік, публіцыст, журналіст, шматгадовы камэнтатар расейскай службы Радыё Свабода. Жыве ў Сумскай вобласьці Ўкраіны, ад пачатку ўварваньня Расеі публікуе нататкі ваеннага часу.
1964 — Уладзімір Ляхоўскі, беларускі гісторык, дасьледчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Дасьледаваў палітычную гісторыю БНР; вайсковую гісторыю, у тым ліку Слуцкі збройны чын; пачаткі нацыянальнай адукацыі па-беларуску; беларускі моладзевы рух міжваеннае пары па абодва бакі мяжы БССР і Заходняй Беларусі.
У памяці
1637 — памёр Язэп Руцкі, беларускі пісьменьнік, уніяцкі царкоўны дзяяч.
1939 — у ГУЛАГу загінуў гісторык Павал Горын, прэзыдэнт Акадэміі навук у 1931–1936 гг.
1999 — Васілій Лявонцьеў, амэрыканскі эканаміст расейскага паходжаньня, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы.
2001 — у амэрыканскім горадзе Гленкоў памёр Масей Сяднёў, беларускі празаік і паэт.
2020 — Барыс Луцэнка, тэатральны і кінарэжысэр, народны артыст Беларусі.
2022 — Эрнст Сабіла, пратэстанцкі пастар, вязень савецкіх лягераў.