У Менску за ўдзел у пратэстах 2020 году судзяць цэлую сям’ю: маці, бацьку і сына
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў ды ініцыятывы BelPol, фігурантамі справы, заведзенай паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), сталі 47-гадовы Мікалай Ляпешка, ягоная 46-гадовая жонка Алена і іхны 24-гадовы сын Мікіта.
Працэс над імі адбываецца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.
Стала вядома пра суд і шпіталізацыю відэаапэратара Толчына, які выйшаў па памілаваньні
Відэаапэратар з Гомля Андрэй Толчын у сакавіку 2024 году быў асуджаны на 2,5 года зьняволеньня, у верасьні ён выйшаў на волю праз памілаваньне. Але праз паўтара месяца журналіста зноў затрымалі.
Як стала вядома «БАЖ», другое затрыманьне Толчына адбылося 31 кастрычніка 2024 году. У яго дома сілавікі ўчынілі ператрус. Што стала прычынай перасьледу і дзе сёньня ўтрымліваюць журналіста, невядома.
Пятага сьнежня 2024 году ягонае імя фігуравала ў раскладзе суду Савецкага раёну Гомля. У той дзень Толчына было заплянавана судзіць паводле адміністрацыйнага абвінавачаньня за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу, распачатую паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, разьбіраў судзьдзя Анатоль Мохараў.
Трэцяга лютага праваабаронцам стаў вядомы далейшы лёс журналіста. Цяпер былы журналіст і палітвязень Андрэй Толчын на волі. Але пасьля таго, як ён трапіў у ІЧУ, на волю ён выходзіў не з ІЧУ, а зь лякарні.
Што зь ім здарылася ў ізалятары, ад чаго яго давялося шпіталізаваць, пакуль не вядома. Як і невядомы цяперашні стан здароўя Толчына. Крыніца праваабаронцаў у Гомлі паведаміла, што Андрэя Толчына прымусілі штодня хадзіць у РАУС ды адзначацца.
Выкладчыцу ангельскай мовы судзяць за «распальваньне варожасьці» і «заклікі да нанясеньня шкоды Беларусі»
Алену Бадзяку пачалі судзіць 31 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе, піша «Наша Ніва». Выкладчыцу вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў — «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «заклікі да нанясеньня шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў калёніі.
Алене Бадзяцы 29 гадоў, яна з Глыбокага. У 2019 годзе скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Пасьля працавала настаўніцай ангельскай у розных прыватных школах — Step by step, Kidslab і іншых.
Судзіць яе судзьдзя Вера Галаўкова.
Былому вайскоўцу Дзьмітрыю Пазьнякову зьбіраюцца ўзмацніць пакараньне
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 14 лютага ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Дзьмітрыю Пазьнякову рэжыму пакараньня на турэмны. Справу будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Хрыпач.
Дзьмітрый Пазьнякоў — ураджэнец Узбэкістану. Служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, потым працаваў намесьнікам камэнданта ў Берасьцейскай вайсковай камэндатуры, выкладаў на вайсковым факультэце БДУ.
Яго затрымалі 9 жніўня 2023 году. Як сьцьвярджаюць беларускія прапагандысты, Пазьнякоў нібыта быў завэрбаваны польскімі спэцслужбамі.
У лістападзе 2023 году палітвязьня асудзілі за «здраду дзяржаве» на 19 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў наваполацкую калёнію № 1.
Паводле зьвестак «Вясны», у калёніі палітвязьня катавалі з ужываньнем электрашокера, прымушалі падпісваць дакумэнты і пустыя аркушы. Акрамя гэтага, яго неаднойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).
Дома Дзьмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.
Cупрацоўніцу «Пэленга» судзяць за «заклікі да нанясеньня шкоды Беларусі»
Суд над дзяўчынай пачаўся 3 лютага ў Менскім гарадзкім судзе. Карыну Праташчык абвінавачваюць у «закліках да дзеяньняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу разглядае Любоў Сімахіна, паведамляе «Вясна».
Карыне Праташчык 29 гадоў. Яна родам зь Менску. Мяркуючы па сацсетках, у дзяўчыны ёсьць муж і непаўналетняе дзіця, піша «Наша Ніва».
Паводле зьвестак «Белпола», з 2017 году Праташчык працавала на «Пэленгу». Апошнім часам — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касьмічнай вытворчасьці. Яна правярала якасьць аптычных вырабаў.
Прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» краўдфандынгавую плятформу Gronka
Адпаведнае рашэньне прыняў КДБ Беларусі 27 студзеня. Датычнымі да праекту лічаць Паўла Лібера і Крысьціну Дробыш.
Плятформа Gronka запрацавала ў ліпені 2024 году. Зь яе дапамогай беларусы маглі падтрымліваць розныя праекты: напрыклад, падкаст «Праз космас», зборнік апавяданьняў Аляксандра Чарнухі «Гвалт», кнігу беларускіх калыханак, аўдыёкнігу «Зэкамерон» Максіма Знака.
За «здраду дзяржаве» будуць судзіць мытніка
У Менскім гарадзкім судзе 14 лютага за «здраду дзяржаве» пачнуць судзіць 29-гадовага мытніка Віктара Вараб’ёва, паведамляе «Вясна». Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам судзьдзі Сяргея Хрыпача.
Мужчыну абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу),
- «перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (ч. 1 арт. 426),
- «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4),
- «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1),
- «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342).
Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
На старонцы LinkedIn пазначана, што з 2018 году Віктар працаваў старшым інжынэрам сувязі на мытні. Верагодна, з гэтым і зьвязаная крымінальная справа супраць мужчыны за «перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».
Як паведамілі «Вясьне» ў BelPol, Віктар Вараб’ёў — ураджэнец Расеі, але мае беларускае грамадзянства. Жыў у Ратамцы. У 2014 годзе яго абвяшчалі зьніклым бязь вестак, у сувязі з чым для яго быў усталяваны кантроль перасячэньня мяжы.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг украінскіх Telegram-каналаў
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі»:
- Telegram-каналы і чаты «✙ Київ Оперативний | Kyiv Operative ✙», «Левый Берег Киев», «Київ ІНФО | Новини Україна», «ХК Київ», «Україна Сейчас | УС: новини, політика, війна»,
- YouTube-канал «Рadzei»,
- старонку ў TikTok «doroga.v.аd»,
- старонкі ў Facebook «Игорь Суглоб» і «Avi Aries»,
- старонку ў Instagram «cyan.waw».
Форум