У Віленскім гарадзкім акруговым судзе працягваюць разглядаць справу супраць пралукашэнкаўскага і прарасейскага блогера Лаўрынаса Рагельскіса. Яго абвінавачваюць у «падбухторваньні» і «апаганьваньні памятнага месца» за апаганьваньне мэмарыялу памяці загінулых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларусаў каля беларускай амбасады ў Вільні, паведамляе LRT.
Падчас судовага паседжаньня 3 лютага Лаўрынас Рагельскіс назваў загінулых у 2020 годзе беларускіх актывістаў «удзельнікамі дзяржаўнага перавароту».
«Законы для іх не пісаныя, а завялыя кветкі — сьмецьце», — заявіў Рагельскіс.
Паведамляецца, што блогер сабраў у мех партрэты беларускіх палітычных актывістаў, разьмешчаныя каля амбасады Беларусі ў Вільні, і выкінуў. У судзе ён заявіў, што нікому не прычыніў шкоды.
Таксама Рагельскіса абвінавачваюць у праявах антысэмітызму, зазначае мэдыя.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, у кастрычніку 2020 году каля амбасады Беларусі ў Літве Рагельскіс здымаў відэа, у якім «насьміхаўся з групы людзей», і выклаў гэтае відэа ў сацыяльную сетку.
У іншым відэа, апублікаваным на ягоным YouTube-канале, літовец абразьліва выказваўся пра ўдзельнікаў пратэстаў супраць беларускіх уладаў, публічна кпіў зь іх і зьневажаў, называючы «белымі гусямі». «Вы тут рэвалюцыянэры-паразыты, а я тут (у Літве. — РС) на сваёй Радзіме, якую падзяляю з маімі рускімі братамі», — заяўляў ён.
Хоць Рагельскіс валодае літоўскай мовай, у судзе ён дае паказаньні па-расейску, таму даводзіцца прыцягваць перакладчыка. Разам з тым са сваім адвакатам ён размаўляе па-літоўску.
Мужчына раней узгадваўся ў публічнай справаздачы Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы аб пагрозах нацыянальнай бясьпецы. Паводле зьвестак літоўскай выведкі, ён «курыруе плятформу для публікацыі антызаходніх і прарасейскіх артыкулаў на літоўскай мове».
Лаўрынас Рагельскіс рэгулярна дае камэнтары беларускім праўладным СМІ, якія прадстаўляюць таго як «экспэрта». Так, пасьля выбараў 2025 году Рагельскіс заявіў, што «ўлада ў Беларусі адстойвае інтарэсы свайго народу», а Беларусь «ідэальна падыходзіць для спакойнага жыцьця, менавіта таму некаторыя літоўцы ўцякаюць у Беларусь ад так званага заходняга шчасьця».
- Мэмарыял памяці беларусаў у Вільні ў 2020 годзе зьявіўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі падчас пратэстаў былі забітыя Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў і іншыя беларусы, што негвалтоўна выступілі супраць улады. Мэмарыял складаецца з фота ўсіх вядомых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне — і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, ваюючы за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі. Побач з фатаздымкамі стаяць зьнічы, якія штовечар запальваюць. Беларусы прыносяць да мэмарыялу кветкі, прыбіраюць, сочаць за станам партрэтаў.
- У кастрычніку 2020 году Лаўрынас Рагельскіс ужо спрабаваў зьнішчыць мэмарыял.
- У жніўні 2023 году невядомыя зноў апаганілі мэмарыял: раскідалі практычна ўсе зьнічы, многія зь іх разьбілі. Неабыякавыя беларусы рэгулярна аднаўляюць мэмарыял.
- 26 траўня 2024 году мэмарыял зноў апаганілі: перакулілі некаторыя партрэты, разьбілі сьвечкі. Паліцыя тады паведаміла, што мэмарыял апаганіў чалавек зь «неадэкватнымі паводзінамі». Паліцыянты яго затрымалі і даставілі ў аддзяленьне.
Форум