Пасьля сустрэчы ў нядзелю зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё Муліна таксама паведаміў пра далейшыя крокі ў галіне супрацоўніцтва ў сфэры іміграцыі, што зьяўляецца важным элемэнтам палітыкі адміністрацыі ЗША. Для Рубіё візыт у Панаму стаў першай замежнай паездкай на пасадзе.
Прэзыдэнт Панамы назваў сваю сустрэчу з Рубіё шчырай і паважлівай. Ён таксама сказаў, што можна перагледзець некаторыя кітайскія праекты ў Панаме, у тым ліку канцэсію партоў.
«Пояс і шлях» — знакавая зьнешнепалітычная ініцыятыва кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна. Гэты глябальны інфраструктурны праект забясьпечыў сотні мільярдаў даляраў кітайскіх інвэстыцый ва ўсім сьвеце.
Рубіё наведаў Панамскі канал 2 лютага, папярэдзіўшы краіну, што Вашынгтон «прыме неабходныя меры», калі Панама не абмяжуе ўдзел Кітаю ў важным водным шляху.
Прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Тэмі Брус заявіла, што Рубіё перадаў пасланьне ад прэзыдэнта Дональда Трампа, у якім адзначалася, што прысутнасьць Кітаю пагражае воднаму шляху і парушае амэрыканска-панамскую дамову.
Муліна сказаў журналістам, што Панама будзе імкнуцца працаваць са Злучанымі Штатамі дзеля новых інвэстыцыяў, уключаючы інфраструктурныя праекты.
Кітай заяўляе, што паважае кантроль Панамы над каналам. «Кітай ніколі ня ўмешваўся (ў працу канала. — РС)», — заявіў прэсавы сакратар МЗС Кітаю Мао Нін у мінулым месяцы. Паводле яго, Пэкін прызнае канал «пастаянна нэўтральным міжнародным водным шляхам».
У сваёй інаўгурацыйнай прамове 20 студзеня Трамп сказаў, што Злучаныя Штаты плянуюць усталяваць кантроль над Панамскім каналам. Паводле слоў Трампа, дамоўленасьці па Панамскім канале «былі цалкам парушаныя», а каналам «кіруе Кітай».
У адказ на гэта прэзыдэнт Муліна тады заявіў, што ніякая дзяржава ня можа ўмешвацца ў кіраваньне Панамскім каналам. Паводле яго, Панама будзе карыстацца міжнародным правам як спосабам рэгуляваньня адносін паміж краінамі, уключаючы ЗША.
Форум