Выданьне Devby паведамляе, што яго чытачы зь Беларусі працягваюць скардзіцца на праблемы з інтэрнэтам (як мабільным, так і хатнім) ад розных правайдэраў, а таксама з VPN-сэрвісамі.
Так, адзін з чытачоў выданьня напісаў аб праблемах з інтэрнэтам у мабільнага правайдэра А1 уначы 29 студзеня, а 2-й гадзіне:
«Мабільны інтэрнэт на А1 лёг. Ня грузіць нават дзяржаўныя парталы кшталту Pravo.by».
Каб пацьвердзіць свае словы, ён прыклаў скрыншоты старонак Instagram, Telegram, YouTube і нават на pravo.by, куды спрабаваў зайсьці — і нічога не працавала.
Суразмоўца адзначыў, што «тое ж самае было зь ім тры дні таму — прыкладна ў 17:30, калі ён ехаў па Заводзкім раёне Менску: „Мабільны інтэрнэт не працаваў на працягу 20 хвілінаў“. Ён правяраў на сайце правайдэра, але „ніякіх навінаў аб правядзеньні якіх-небудзь работ на гэтым участку няма“.
Іншы карыстальнік напісаў, што 29 студзеня „інтэрнэт проста ўзяў і адрубіўся (або адрубілі), але праз хвілін 10 пасьля званка ў „Белтэлекам“ аднавіўся“. 26 студзеня, паводле карыстальніка, у яго не было хатняга інтэрнэту з 0:30 і да 16:00 прыкладна, пры гэтым мабільны працаваў спраўна. Агулам ён дадаў, што на працягу двух апошніх месяцаў „пэрыядычна па выходных ноччу і раніцай у нядзелю злучэньне адсутнічала“.
Яшчэ адзін чытач, які мае хатні інтэрнэт ад А1, расказаў выданьню, што «ўчора ў Discord не працавалі некаторыя эмодзі, і ў кітайскія гача-гульні складана было зайсьці — праз раз зьяўлялася паведамленьне: „Памылка разьмеркаваньня сэрвэра. Праверце сеткавае падлучэньне“».
Іншая чытачка паведаміла аб праблемах з мабільным інтэрнэтам ад А1 раніцай 29 студзеня. Яна прывяла дзіця ў паліклініку і доўга не магла выклікаць таксі дадому: злучэньне адсутнічала. Паводле чытачкі, праблема была ня толькі ў яе:
«Пару мамаў у чарзе пад кабінэтам лекара скардзіліся, што праз адсутнасьць інтэрнэту на тэлефоне ня могуць уключыць дзецям мультфільмы». Пазьней жанчына зь цяжкасьцю змагла падключыцца да онлайн-сустрэчы з калегамі, сувязь была вельмі дрэннай. Запыт у чат-бот пастаўшчыка паслуг нічога ня даў.
Выданьне праверыла сайты правайдэраў: А1 паведамляе аб прафіляктычных работах, з прычыны якіх 28 студзеня па ўсёй Беларусі, а 29 студзеня на вуліцы Мазурава маглі не працаваць сэрвісы фіксаванай сувязі і VOKA. У МТС пазначана, што 28 студзеня «будуць праводзіцца плянавыя работы на сетцы вышэйшага партнэра. У пэрыяд правядзеньня работ магчыма пагаршэньне якасьці паслугі інтэрнэт».
«Белтэлекам» выклаў графік работ па абласьцях і Менску — празь іх, напрыклад, былі магчымыя перабоі з хатнім інтэрнэтам на праспэкце Незалежнасьці і вуліцы Хмяльніцкага ў Менску.
Таксама выданьню паступалі скаргі на працу VPN-сэрвісаў у Беларусі. Напрыклад, што да гэтага часу «з суботы не працуе Proton VPN — пэрыядычна падключаецца да рэдкіх сэрвэраў, але інтэрнэту няма». Чытач спрабаваў падключыцца і на ByFly, і на А1 — нічога.
Іншы чытач кажа, што знайшоў лайфхак: ён мяняе сэрвэры, пакуль ня дойдзе да Румыніі — «да яе Proton VPN добра падключаецца». У папярэдняга чытача лайфхак не працуе: «пэрыядычна знаходзяцца такія сэрвэры, але звычайна пры падключэньні да іх ці ўвогуле зьнікае інтэрнэт, ці застаецца працаваць толькі Telegram».
Пра збоі ў працы VPN-сэрвісаў карыстальнікі паведамляюць з 25 сьнежня. Шмат хто ў той дзень ня мог падлучыцца да VPN-сэрвісаў Proton, NordVPN, TunnelBear і іншых. Некаторыя сэрвісы, напрыклад Psiphon, заставаліся даступнымі. Сярод сайтаў, пры падключэньні да якіх узьніклі праблемы, — Twitch, Steam і Reddit.
Форум