Дата дня
30 студзеня 1925 году быў заснаваны Бярэзінскі біясфэрны запаведнік — жамчужына Беларускага Паазер'я, адна з найстарэйшых прыродаахоўных тэрыторый самага высокага рангу ў Беларусі, якая атрымала сусьветную вядомасьць як эталён некранутай прыроды ня толькі СНД, але і ўсёй Эўропы.
Асаблівасьць запаведніка — суседзтва адразу 4 тыпаў экасыстэм: густых лясоў, рэк, лугоў і гразкай дрыгвы. Каля 60% тэрыторыі рэзэрвату пакрываюць балоты. Яны — частка бясцэннага прыроднага багацьця Беларусі, дзякуючы якому краіну называюць «лёгкімі Эўропы». Таксама гэта адзінае месца ў Беларусі (і ня толькі), якое насяляе знакамітая Вялікая эўрапейская пяцёрка буйных млекакормячых — зубар, мядзьведзь, лось, воўк і рысь.
Таксама ў гэты дзень
1667 — падпісана Андрусаўскае замірэньне, якое скончыла вайну Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг., самую спусташальную вайну ў гісторыі Беларусі.
1922 — у Менску быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), першая ў Беларусі вышэйшая шматгаліновая навукова-дасьледчая ўстанова. Тут працавалі Янка Купала, Аркадзь Смоліч і Ўсевалад Ігнатоўскі. У 1928 годзе Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук.
1946 — у Менску паводле судовага прысуду публічна павесілі 14 нацысцкіх афіцэраў.
1972 — ангельскія дэсантнікі застрэлілі 13 ірляндзкіх дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць брытанскага кіраваньня ў Паўночнай Ірляндыі. У 2010 годзе прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран папрасіў прабачэньня ад імя дзяржавы.
1975 — у Менску адкрыўся кінатэатар «Кастрычнік».
1992 — Беларусь прынялі ў Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ).
2023 — у продаж паступіла кніга Карнея Чукоўскага «Добры доктар БудзьЗдароў», пераклад якой на беларускую зрабіў у турме Андрэй Скурко.
У гэты дзень нарадзіліся
1833 — Апалінар Гараўскі, беларускі пэйзажыст.
1882 — Франклін Дэлана Рузвэльт, 32 прэзыдэнт ЗША.
1895 — Кірыла Арлоўскі, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Заходняй Беларусі і падчас Другой усясьветнай вайны.
1921 — Іван Шамякін, беларускі пісьменьнік.
1923 — Леанід Гайдай, савецкі кінарэжысэр.
1935 — Эрнст Ляўкоў, беларускі навуковец, геоляг і краязнаўца, аўтар кнігі пра культавыя валуны Беларусі, адзін з стваральнікаў Парку валуноў у Менску.
У памяці
1649 — падчас Ангельскай рэвалюцыі пакараны сьмерцю кароль Карл І Ст’юарт.
1948 — Махатма Гандзі, лідэр індыйскага нацыяналізму.
«Спачатку яны ігнаруюць цябе, пасьля сьмяюцца. Пасьля яны бʼюць цябе, пасьля ты перамагаеш».