Дзяржкамваенпрам Беларусі вядзе працу па стварэньні сэрвіснага цэнтру па рамонце сродкаў супрацьпаветранай абароны, паведаміла 29 студзеня прэс-служба ведамства ў Тэлеграме.
Гэта пытаньне беларускія і расейскія спэцыялісты абаронна-прамысловага комплексу абмеркавалі падчас працоўнай сустрэчы на «2566-ым заводзе па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня» ў Барысаве, якая прайшла 28 студзеня.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі «2566 заводу па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня» і Менскага заводу колавых цягачоў, а таксама прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусь. Расейскую дэлегацыю ўзначаліў намесьнік генэральнага дырэктара АТ «Канцэрн ВКО «Алмаз-Антэй» па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Вячаслаў Дзіркалн.
Сэрвісны цэнтар па рамонце сродкаў СПА прапануецца стварыць на базе барысаўскага «2566 заводу па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня», які займаецца рамонтам узбраеньня і вайсковай тэхнікі СПА, а таксама іншага складанага радыёэлектроннага абсталяваньня і вырабаў ваеннага прызначэньня.
- 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі падтрымаў Расею ў вайне. З пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне, пазьней Беларусь пастаўляла Расеі некаторую вайсковую тэхніку.
- Таксама Беларусь і Расея актывізавалі супрацу ў сфэры абароннай прамысловасьці — праз пэўны час пасьля пачатку вайны шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачалі выконваць расейскія замовы. Так, напрыклад, як мінімум 16 беларускіх прадпрыемстваў у той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасьці дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэм залпавага агню БМ-21 «Град», вынікае з новага расьсьледаваньня аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.
Форум