Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія прадпрыемствы зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне і што зь імі будзе, калі яна скончыцца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Арганізацыя былых сілавікоў BelPol у сваім новым расьсьледаваньні расказала, якія беларускія прадпрыемствы працуюць на вайсковыя патрэбы Расеі. Расказваем, як вайна агулам паўплывала на беларускую прамысловасьць.

Як мінімум 16 беларускіх прадпрыемстваў у той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасьці дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэм залпавага агню БМ-21 «Град». Гэта вынікае з новага расьсьледаваньня аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.

Сярод іх Завод дакладнай электрамэханікі, жлобінскі БМЗ, аршанскі «Легмаш», «БАЗцьюб» ды іншыя. Паводле расьсьледаваньня, згодна з ужо выкананымі кантрактамі, а таксама тымі, што знаходзяцца ў працэсе рэалізацыі, у Расею зь Беларусі паставяць 4,5 мільёна дэталяў і зборак для рэактыўных снарадаў на суму 25,8 мільярда расейскіх рублёў, ці 253 мільёны даляраў. BelPol сьцьвярджае, што гэта толькі частка паставак на вайсковыя патрэбы.

На просьбу Свабоды BelPol падлічыў дадзеныя і іншых паставак на вайсковыя патрэбы для Расеі зь Беларусі, а таксама аб’ёмы фінансавай падтрымкі Расеяй беларускай вайсковай прамысловасьці. Сума, пра якую вядома арганізацыі, па самых сьціплых падліках перавышае 150 мільярдаў расейскіх рублёў, ці 1,4 мільярда даляраў. У аб’яднаньні былых сілавікоў удакладнілі, што гэта толькі вядомая лічба. На самой справе яна можа быць значна большай.

Пра тое, што беларуская прамысловасьць уцягнутая ў вытворчасьць кампанэнтаў для расейскай зброі, паведамляюць і беларускія дзяржаўныя СМІ.

Рэкорднымі лічбамі хваліўся летась кіраўнік беларускага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус. Ён называў суму, блізкую да падлікаў BelPol , назваўшы гэта «імпартазамяшчэньнем».

«У тым ліку паказчык у экспарце. Быў узяты чарговы рэкорд за ўсю гісторыю сыстэмы Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. Мы імпартазамясьцілі дэталяў, вузлоў і работ, якія выкарыстоўваліся пры стварэньні сучасных відаў узбраеньня, на суму каля $147 млн. І гэта за апошнія гады такая сур’ёзная лічба», — сказаў Пантус.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад траціны да 50%

Эканамістка Аліса Рыжычэнка ў размове са Свабодай таксама зьвяртае ўвагу на тое, што значная частка беларускіх прадпрыемстваў занятая расейскімі заказамі на патрэбы расейскага вайскова-прамысловага комплексу.

«Калі ўлічваць дадзеныя расьсьледаваньня BelPol, практычна ўсе прадпрыемствы машына-будаўнічай галіны, мэталаапрацоўкі і прыборабудаўнічай галіны занятыя патрэбамі ВПК Расеі. Пры гэтым, у ВПК задзейнічаныя ня толькі гэтыя прадпрыемствы. Ёсьць яшчэ прадпрыемствы, якія робяць камплектныя часткі, упакоўку ды іншае. Дакладную лічбу назваць цяжка, але выглядае, што 45-50% беларускай прамысловасьці ўскосна ці наўпрост залежаць ад патрэбаў вайны», — зазначае эканамістка.

І нават калі вайна скончыцца, некаторыя пастаўкі могуць працягвацца, каб запоўніць склады, завяршыць існыя кантракты. А вось далейшы лёс беларускіх прадпрыемстваў пад пытаньнем, кажа Рыжычэнка.

«Заходнія рынкі закрытыя, на азіяцкіх і ўсходніх гэтая прадукцыя не цікавая, бо там галоўны пастаўшчык такіх тавараў — Кітай. Беларускія прадпрыемствы ня могуць тут канкураваць з кітайскімі вытворцамі. Нават расейскі рынак аддае перавагу Кітаю ў машынабудаўніцтве, вытворчасьці аўтобусаў. Няма будзе куды пастаўляць тое, што робяць зараз», — мяркуе эканамістка.

Аліса Рыжычэнка прыгадвае, што на перапрафіляваньне беларускіх прадпрыемстваў грошы выдаткоўвала Расея. І вярнуць іх на грамадзкія рэйкі складана без інвэстыцый.

«Трэба разумець, што з моманту вайсковых дзеяньняў і атрыманьня заказаў ад Расеі сфармаваўся дэфіцыт кадраў. Прадпрыемствы актыўна набіралі людзей, каб выканаць патрэбы па заказах. У выпадку спыненьня гэтых заказаў нанятыя людзі будуць не патрэбныя. Прадпрыемствам няма будзе куды прадаваць прадукцыю і ўтрымліваць такую колькасьць людзей», — кажа эканамістка.

Як вынік могуць пачацца звальненьні, перавод людзей на частковую занятасьць, зьніжэньне даходаў. Гэта, у сваю чаргу, можа ўдарыць па фінансаваньні сацыяльнай сфэры, мэдыцыны, інфраструктуры, дадае Рыжычэнка.

Беларусь пасьля ўвядзеньня санкцый страціла вялікую частку заходняга рынку. Нейкую частку замясьцілі непадсанкцыйнымі таварамі. З 2022 году было падзеньне, пакуль не наладзілася вытворчасьць для ВПК, гаворыць Рыжычэнка.

«Адбыла перэарыентацыя прамысловасьці на расейскі рынак ці на ўсходнія рынкі праз Расею», — даводзіць эканамістка.

З 2021 году Беларусь не дае адкрытай статыстыкі па экспарце ў Расею ды іншыя краіны СНД. Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў ацэньваў вынікі ўзаемнага гандлю з Расеяй за 2024 год як «рэкордныя».

У 2023 годзе ўзаемны гандаль перавысіў 53 мільярды даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG