Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік Генштабу адмаўляе сувязь вайсковых вучэньняў у Гомельскім раёне з вайной ва Ўкраіне


Павел Муравейка. Архіўнае фота
Павел Муравейка. Архіўнае фота

Правядзеньне вучэньняў тэрытарыяльных войскаў у Гомельскім раёне «зьвязана ня з тым, што тут побач Украіна, а з тым, што народ аб’ектыўна разумее, што сваю краіну трэба абараняць», — заявіў 29 студзеня начальнік Генэральнага штабу — першы намесьнік міністра абароны Павел Муравейка.

«На тэрыторыі Гомельскай вобласьці ўпершыню ў бягучым навучальным годзе праводзіцца збор падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў, у рамках якога адпрацоўваюцца такія важныя пытаньні, як супрацьдзеяньне дывэрсійна-выведным групам праціўніка, выяўленьне і вядзеньне выведкі ў цяжкай, лясіста-багністай мясцовасьці, стварэньне сыстэмы інжынэрных загарод, а таксама інжынэрнае абсталяваньне і фартыфікацыя асноўных абарончых рубяжоў і пазыцый», — цытуе яго прэс-служба Мінабароны.

Паводле слоў Муравейкі, ён «задаволены дзеяньнямі людзей, прызваных з запасу»: «Нам яшчэ, вядома, трэба зрабіць пэўныя высновы, прааналізаваць, прапрацаваць, але тое, што сёньня паказана, — гэта найвышэйшы пілятаж».

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, на палявым складзе інжынэрных боепрыпасаў у лясным масіве «службовым асобам, адказным за тэрытарыяльную абарону, расказалі пра абсталяваньне палявога склада, арганізацыю ўліку і захоўваньня інжынэрных боепрыпасаў, авіяцыйныя сродкі».

Таксама «адпрацавалі пытаньні аховы склада, парадак сумесных дзеяньняў падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў, абласной інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету, інжынэрных падразьдзяленьняў Узброеных сіл па стварэньні, утрыманьні і прыкрыцьці мінна-выбуховых загарод».

На працягу году вучэньні тэраабароны пройдуць у кожным раёне Гомельскай вобласьці, заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкаму Іван Крупко.

«На працягу месяца мы праводзілі на базе Добрускага і Гомельскага раёнаў вучэньні войскаў тэрытарыяльнай абароны. Байцы адпрацоўвалі ўсе пытаньні тэарэтычна і практычна, а сёньня паказалі свае навыкі на заключным этапе вучэньняў», — цытуе яго тэлеграм-канал аблвыканкаму.

Тактычныя вучэньні зь сіламі тэрытарыяльнай абароны Гомельскага раёну праходзяць 28–30 студзеня.

Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю ў лютым 2024 году поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Улады ўвесь час праводзяць манэўры і вучэньні вайскоўцаў і сілавікоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG