Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі экспэрт ацаніў ваенную пагрозу з боку Менску: «Беларуская армія застаецца стэрыльнай»


Былы супрацоўнік Службы бяспекі Ўкраіны, ваенны эксперт Іван Ступак. Архіўнае фота
Былы супрацоўнік Службы бяспекі Ўкраіны, ваенны эксперт Іван Ступак. Архіўнае фота

Паведамленьні аб тым, што Лукашэнка нарошчвае вайсковы кантынгент на паўднёвых межах Беларусі, экспэрты называюць часткай гібрыднай вайны.

Беларусь на загад Лукашэнкі павялічвае кантынгент сваёй арміі на мяжы з Украінай. Дасьледчы праект «Беларускі Гаюн» піша, што ў Століне адзначаецца канцэнтрацыя вайсковай тэхнікі Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у горадзе былі заўважаныя вайскоўцы Сіл спэцыяльных апэрацый. Адлегласьць ад горада да мяжы з Украінай складае каля 12 кілямэтраў.

«Беларусь адстае ад краін, якія яе атачаюць»

Былы супрацоўнік Службы бяспекі Ўкраіны, вайсковы экспэрт Іван Ступак згадаў у камэнтары «Голасу Амэрыкі», што, паводле афіцыйных зьвестак, у войску Беларусі лічацца каля 65 тысяч чалавек, у тым ліку цывільныя асобы, якія займаюцца абслугоўваннем вайскоўцаў.

«Застаецца максімум 45 тысяч чалавек, у той час як расейскае войска для наступу на Кіеў (перад пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня) сабрала 40 тысяч вайскоўцаў. І калі ўсё беларускае войска павінна будзе наступаць на адну толькі вобласьць Украіны, давайце ўспомнім, чым скончыла такі наступ войска Расеі! Яно пратрымалася адзін месяц і вымушана былі сысьці». Акрамя таго, на думку ўкраінскага вайсковага экспэрта, сучасная беларуская армія зьяўляецца «стэрыльнай», бо ў яе няма баявога досьведу.

«Лукашэнка вельмі моцна камплексуе з гэтай нагоды, бо з аднаго боку ёсць Польшча, якая ўкладвае ў „абаронку“ больш за 4% ВУП, прычым мае сучаснае ўзбраеньне. Літва, Латвія і Эстонія таксама ўкладаюць грошы ў абаронную галіну, як, дарэчы, і Ўкраіна. Ды і Расея, як ні круці, таксама мае вялікі досвед у гэтай галіне, і толькі адна Беларусь адстае ад краін, якія яе атачаюць», — ацэньвае сытуацыю Іван Ступак.

І працягвае, што ў дачыненні да сродкаў СПА беларускае войска таксама значна адстае ад украінскага.

«Таму я больш чым упэўнены, што Лукашэнка ў гэтую авантуру залазіць ня будзе. Натуральна, пры ўмове, што яго не даціснуць, не адхіляць ад пасады сілавым чынам і гэтак далей. Я лічу, што ён заклапочаны тым, каб перадаць сваю ўладу камусьці са сваіх пасьлядоўнікаў. Акрамя таго, у яго і стан здароўя цяжкі, што таксама нявесела», — падкрэсьліў суразмоўца «Голасу Амэрыкі».

Што тычыцца рэгулярных паведамленьняў аб нагнятаньні абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай мяжы, то, на думку экспэрта, гэта зьяўляецца часткай «гібрыднай вайны», удзельнікам якой Лукашэнка стаў шмат у чым па волі Крамля.

«На працягу двух гадоў украінская армія вымушана трымаць на мяжы даўжынёй больш за тысячу кіламетраў (1084,2 км) значную частку людзей і тэхнікі. І Лукашэнка двойчы сказаў, што „з таго боку“, гэта значыць з боку Украіны, стаіць 120 тысяч асабовага складу. Хаця мы ведаем, што Лукашэнку любіць трошкі схлусіць, так што гэтую лічбу можна падзяліць на два. Але 60 тысяч вайскоўцаў — таксама сур’ёзныя дадзеныя», — працягвае Іван Ступак.

Ён мяркуе, што на Лукашэнку ціснуць такія прыхільнікі «русского мира», як начальнік Генэральнага штабу беларускай арміі Павал Муравейка і сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч.

«І я лічу, што расейцы празь іх максымальна палохаюць Лукашэнку антыўкраінскім парадкам дня. Маўляў, трэба збіраць на мяжы з Украінай максымальную колькасць войскаў, каб Зяленскі і Сырскі запанікавалі і пачалі забіраць з Курскай вобласьці максымальную колькасьць нашых вайскоўцаў», — падсумоўвае Іван Ступак.

Што кажуць улады Ўкраіны

У Кіеве 3 жніўня заявілі, што «правакацыйных дзеяньняў або нестандартных сытуацый», а таксама «значных перамяшчэньняў тэхнікі або вайскоўцаў» паблізу мяжы з боку Беларусі не назіраецца.

Пра гэта паведаміў на брыфінгу 3 верасьня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго слоў, якія прыводзіць UNN.ua, украінскія сілы абароны «цалкам кантралююць дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю».

Дземчанка прызнаў, што «нейкае перамяшчэньне тэхнікі і асабовага складу беларусамі глыбока ў сваёй краіне ёсьць», але «яно нязначнае».

«Беларусь і да гэтага ўвесь час трымала свае падразьдзяленьні па кірунку мяжы з Украінай, але блізка да нашай мяжы яны не перамяшчаліся», — падкрэсьліў ён.

Што папярэднічала

  • У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Ўкраіну ў актывізацыі выведвальнай дзейнасьці, перамяшчэньні да мяжы баявых падразьдзяленьняў. Улады Беларусі дэманстратыўна ўзмацнілі ахову мяжы, выступілі з пагрозамі ў адрас Кіева.
  • У сярэдзіне ліпеня Аляксандр Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслякацыі.
  • Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сьцьвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.
  • 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.
  • Міністэрства абароны Беларусі 11 жніўня заявіла, што нібыта «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны».
  • Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка назваў заяву Мінабароны Беларусі аб «умацаваньні» мяжы з Украінай «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі».
  • 25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесьці войскі ад мяжы «на адлегласьць, якая перавышае далёкасьць паражэньня наяўных у Беларусі сыстэм агню». На наступны дзень беларускае зьнешнепалітычнае ведамства абвінаваціла Кіеў у «хітрай гульні» і заявіла, што не атрымлівала афіцыйнага звароту ад украінскага боку.
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў.
  • Афіцыйна беларускае войска ня ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, аднак Аляксандар Лукашэнка дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дысьлякацыі расейскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносілі ракетныя ўдары па Ўкраіне.
  • Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўленьня вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Эўрапарлямэнт у верасьні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG