Кампаніі Moldovagaz і Tiraspoltransgaz падпісалі 29 студзеня кантракт на пазыку 3 мільёнаў кубамэтраў прыроднага газу для падтрыманьня функцыянаваньня газавай сыстэмы на левым беразе Днястра, паведамляе Малдаўская служба Радыё Свабода.
Тыраспаль заявіў, што верне доўг за кошт сродкаў, якія былі прадастаўленыя Масквой.
Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў дырэктара Moldovagaz Вадзім Чэбан.
Паводле яго слоў, згодна з кантрактам пазыка павінна быць вернутая да 1 сакавіка 2025 году. Лідэр сэпаратысцкіх уладаў Тыраспаля Вадзім Краснасельскі адзначыў у інтэрвію мясцовым СМІ, што яны заплацяць за гэты газ з крэдыту, які дала Расея.
28 студзеня прадстаўнікі ўраду Малдовы ўдакладнілі, што ўгода будзе гарантаваная Эўразьвязам, які разам з Кішынёвам працуе над плянам пераадоленьня энэргетычнага крызісу.
Вылучанага аб’ёму газу хопіць, каб забясьпечыць патрэбы левабярэжжа Днястра на 10 дзён. Прэс-сакратар ураду Малдовы Даніэль Водэ адзначыў, што газ не прызначаны для прамысловых спажыўцоў, а будзе выкарыстаны для бытавых патрэб і сацыяльна значных аб’ектаў.
Так званае МЗС Прыднястроўя вітала намер ЭЗ прадаставіць надзвычайны фінансавы грант у сувязі з «гуманітарным і энэргетычным крызісам» у рэгіёне. Аднак у заяве падкрэсьліваецца неабходнасьць дакладнай інфармацыі пра ўмовы гэтай дапамогі, а таксама прапанавана, каб спэцыялісты з абодвух берагоў Днястра сустрэліся і абмеркавалі дэталі.
Неўзабаве пасьля гэтага Бюро палітыкі рэінтэграцыі Кішынёва паведаміла, што першая сустрэча спэцыялістаў з абодвух бакоў адбудзецца ў чацьвер, 30 студзеня. У ёй возьмуць удзел прадстаўнікі энэргетычных прадпрыемстваў з абодвух берагоў Днястра.
Прычыны крызісу
Прыднястроўе перажывае востры энэргетычны крызіс, пасьля таго як расейскі «Газпром» 1 студзеня спыніў пастаўкі газу, бо дамова на транзыт расейскага газу праз Украіну скончылася.
Акрамя таго, «Газпром» паставіў умову: Кішынёў павінен сплаціць так званы «гістарычны доўг» — больш за 700 мільёнаў даляраў. Аднак малдаўскія ўлады не прызналі гэты доўг, спасылаючыся на незалежны міжнародны аўдыт, які не пацьвердзіў патрабаваньняў расейскай кампаніі.
2 студзеня малдоўскія кампаніі Energocom і «Малдовагаз» прапанавалі ўладам Тыраспаля «тэхнічную і камэрцыйную дапамогу» ў закупках прыроднага газу з эўрапейскага рынку. Але Прыднястроўе адмовілася ад прапаноў Малдовы праз «высокія і нестабільныя» цэны газу, пасьля таго як больш за 30 гадоў «Газпром» пастаўляў ім газ бясплатна.
13 студзеня часовы кіраўнік «Малдовагазу» Вадзім Чэбан напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што «Малдовагаз» гатовы купляць прыродны газ па рынкавых цэнах для «Тыраспальтрансгазу» пры ўмове аплаты паставак у малдоўскіх леях.
Форум