Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам могуць дазволіць удзельнічаць у мясцовых выбарах у Расеі. Расейцы ўжо балятуюцца і галасуюць у Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Выбары ў Расеі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Выбары ў Расеі

28 студзеня Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праект пратаколу паміж Беларусьсю і Расеяй, які замацоўвае магчымасьць на ўзаемнай аснове беларускім і расейскім грамадзянам, якія стала жывуць на тэрыторыі іншай дзяржавы, удзельнічаць у мясцовых выбарах — абіраць і быць абраным у органы мясцовага самакіраваньня.

Ён падпісаў указ, якім ухваліў у якасьці асновы для правядзеньня перамоваў праект Пратаколу аб унясеньні зьменаў у Дамову паміж Беларусьсю і Расеяй аб роўных правах грамадзян ад 25 сьнежня 1998 году, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Адзначаецца, што дакумэнт «зьяўляецца вынікам мэтанакіраванай працы, якая праводзіцца ў Беларусі, па забесьпячэньні роўных правоў беларускіх і расейскіх грамадзян, у тым ліку электаральных, паколькі дагэтуль грамадзяне Беларусі, якія стала пражываюць у Расеі, не маглі браць удзел у мясцовых выбарах».

На правядзеньне перамоваў па праекце пратаколу і яго падпісаньне ўпаўнаважана МЗС Беларусі.

Грамадзяне Расеі, якія пастаянна жывуць у Беларусі, ужо могуць абірацца ў мясцовыя саветы і галасаваць за кандыдатаў у дэпутаты такіх саветаў. У выбарах дэпутатаў парлямэнту расейцы ўдзелу браць ня могуць.

Падчас выбараў 2024 году ў Беларусі старшыня ЦВК Ігар Карпенка паведамляў, што больш за 20 грамадзян Расеі, якія стала пражываюць у Беларусі, балятаваліся на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў: 15 — у раённыя саветы, 6 — у сельскія. Таксама, паводле Карпенкі, летась у сьпісах выбарнікаў значыліся крыху больш за 95 тысяч грамадзян Расеі, якія маюць права галасаваць на выбарах у мясцовыя саветы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG