Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра фінансаў Літвы сышоў у адстаўку пасьля скандалу з савецкімі песьнямі ў ягоных сацсетках


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Віцэ-міністар фінансаў Літвы Валянцін Гаўрылаў 28 студзеня добраахвотна падаў у адстаўку на фоне скандалу ў сувязі з савецкімі песьнямі ў ягоным профілі ў расейскай сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».

«Я лічу, што адказаў на пытаньні, якія апошнім часам узьніклі ў грамадзкай прасторы адносна маёй ляяльнасьці да Літвы. Аднак бясконцыя дыскусіі і сумневы ў маёй здольнасьці займаць цяперашнюю пасаду не спрыяюць эфэктыўнай працы ўсяго міністэрства. Таму я прыняў рашэньне пакінуць пасаду намесьніка міністра фінансаў», — напісаў Валянцін Гаўрылаў у сваім Фэйсбуку.

Міністар фінансаў Літвы Рымантас Шаджус, камэнтуючы адстаўку свайго намесьніка, адзначыў, што ў яго асабіста «не было прычынаў і цяпер няма падставаў сумнявацца ў ляяльнасьці Валянціна Гаўрылава Літве і ў ягонай прафэсійнай кампэтэнтнасьці, але чаканьні грамадзкасьці ў дачыненьні да палітыкаў справядліва вышэйшыя, чым звычайна». Паводле міністра, Гаўрылаў «як грамадзянін і як палітык гэта разумее» і сам прыняў рашэньне добраахвотна пайсьці ў адстаўку.

Скандал вакол Гаўрылава разгарэўся пасьля таго, як журналісты LRT выявілі ў акаўнце намесьніка міністра Літвы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» песьні, якія «ўслаўляюць Савецкі Саюз».

Пасьля гэтага прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаў надзею, што Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы «пільна ацэніць усе абставіны і паставіць кропку ў гэтай гісторыі».

«Мне сорамна, што адбываюцца такія рэчы, што адзін з намесьнікаў міністра зазнае падобную крытыку. (...) Калі ён не вінаваты — значыць, не вінаваты. Але калі выявяцца рэчы, несумяшчальныя са статусам дзяржаўнага службоўца, рашэньні павінны быць прынятыя неадкладна», — сказаў Наўседа.

Сам Гаўрылаў на гэта заявіў, што доўгі час не карыстаўся «ЎКантакце» і зайшоў на старонку ў 2025 годзе, каб яе выдаліць, пісала «Новая газета. Балтия». «Што да песень, то яны былі дададзеныя не таму, што мне яны падабаюцца, а каб азнаёміцца зь імі», — растлумачыў ён.

Як паведамлялі літоўскія СМІ, на сваёй старонцы ў Facebook Гаўрылаў дзяліўся здымкамі з памятных мерапрыемстваў да Дня перамогі 9 траўня на Антокальскіх могілках у Вільні, дзе раней быў мэмарыял воінам савецкага войска. Таксама ён падтрымліваў заклікі спыніць блякаду Беларускай АЭС у Астраўцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG