27 студзеня Канада ўвяла санкцыі супраць 10 фізычных асобаў і 12 арганізацый Беларусі у адказ на фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў і пастаянныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Як паведаміла кіраўніца МЗС Канады Мэляні Жалі, Канада ўводзіць новыя санкцыі супраць 10 фізычных асобаў і 12 арганізацый у адпаведнасьці з Палажэньнем аб спэцыяльных эканамічных мерах у дачыненьні да Беларусі ў адказ «на грубыя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, якія зьдзяйсьняюцца рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, а таксама яго падтрымку парушэньня Расеяй сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».
«Сёньня мы дасылаем Аляксандру Лукашэнку выразны сыгнал: Канада ня будзе маўчаць, пакуль ягоны рэжым працягвае таптаць правы і свабоды грамадзян Беларусі і падтрымліваць поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну», — гаворыцца ў заяве.
У ёй адзначаецца, што санкцыі ўвялі супраць 9 суб'ектаў вайскова-прамысловага комплексу Беларусі «за іх удзел у вытворчасьці і пастаўцы вайсковай тэхнікі ў Расею для выкарыстаньня ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны», а таксама супраць некаторых высокапастаўленых службовых асобаў гэтых прадпрыемстваў. Таксама сярод юрыдычных асобаў — тры беларускія дзяржаўныя арганізацыі, якія «па ўказаньні рэжыму Лукашэнкі бесьперапынна ўдзельнічаюць у грубых і сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека шляхам рэпрэсіяў, гвалту і іншых злоўжываньняў супраць беларускага насельніцтва».
Сярод асобаў у новым санкцыйным сьпісе «ёсьць людзі, якія маюць непасрэдныя сувязі з асобамі, што ўжо знаходзяцца пад санкцыямі за ўдзел або саўдзел у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі» з 2020 году, адзначаецца ў заяве.
Пад санкцыі Канады трапілі наступныя фізычныя асобы:
- Галіна Лукашэнка, афіцыйная жонка Аляксандра Лукашэнкі,
- Арцём Балаба і Максім Балаба, сыны камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы,
- Ірына Карпянкова і Ігар Карпянкоў, жонка і сын намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова,
- Уладзіслаў Паўленка, кіраўнік заводу «Легмаш»,
- Уладзімер Чудакоў, кіраўнік КБ «Бесьпілётныя верталёты»,
- Анатоль Савянок, гендырэктар ААТ «СтанкаГомель»,
- Андрэй Ананенка, начальнік ГУБАЗіК,
- Вольга Маршаловіч.
Сярод арганізацый пад санкцыямі апынуліся:
- Атрады міліцыі асаблівага прызначэньня (АМАП),
- Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК),
- Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі,
- ААТ «СтанкаГомель»,
- Беларускі мэталюргічны завод,
- завод «Легмаш»,
- Канструктарскае бюро «Бесьпілётныя верталёты»,
- ТАА «Лябараторыя адытыўных тэхналёгіяў»,
- ТАА «Рухсерваматор»,
- Менскі падшыпнікавы завод,
- Менскі завод шасьцерняў,
- ААТ «Вістан» (Віцебскі станкабудаўнічы завод).
З 2014 году Канада ўвяла санкцыі ў дачыненьні больш як да 3000 фізычных і юрыдычных асобаў у Расеі, Беларусі, Украіне і Малдове, якія маюць дачыненьне да парушэньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і Малдовы, а таксама да грубых і сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека.
- 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнціх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
- Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
Форум