Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, указ прыняты ў мэтах «прывядзеньня ў адпаведнасьць з Ваеннай дактрынай» указа № 719 ад 7 сьнежня 2006 году. Сам указ пакуль не апублікаваны.
Функцыі Мінабароны, у прыватнасьці, дапоўнілі палажэньнямі «па рэалізацыі ва Ўзброеных сілах мерапрыемстваў па патрыятычным выхаваньні», а таксама па асьвятленьні ў СМІ дзейнасьці Ўзброеных сіл. Таксама ўказам удакладнілі склад калегіі Мінабароны, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Функцыі Генштабу дапоўнілі «палажэньнем па каардынацыі дзейнасьці сілавога кампанэнта ваеннай арганізацыі дзяржавы ў пытаньнях забесьпячэньня ваеннай бясьпекі і збройнай абароны».
12 сьнежня 2024 году ў Беларусі зацьвердзілі так званую «задуму абароны краіны» на чарговую пяцігодку (2026–2030 гады), якую распрацавалі «на падставе глыбокага аналізу падзеяў 2020 году і расейскай спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне» (так улады Расеі і Беларусі называюць поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны. — РС), а таксама з улікам зьменаў у Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і Ваенную дактрыну Беларусі. Як патлумачыў начальнік Генштабу Павал Муравейка, гэтая задума — сыстэмны дакумэнт, які зьяўляецца падмуркам стратэгічнага плянаваньня абароны Беларусі.
- 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі падтрымаў Расею ў вайне. З пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне, пазьней Беларусь пастаўляла Расеі некаторую вайсковую тэхніку. Таксама Беларусь і Расея актывізавалі супрацу ў сфэры абароннай прамысловасьці — праз пэўны час пасьля пачатку вайны шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачалі выконваць расейскія замовы.
Форум