Трамп, які пачаў нядаўна новы тэрмін у Белым доме, заяўляў аб намеры далучыць Грэнляндыю, якая мае статус самакіравальнай тэрыторыі ў складзе Дацкага каралеўства. Пры гэтым Трамп ня стаў выключаць прымяненьне сродкаў эканамічнага і ваеннага ціску.
У распаўсюджаным у пятніцу паведамленьні МЗС Даніі гаворыцца, што Расмусэн і Рубіё правялі 20-хвілінную гутарку ў «добрым і канструктыўным тоне», абмеркаваўшы Ўкраіну, эўрапейскую бясьпеку і сытуацыю на Блізкім Усходзе, перадае Reuters.
«Арктычная бясьпека не стаяла на парадку дня, але было вырашана, што абмеркаваньне паміж Злучанымі Штатамі, Даніяй і Грэнляндыяй будзе мець месца пазьней», — заявілі ў дацкім міністэрстве.
Газэта Financial Times (FT) у пятніцу са спасылкай на эўрапейскія крыніцы паведаміла, што размова самага Трампа з прэмʼер-міністаркай Даніі Метэ Фрэдэрыксен, якая адбылася на мінулым тыдні, «прайшла вельмі дрэнна». Выданьне спасылаецца на пяць цяперашніх і былых эўрапейскіх чыноўнікаў, якія былі паінфармаваныя аб званку.
Па словах суразмоўцаў выданьня, Трамп у размове заняў агрэсіўную і канфрантацыйную пазыцыю пасьля слоў кіраўніцы дацкага ўрада аб тым, што Грэнляндыя не прадаецца, пры тым што адначасова Фрэдэрыксен прапанавала пашырэньне супрацоўніцтва па пытаньнях функцыянаваньня ваенных баз і распрацоўцы карысных выкапняў.
«Ён быў непахісным. Гэта было як халодны душ. Раней было цяжка ўспрымаць гэта сурʼёзна. Але я думаю, гэта ўсё сурʼёзна, і патэнцыйна вельмі небясьпечна», — адзначыла адна з крыніц газэты.
У офісе прэмʼера Даніі ў адказ на публікацыю заявілі, што не прызнаюць інтэрпрэтацыю размовы са слоў ананімных крыніц.
- Свой другі тэрмін на пасадзе прэзыдэнта Дональд Трамп, які перамог на выбарах у лістападзе 2024 года, пачаў, у тым ліку, з заяў аб намеры далучыць Грэнляндыю і вярнуць ЗША Панамскі канал. Аб магчымасьці атрымаць Грэнляндыю Трамп ужо заяўляў у 2019 годзе, але яго нядаўняя адмова выключыць выкарыстаньне ваеннай або эканамічнай моцы засьпела многіх датчан зьнянацку, адзначае Reuters.
- Прэмʼер-міністарка Даніі Метэ Фрэдэрыксен 15 студзеня паведаміла, што размаўляла па тэлефоне з Дональдам Трампам і сказала яму, што Грэнляндыя сама павінна прыняць рашэньне аб незалежнасьці. Прэмʼер-міністр тэрыторыі Мутэ Бааруб Эгедэ неаднаразова заяўляў, што востраў не прадаецца, і што яго будучыня залежыць ад яго народа.
- Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дома, камэнтуючы пазыцыю Дональда Трампа, падкрэсьліваў, што «прэзыдэнт імкнецца ня толькі абараняць інтарэсы ЗША ў Арктыцы, але і працаваць з Грэнляндыяй для забесьпячэньня ўзаемнага квітненьня». «Прэзыдэнт Трамп ясна даў зразумець, што абароненасьць і бясьпека Грэнляндыі важныя для ЗША на фоне значных інвэстыцый у рэгіён Расеі і Кітая», — дадаў прадстаўнік Рады.
Форум