Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Беларусі заявіла пра рэкордную яўку па выніках чатырох дзён галасаваньня


Менск. Ілюстрацыйнае фота.
Менск. Ілюстрацыйнае фота.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі сьцьвярджае, што за чатыры дні датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта прагаласавалі 35,99 % выбарнікаў​​​​​​​ — гэта рэкордная яўка для выбарчых кампаній у краіне. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Згодна з апублікаванымі ЦВК зьвесткамі, за чатыры дні датэрміновага галасаваньня:

  • яўка ў Берасьцейскай вобласьці —37,78%,
  • Віцебская вобласьць — 36,52%,
  • Менская вобласьць — 36,50%
  • Горадзенская вобласьць — 35,61%
  • Магілёўская вобласьць — 35,92%
  • Гомельская вобласьць — 36,57%
  • Менск — 33,66%.

Гэта рэкордная яўка выбарнікаў у першыя чатыры дні датэрміновага галасаваньня за гісторыю правядзеньня выбарчых кампаній. Так, яўка па выніках чатырох дзён датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году склала 32,24 %.

Паводле ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта яўка склала 7,81%, па выніках двух дзён датэрміновага галасаваньня — 17,67%, па выніках трох дзён — 27,15%​. Гэта таксама рэкордныя лічбы ў параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека. З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Галасуюць студэнты, чыноўнікі, спартоўцы і пацыенты бальніц: праваабаронцы пра трэці дзень датэрміновага галасаваньня

Экспэртная місія кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сочыць за правядзеньнем датэрміновага галасаваньня на выбарах, расказвае, як яно праходзіць, і фіксуе парушэньні.

Так, стала вядома, што мінімум у 4 бальніцы аднаго з абласных цэнтраў Беларусі паступіла распараджэньне забясьпечыць яўку пацыентаў стацыянара на галасаваньні — праз гэта хворых не адпускаюць дадому на выходныя, а таксама зацягваюць выпіску, паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы выданьне «Люстэрка». Больш за тое, як стала вядома выданьню, у сьпісы выбарнікаў даручылі ўключаць нават пацыентаў рэанімацыі, якія знаходзяцца на апараце ШВЛ. «На пытаньне навошта, бо гэтыя людзі відавочна галасаваць ня будуць, адказ быў: „Якая розьніца? У нас галасуюць усе“», — расказваюць крыніцы СМІ.

23 студзеня ў ЦВК заявілі, што нібыта 15 беларусаў прыехалі з-за мяжы, каб прагаласаваць на выбарах. За межамі Беларусі выбарчыя ўчасткі ствараць ня сталі — беларусы замежжа, якія хочуць прагаласаваць на гэтых выбарах, мусяць для гэтага прыехаць на радзіму і прагаласаваць на адным з шасьці выбарчых участкаў у абласных цэнтрах. Раней юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»тлумачылі, што пазбаўляць права голасу значную частку грамадзтва — гэта дыскрымінацыя.

Паводле зьвестак Mayday Team, датэрміновае галасаваньне ў Магілёўскай вобласьці праходзіць шмат у чым у «добраахвотна-прымусовым» парадку. Так, на выбарчых участках арганізавана прагаласавалі студэнты МДУ імя А.А. Куляшова, БРУ, архітэктурна-будаўнічага каледжа, курсанты факультэта міліцыі Інстытута МУС, а таксама вайскоўцы.

Тым, хто галасуе ўпершыню, на ўчастку ўручылі падарункі: кнігі зь дзяржаўнай сымболікай і футболкі «Твой голас першы» — раней юрысты адзначалі, што ў гэтай назьве хаваецца ўскосная агітацыя за Лукашэнку. У Круглым на датэрміновае галасаваньне арганізавана прыйшлі супрацоўнікі мясцовай пракуратуры і раённага выканаўчага камітэту.

Прапаганда працягвае масава публікаваць здымкі тых, хто прыходзіць галасаваць. Па апублікаваных фота і відэа відаць, што кабінкі для галасаваньня на ўчастках не абсталяваныя шторкамі. На большасьці ўчастках у кожнай кабінцы вывесілі папярэджаньне аб забароне здымкі бюлетэня. Праўладныя СМІ робяць акцэнт на тым, што прыходзяць галасаваць моладзь, спартоўцы, сталыя людзі, вайскоўцы і «цэлыя сем’і».

Бабруйская раёнка распавядае пра «папулярных блогераў», якія паўдзельнічалі датэрмінова. Яны прамаўлялі камплімэнты дзяржаве і посьцілі сторыз з выбарчага ўчастку.

Дзяржаўныя мэдыя, афіцыйныя тэлеграм-каналы і сайты дзяржаўных органаў працягваюць асьвятляць датэрміновае галасаваньне чыноўнікаў. Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што такія відэа зьяўляюцца часткай прапаганды, накіраванай на стварэньне ілюзій легітымнасьці працэсу і масавага ўдзелу ў галасаваньні. Так, 23 студзеня праўладныя СМІ адсправаздачыліся, як старшыня ЦВК Ігар Карпенка прагаласаваў разам зь сям’ёй.

Рэгіянальныя мэдыя публікуюць справаздачы пра дзейнасьць міжнародных назіральнікаў місій СНД. Тым часам у Беларусі з 2020 году стала практычна немагчымым незалежнае назіраньне: назіральнікі АБСЭ былі выключаныя, а мясцовыя незалежныя арганізацыі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і крымінальным перасьледам. Гэта робіць немагчымым аб’ектыўную ацэнку сумленнасьці выбараў і падрывае давер да выбарчага працэсу, падкрэсьліваюць праваабаронцы.

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка раней падкрэсьліваў, што ў выпадку з назіральнікамі ад СНД і падобных інстытутаў — гэта палітычныя праўладныя (у сваіх краінах) прызначэнцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG