Выбары прэзыдэнта, прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня, дэмакратычная супольнасьць называе «бязвыбарамі». Эўрапейскія структуры заяўляюць пра іх непрызнаньне. Тым часам у Беларусі працягваецца датэрміновае галасаваньне, на якое, паведамляе дзяржаўная прэса, «ідуць працоўнымі калектывамі і сем’ямі».
Праваабаронцы лічаць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў фальсыфікацый, які дазваляе ўладам мець патрэбны ім вынік галасаваньня. Кампанія 2025 году адзначылася шэрагам новаўвядзеньняў, у тым ліку і ў працэдуры датэрміновага галасаваньня. Расказваем пра некаторыя зь іх.
88 тысяч кніжак, цукеркі і пернікі
Сёлета каля 88 тысяч 18-гадовых беларусаў змогуць прагаласаваць на выбарах упершыню, такія зьвесткі падае дзяржаўная прэса. Для кожнага зь іх улады падрыхтавалі падарункі — кнігу «Сымбалі сувэрэннай Беларусі» і майкі з надпісам «Твой голас першы». Некаторым дадуць яшчэ асадку і нататнік ад БРСМ. А ў Баранавічах да падарункаў маладым выбарнікам дадалі «тэматычны пернік» з надпісам «Мы адзіныя», выпечаны на мясцовым хлебазаводзе.
Але 18-гадовыя «дэбютанты» не адзіная катэгорыя грамадзян, якая можа займець штосьці задарма на выбарчым участку.
У Мсьціслаўскім раёне падарункі раздавалі пэнсіянэрам, якія прыйшлі галасаваць ў першы дзень датэрміновага галасаваньня. Ва ўчастковай камісіі зазначылі, што «большасьць пэнсіянэраў заўсёды галасуе датэрмінова, у асноўны дзень галасаваньня прыходзяць на ўчастак на сьвята, якое для выбарнікаў рыхтуюць работнікі Дома культуры».
У Лоеве беларусаў, якія галасуюць першы раз (у асноўным гэта памежнікі з камэндатуры «Лоеў». — РС) павіншавалі «з адказнай у іх жыцьці падзеяй» і ўручылі салодкія падарункі — цукеркі ад «Белай Русі».
Летась, у Адзіны дзень галасаваньня на выбарах, памежнікам у Лоеве таксама дарылі «памятныя сувэніры».
Яшчэ адна катэгорыя грамадзян, якая атрымала падарункі ў Лоеве, — малалетнія вязьні нацысцкай Нямеччыны. Ім ад імя вэтэранскай арганізацыі ўручылі памятныя сувэніры і наборы цукерак.
Не засталіся без падарункаў і некаторыя маладыя сем’і. Напрыклад, сям’я Лысенак з дваімі дзецьмі. «Яны прадэманстравалі пераемнасьць пакаленьняў» і атрымалі падарункі ад Беларускага саюзу жанчын«, — піша раённае выданьне.
На парушэньні няма каму рэагаваць
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка зазначае ў камэнтары Свабодзе, што з аднаго боку, выбарчым заканадаўствам забаронены любыя формы матэрыяльнага заахвочваньня выбарнікаў. Але з другога, сутнасьць падарункаў выбарнікам у Беларусі абсалютна ня тая, што ў іншых дзяржавах ці выбарчых сыстэмах, дзе за грошы купляюць іх галасы.
«Выбарчыя камісіі прыпішуць патрэбнаму кандыдату столькі галасоў, колькі ён вырашыць атрымаць. Можа быць, гэтыя падарункі для таго, каб стварыць атмасфэру псэўдасьвята, уключанасьці людзей у гэты працэс. Можа быць, каб павялічыць яўку людзей на выбары, якая, паводле апытаньняў, абяцала быць невысокай», — зазначыў праваабаронца.
У кожным выпадку, паводле ягоных словаў, такія падарункі — хутчэй вонкавы антураж.
«Камісіі, якія парушаюць закон, нават не задумваюцца пра гэта, таму што няма каму рэагаваць на парушэньні. Ані Цэнтральная выбарчая камісія, ані пракуратура ня будуць рэагаваць на такія рэчы, таму што ў іхным разуменьні гэта не ўплывае на вынікі выбараў», — дадаў Павал Сапелка.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум