Сьцісла:
- Ніякія альтэрнатывы, ніякія шляхі разьвіцьця грамадзтва падчас гэтай кампаніі ў дзяржаўных СМІ не абмяркоўваліся.
- Прапаганда не хавала, што гэта наагул ніякія ня выбары, а толькі рытуал, спосаб прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да ўлады.
- У грамадзтва спрабавалі сфармаваць думку, што ўзяць удзел у выбарчай кампаніі — гэта абавязак сапраўдных патрыётаў.
- Раней улада падчас такіх кампаній абяцала людзям, што неўзабаве жыцьцё палепшыцца. Цяпер такіх абяцаньняў не гучала.
— Як дзяржаўныя СМІ і прапагандысты асьвятлялі гэту выбарчую кампанію? Якія былі асноўныя стратэгічныя пасылы і кірункі? Чым асьвятленьне адрозьнівалася ад папярэдніх кампаній?
— Адрозьненьні, відавочна, былі. Перш за ўсё — у ступені і маштабнасьці прапаганды. Усё ж у мінулых кампаніях яны імкнуліся паказаць, што гэта сапраўдныя выбары, што ёсьць розныя кандыдаты, якія маюць розныя погляды. А цяпер дзяржаўныя СМІ чытача і гледача падводзілі да думкі, што гэта, агулам кажучы, ніякія ня выбары.
Гэта такі рытуал, калі людзі ідуць на выбарчыя ўчасткі — зь сям’ёй, суседзямі, пакідаюць там свой голас, ідуць у буфэт, потым глядзяць нейкі канцэрт — гэтым выконваюць свой абавязак.
Другое, у чым спрабавалі пераканаць людзей, што выбары — гэта спосаб паказаць, што ты сапраўдны патрыёт. Грамадзянін павінен ня толькі прыйсьці і прагаласаваць, але паўдзельнічаць у кампаніі, паразмаўляць пра выбары з калегамі, суседзямі, падпісацца за кандыдата і гэтак далей. То бок фармавалася думка, што ўзяць удзел у выбарчай кампаніі — гэта абавязак сапраўдных патрыётаў.
А тыя, хто кажуць, што ня хочуць удзельнічаць у кампаніі, ці абыякавыя, ці хочуць галасаваць супраць усіх — гэта не патрыёты, яны ня любяць Беларусь. То бок выбары — гэта нагода згуртавацца вакол дзейнай улады.
Таксама традыцыйна было шмат спробаў пераканаць, што вакол ворагі, якія хочуць нас разарваць на шматкі — менавіта тады, калі ў нас кампанія. Але мы гэта ім не дамо зрабіць.
— Выходзіць, праявіць любоў да краіны — гэта прагаласаваць за Лукашэнку?
— Так, калі вы хочаце, каб у нас былі мір і спакой. Адрозьненьне яшчэ і ў тым, што раней улада ўсё ж абяцала людзям, што будзе лепей. Маўляў, выбераце Лукашэнку — і ўсё палепшыцца. Гэтым разам наагул няма ніякіх абяцаньняў. Укараняецца ўвесь час ідэя, што зараз так добра, што ня трэба нічога мяняць.
— Мабыць, гэтым можна патлумачыць і той адметны факт, што выбарчая праграма кандыдата Лукашэнкі была апублікаваная толькі ў ня самых папулярных газэтах «Звязда» і «Рэспубліка» і не была разьмешчаная на дзяржаўных і каляўладных інтэрнэт-рэсурсах? Фактычна самі ўлады яе замаўчалі.
— Так, я пра гэта і кажу, што ніякага рэальнага палітычнага складніку ў гэтай кампаніі не было. Ніякіх альтэрнатываў, ніякіх шляхоў разьвіцьця грамадзтва падчас кампаніі не абмяркоўваліся.
Гучала толькі ўвесь час, што мы не дамо «пятай калёне», ворагам паўдзельнічаць у гэтых выбарах. Бо ўсе кандыдаты ў нас у адной каштоўнаснай рамцы.
— Як, дарэчы, прапаганда ставілася да іншых кандыдатаў, акрамя галоўнага? Можна было заўважыць, што іхныя прозьвішчы замоўчваюць у сюжэтах, іхнія выступы і праграмы не абмяркоўваюцца.
— Іх нібыта зусім не было. У афіцыйнай агенцыі БелТА, у іншых афіцыйных крыніцах іх практычна ня згадвалі. Калі часам і гаварылі, то ў сувязі з Лукашэнкам. Лукашэнка сказаў, што яму спадабаўся Сыранкоў, вось тады пра Сыранкова і сталі трошкі гаварыць.
Яны апублікавалі свае праграмы, выступілі па тэлевізіі (тое, што прадугледжана паводле закону) — і на гэтым усё.
— Калі сярод кандыдатаў ворагаў не было, то хто быў галоўны праціўнік для прапаганды?
— Гэта зразумела: тыя, хто за межамі Беларусі, так званыя «беглыя» і іхныя заходнія куратары. Было вельмі ярка прадэманстравана, што ніякай рызыкі ў гэты выбарчы тыдзень ня можа быць, бо ўсе падтрымліваюць уладу і ніякіх апазыцыянэраў няма. Але сілавікі не павінны расслабляцца, бо апазыцыянэры з-за мяжы рыхтуюцца ў любы момант разарваць краіну на кавалкі. Але мы гэтага не дапусьцім.
— Лукашэнка апошнія месяцы выбарачна вызваляў палітвязьняў, часам рабіў нейкія ўмоўна прымірэнчыя заявы ў бок Захаду. У сваёй праграме ён казаў пра жаданьне «перагарнуць старонку». Ці адлюстравалася гэта неяк у прапагандзе, ці зьмяніўся градус напружаньня?
— Не, нічога такога не было заўважана. Мне здаецца, што гэтага не было наагул. Апошні тыдзень перад выбарамі для прапаганды вельмі напружаны час. І яны імкнуцца адпрацаваць максымальна прыкметна для ўлады, каб даказаць сваю патрэбнасьць.
Бяз пэўных дасьледаваньняў я не рызыкну дакладна ацэньваць эфэктыўнасьць дзеяньняў прапаганды, наколькі яна спрацоўвае. Але вонкава, назіраючы, як яна працуе, я не магу ахарактарызаваць яе як прывабную і эфэктыўную.
Форум