Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў» і зноў нагадалі пра палітвязьняў


Датэрміновае галасаваньне ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Датэрміновае галасаваньне ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 26 студзеня, і яны зьяўляюцца «прапагандысцкім шоў», гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый Libereco і «Вясна».

«Рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі правядзе прэзыдэнцкія выбары. Улады, несумненна, зноў абвесьцяць пераможцам цяперашняга кіраўніка», — адзначаюць праваабаронцы Libereco і «Вясны».

У заяве падкрэсьліваецца, што, у адрозьненьне ад 2020 году, маштабных пратэстаў пасьля выбараў не чакаецца, бо «значная частка насельніцтва жыве ў страху, а перасьлед і рэпрэсіі супраць палітычных дысыдэнтаў зьяўляюцца паўсядзённай зьявай».

У заяве зьвяртаецца ўвага, што колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна вышэйшая за зьвесткі, якія публікуюцца праваабаронцамі, бо сваякі многіх рэпрэсаваных не абнародуюць інфармацыю, баючыся рэпрэсіяў.

Праваабаронцы таксама паведамляюць аб праблемах са здароўем у некалькіх сотняў былых палітвязьняў.

«Мы бачым, што здароўе вызваленых палітвязьняў усё больш пагаршаецца з прычыны працяглых тэрмінаў зьняволеньня і нечалавечых умоў утрыманьня: сырых і халодных камэр, недаяданьня, недахопу руху, дэфіцыту або адсутнасьці сонечнага сьвятла. Многія зьняволеныя таксама зазналі гвалт і катаваньні», — адзначыў выканаўчы дырэктар Libereco Марка Фібэр.

Паводле яго, «ва ўсіх без выключэньня вызваленых зьняволеных маюцца сур’ёзныя фізычныя і псыхічныя парушэньні».

«Часьцей за ўсё мы фіксуем захворваньні зубоў, вачэй, нырак, суставаў, лёгкіх і страўнікава-кішачнага тракту. Мы таксама назіраем рост колькасьці выпадкаў раку і ВІЧ, якія або ўпершыню выявіліся, або абвастрыліся ў турме», — падкрэсьліў Фібэр.

Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаваньне праводзіцца з 21 па 25 студзеня).

Кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад рэальных апанэнтаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй па ўтрыманьні ўлады», праваабаронцы кажуць аб імітацыі канкурэнцыі.

Спэцыяльны дакладчык ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс на прэс-канфэрэнцыі 23 студзеня ў Вільні заявіў, што «тое, што адбудзецца ў нядзелю [26 студзеня], незалежна ад таго, як гэта называць, ня будзе свабодным і справядлівым».

У Беларусі 1256 чалавек, якіх праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG