Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «абсалютна незалежнага» да «цалкам адданага». Расказваем, хто і як кіраваў ЦВК зь першых выбараў да апошніх


За амаль 35 гадоў незалежнасьці ў Беларусі было 7 старшыняў Цэнтравыбаркаму. Прозьвішчы Ганчара і Ярмошынай больш-менш вядомыя, але кіравалі галоўнай выбарчай структурай Беларусі ня толькі яны.

Сярод кіраўнікоў ЦВК былі розныя асобы. Аляксандар Абрамовіч зарэгістраваў кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, нягледзячы на сур’ёзныя парушэньні. Правёў адзіныя сумленныя выбары ў Беларусі ў 1994 годзе, але запляміў свой мундзір пытаньнямі, якія супярэчылі Канстытуцыі, на травеньскім рэфэрэндуме 1995 году.

Прынцыповы і незалежны Віктар Ганчар прабыў на пасадзе старшыні Цэнтравыбаркаму менш за 2 месяцы. Ягоная пераемніца Лідзія Ярмошына ўзначальвала ЦВК чвэрць стагодзьдзя. Правяла 5 прэзыдэнцкіх кампаній, 6 парлямэнцкіх, тры рэфэрэндумы, вынікі якіх не былі прызнаныя ўплывовымі міжнароднымі структурамі.

Але гэта зусім ня ўсе кіраўнікі галоўнага выбарчага органа Беларусі. Расказваем пра іх падрабязьней.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Партыйны функцыянэр, вэтэран вайны

Міхаіл Лагір быў старшынём Цэнтравыбаркаму БССР, калі 4 сакавіка 1990 году праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Гэтаму органу было наканавана абвясьціць незалежнасьць і адыграць ролю першага парлямэнта сувэрэннай Беларусі. Тады былі абраныя 360 чалавек, упершыню ў Вярхоўны Савет прайшлі апазыцыйныя дэпутаты.

На пасаду старшыні ЦВК Міхаіл Лагір прыйшоў з крэсла кіраўніка Камітэту народнага кантролю, ён шмат гадоў быў членам Бюро ЦК КПБ — фактычнага кіраўнічага органа БССР. Лагір быў чыноўнікам, які прызвычаіўся выконваць распараджэньні вышэйшага начальства, кажа тагачасны дэпутат, сябра фракцыі БНФ у тым парлямэнце журналіст Сяргей Навумчык.

«Паводле закону Лагір вёў першае паседжаньне новаабранага Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Ішла прамая тэле- і радыётрансьляцыя. І зь першых хвілін, калі „ў бой“ пайшлі дэпутаты БНФ, ён проста разгубіўся і ня ведаў, што яму рабіць. Але неўзабаве весьці сэсію да моманту абраньня старшыні Вярхоўнага Савету папрасілі міністра юстыцыі і члена ЦВК Валерыя Ціхіню», — расказвае Сяргей Навумчык.

Міхаіл Лагір памёр 1 траўня 1999 году ва ўзросьце 78 гадоў. З 19 верасьня 1991 па 12 сакавіка 1992 году абавязкі старшыні ЦВК выконваў былы партыйны функцыянэр Сямён Махавікоў, аднак на ягоны час значных выбарчых кампаній не прыпала.

Прафэсар юстыцыі

У 1992 годзе старшынём ЦВК быў прызначаны доктар юрыдычных навук, прафэсар Аляксандар Абрамовіч. У 1991–1992 гадах ён быў членам Камітэту Канстытуцыйнага нагляду СССР.

У 1994 годзе Абрамовіч мог не зарэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам на прэзыдэнта. У таго былі няправільна пазначаныя месца працы і месца жыхарства ў падпісных лістах, не было пры сабе дакумэнтаў. «Скралі ворагі», — заявіў Лукашэнка на паседжаньні ЦВК.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Навумчык заўважае, што падпісныя лісты Лукашэнкі былі аформленыя з парушэньнямі.

«Прычым парушэньнямі значна больш грубымі, чым тыя, за якія потым, пры Лукашэнку, будуць здымаць з выбараў кандыдатаў у дэпутаты райсаветаў. А ў 1995-м, калі адначасна праводзіліся і выбары ў новы Вярхоўны Савет, і рэфэрэндум аб зьмене сымболікі і статусе беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, Абрамовіч быў цалкам на баку новай улады. Ён мог адмовіцца праводзіць рэфэрэндум, бо прапанаваныя Лукашэнкам пытаньні супярэчылі Канстытуцыі. Але не адмовіўся», — расказвае Сяргей Навумчык.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У траўні 1995 году ў Беларусі адбыўся першы рэспубліканскі рэфэрэндум, ініцыятарам якога выступіў Аляксандар Лукашэнка. На ім на ўсенароднае абмеркаваньне былі вынесеныя чатыры пытаньні:

  1. Ці згодны вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
  2. Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
  3. Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
  4. Ці згодны вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?

У той час дзейнічаў закон «Аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» ад 13 чэрвеня 1991 году, дзе былі вызначаныя пытаньні, недапушчальныя для рэфэрэндуму. Першае і другое пытаньні (пра мову і дзяржаўную сымболіку) пасягалі на «неад’емныя правы народу на сувэрэнную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы». Трэцяе пытаньне насіла правакацыйны характар, бо станоўчы адказ азначаў згоду на ўсё большае збліжэньне з Расеяй. Фармулёўка чацьвёртага пытаньня супярэчыла прынцыпу падзелу ўладаў, заўважаў тагачасны член Канстытуцыйнага Суду, прафэсар Міхаіл Пастухоў.

Тым ня менш рэфэрэндум адбыўся, і ўсе гэтыя неканстытуцыйныя зьмены прайшлі.

Адначасова з рэфэрэндумам праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Яны не адбыліся ў 141 акрузе з 260 з прычыны нізкай яўкі (прыйшло менш за палову выбарнікаў). Таму было яшчэ некалькі спробаў абраць парлямэнт. Сяргей Навумчык прыгадвае, як прысутнічаў на паседжаньні ЦВК, калі разглядаліся вынікі выбараў па Смаргонскай акрузе — у ёй балятаваўся лідэр БНФ Зянон Пазьняк.

«Там нібыта, як заявіла акруговая камісія, ніхто не перамог, хаця і назіральнікі, і журналісты зафіксавалі татальныя фальсыфікацыі.

Маштаб фальсыфікацый уразіў нават ЦВК. І на паседжаньні ЦВК Абрамовіч сказаў, што гэта ня проста парушэньні Выбарчага закону, а парушэньні Крымінальнага кодэксу, і што ён перадае справу ў Генэральную пракуратуру. Наступным крокам мусіла б быць рашэньне Абрамовіча аб адмене вынікаў выбараў і новым галасаваньні ў той акрузе. Гэтага патрабаваў закон. Але адміністрацыя прэзыдэнта жадала іншага», — узгадвае Сяргей Навумчык.

Празь некалькі тыдняў Абрамовіч быў прызначаны намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі і курыраваў так званы рэфэрэндум 1996 году аб зьмене Канстытуцыі.

Аляксандар Абрамовіч памёр 3 сьнежня 2018 году ва ўзросьце 75 гадоў.

Пасьля Абрамовіча з 1 лютага па 5 верасьня 1996 году «прамежкавым» старшынём ЦВК быў Аляксандар Жук. Сяргей Навумчык узгадаў выступ Жука на паседжаньні ЦВК у 1995 годзе, калі той быў яшчэ шараговым чальцом.

«Тады разглядаліся факты фальсыфікацый па акругах, дзе балятаваліся кандыдаты БНФ. Жук быў на баку закону, але большасьць членаў камісіі былі на баку ўлады. Ну, а потым ужо, зрабіўшыся старшынём ЦВК, Жук таксама пачаў гуляць „па правілах“, якія дыктавала прэзыдэнцкая адміністрацыя».

«Абсалютна незалежны» Ганчар

5 верасьня 1996 году старшынём ЦВК быў прызначаны Віктар Ганчар. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. У 1991 годзе стаў першым намесьнікам старшыні Маладачанскага гарвыканкаму, разам з Генадзем Карпенкам будаваў «Горад сонца». Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ўвайшоў у выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. У ліпені быў прызначаны намесьнікам прэм’ер-міністра, аднак у сьнежні, расчараваўшыся, падаў у адстаўку. Ганчар перайшоў у апазыцыю і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Амаль год ён працаваў на пасадзе генэральнага сакратара Эканамічнага суду СНД.

У верасьні 1996 году Ганчар быў прызначаны старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі. На думку дэпутата ВС 12 і 13 скліканьняў Анатоля Лябедзькі, Ганчар быў на сваім месцы: у яго была юрыдычная адукацыя, кампэтэнцыі, палітычнае бачаньне сытуацыі. Ён добра ведаў, што такое выбары і выбарчы працэс у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Да таго ж Ганчар быў абсалютна незалежны. На яго ніхто ня мог аказаць ціск — ні Лукашэнка, ні Вярхоўны Савет. ЦВК ён зрабіў абсалютна незалежнай структурай, якая кіравалася выключна Канстытуцыяй і законамі, і ніхто на гэта ня мог паўплываць.

У палітычным крызісе 1996 году, дзе з аднаго боку быў Лукашэнка, а з другога — Вярхоўны Савет, Віктар Ганчар ня здрэйфіў, хоць ціск быў моцны. Склалася такая сытуацыя, што ён альбо застаецца і даводзіць справу да лягічнага канца, альбо Лукашэнка яго зьмятае», — тлумачыць Анатоль Лябедзька.

На лістападаўскі рэфэрэндум 1996 году было вынесена ажно сем пытаньняў. Чатыры былі прапанаваныя Лукашэнкам:

  1. Аб пераносе Дня незалежнасьці Беларусі на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх захопнікаў (названы ў бюлетэнях днём вызваленьня Беларусі).
  2. Аб унясеньні зьмен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
  3. Аб увядзеньні вольнай, без абмежаваньняў, куплі і продажу зямлі.
  4. Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.

Яшчэ тры прапанаваў Вярхоўны Савет:

  1. Аб унясеньні зьмен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
  2. Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
  3. Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.

Ганчар заявіў, што з прычыны парушэньня закону выканаўчай уладай ЦВК не прызнае вынікі рэфэрэндуму.

14 лістапада Лукашэнка сваім указам зьняў Ганчара з пасады — на што ня меў права, паколькі старшыню ЦВК (як і ўвесь склад камісіі) паводле Канстытуцыі прызначаў Вярхоўны Савет. Супрацоўнікі Службы бясьпекі Лукашэнкі груба, ужываючы сілу, выштурхнулі Ганчара з памяшканьня ЦВК — нягледзячы на пратэсты старшыні Вярхоўнага Савету і генпракурора.

На думку Анатоля Лябедзькі, Ганчар дапусьціў палітычную памылку (не юрыдычную), калі заявіў, што не падпіша вынікі рэфэрэндуму, то бок не легітымізуе той працэс.

«Гэтая публічная заява справакавала Лукашэнку — бо старшыня ЦВК стаў праблемай № 1: яго не запалохаць, не купіць, і Лукашэнка пайшоў на тое, каб неканстытуцыйным шляхам скінуць Ганчара з пасады і прызначыць Ярмошыну», — кажа Лябедзька.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету, якія засталіся верныя Канстытуцыі 1994 году, у 1999 годзе прызначылі Віктара Ганчара старшынём «альтэрнатыўнага» ЦВК. У яго былі два намесьнікі: былы старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Георгі Таразевіч і былы сакратар Віцебскага абкаму КПБ Іосіф Навумчык. У траўні былі прызначаныя выбары прэзыдэнта Беларусі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй 1994 году. Выбары ў тых умовах фактычна не адбыліся і на пасяджэньні «альтэрнатыўнага» ЦВК былі прызнаныя несапраўднымі.

16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар зьнік у Менску разам са сваім сябрам бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

5 прэзыдэнцкіх і 6 парлямэнцкіх

У лістападзе 1996 году старшынёй ЦВК была прызначана мала каму вядомая юрыстка з Бабруйску Лідзія Ярмошына. Лукашэнка парушыў нават новую Канстытуцыю, прынятую на тым самым рэфэрэндуме, бо на прызначэньне Ярмошынай Лукашэнка мусіў бы атрымаць згоду Савету Рэспублікі.

Лідзія Ярмошына нарадзілася ў 1953 годзе ў Слуцку ў сям’і вайскоўца Міхаіла Гаркавенкі. У 1975 годзе скончыла юрфак Калінінградзкага ўнівэрсытэту і амаль 20 гадоў працавала юрыстам у Расейскай Фэдэрацыі. Пасьля разводу ў 1988 годзе вярнулася ў Бабруйск да бацькоў, працавала загадчыцай юрыдычнага аддзелу Бабруйскага райвыканкаму.

Як заўважае палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч, «пры Ярмошынай, яе высілкамі была створаная амаль ідэальная машына для атрыманьня патрэбных вынікаў галасаваньня».

Лідзія Ярмошына падчас парлямэнцкай кампаніі 2019 году, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына падчас парлямэнцкай кампаніі 2019 году, архіўнае фота

Падчас яе кіраўніцтва ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў, а таксама прайшлі 5 прэзыдэнцкіх выбараў і мноства іншых выбарчых кампаній. Ніводнага разу, калі прыяжджалі назіральнікі ад Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), яны не прызнавалі выбары свабоднымі і справядлівымі.

На думку аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, Лідзія Ярмошына сапраўды стала сымбалем цэлай эпохі.

«Яна стала сапраўдным мэмам з выказваньнямі, да прыкладу, пра боршч: „Жанчынам ня трэба шастаць па плошчах, а трэба боршч варыць“. Яна па-свойму калярытная асоба, яе сіплаваты голас гучыць у вушах, яна дагэтуль працягвае раздаваць інтэрвію, даваць свае зьневажальныя ацэнкі апазыцыі. Я думаю, што Лукашэнку яна прыйшлася даспадобы, па-першае, таму, што адчувала ўсе імпульсы ад яго», — кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Апазыцыянэраў Ярмошына лічыла «няўдачнікамі». А сябе яна называла «чалавекам прэзыдэнта» і казала, што параза Аляксандра Лукашэнкі была б для яе «асабістай трагедыяй».

На думку палітыка Анатоля Лябедзькі, Ярмошына была ідэальнай фігурай для Лукашэнкі: рабіла ўсё, што ёй казалі, і ніколі не задавала пытаньняў.

«У яе няма ні разынкі, ні харызмы. У яе за плячыма было 5 прэзыдэнцкіх і 6 парлямэнцкіх кампаній, якія не былі прызнаныя легітымнымі міжнароднай супольнасьцю — гэта заяўка на Кнігу рэкордаў Гінэса. Але гэта ня вынік яе таленту, здольнасьцяў, а наадварот, яе бесхрыбетнасьці, лёкайства — і ня больш за тое. У яе ні кампэтэнцый, ні ведаў — нічога. Іншы чалавек ня змог бы столькі пратрымацца, яго б памянялі праз адну-дзьве кадэнцыі. А тут не было ніякай патрэбы», — кажа Анатоль Лябедзька.

Архіўнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах. Менск, 7 верасьня 2016 году
Архіўнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах. Менск, 7 верасьня 2016 году

Некалі апазыцыя паспрабавала разгарнуць кампанію за адстаўку Ярмошынай — быў такі хэштэг #СкиньЯрмо, калямбур, зьвязаны зь яе прозьвішчам. Але «ярмо» так і ня скінулі — Лукашэнка памяняў Ярмошыну на Ігара Карпенку, кіраўніка Кампартыі Беларусі, былога міністра адукацыі.

Камуніст Карпенка

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 годзе ў расейскім Новакузьнецку. Сябра КПСС з 1984 году. У 1989 годзе скончыў Менскі пэдынстытут, там жа і працаваў. З 2004 па 2011 гады быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў двух скліканьняў. Пасьля цягам 5 гадоў працаваў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму. У сьнежні 2016 году стаў міністрам адукацыі.

13 сьнежня 2021 году быў прызначаны старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. У 2024 годзе ён ужо правёў «стэрыльныя выбары» ў Палату прадстаўнікоў, дзе не аказалася ніводнага прадстаўніка апазыцыі.

Ігар Карпенка, архіўнае фота
Ігар Карпенка, архіўнае фота

«Лукашэнка пераканаўся, што гэта чалавек цалкам адданы, ідэалягізаваны, які старанна перарабіў адукацыю на савецкі капыл. А што тычыцца электаральнага працэсу, таксама ён фактычна даведзены да савецкіх „стандартаў“. Хіба што ў бюлетэнях яшчэ не дайшлі да таго, каб быў адзіны кандыдат ад „блёку камуністаў і беспартыйных“, як за савецкім часам.

Але імітацыя нейкага плюралізму, імітацыя перадвыбарчай барацьбы — яна становіцца больш грубай і ўсё больш нагадвае бяздарны фарс. Так што камуніст Ігар Карпенка стаў годнай заменай Ярмошынай. І Лукашэнка ніколі не сумняваўся, што як пры Ярмошынай Цэнтравыбаркам выведзе патрэбныя яму лічбы, так будзе і пры Карпенку», — кажа Аляксандар Класкоўскі.

Асоба — гэта важна на любой пасадзе. Але ў сыстэме, што стварыў Лукашэнка, ад пэрсоны старшыні ЦВК нічога не залежыць, тлумачыць палітоляг.

«Калі гаварыць пра Цэнтравыбаркам, тут парадокс у тым, што добрая тая сыстэма, дзе ад старшыні ЦВК мала што залежыць, дзе працуюць інстытуты, дзе выконваецца закон. У беларускіх рэаліях, калі Лукашэнка падмяў пад сябе Цэнтравыбаркам, зрабіў яго паслухмяным інструмэнтам, на гэтыя пасады ставяцца людзі-выканаўцы, як Лідзія Ярмошына і Ігар Карпенка, што аддана служаць свайму патрону, а не закону», — кажа Аляксандар Класкоўскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG