Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарачэньне дапамогі на дзяцей, падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Што можа чакаць сацыяльны пакет беларусаў пасьля выбараў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Па зьвестках «Кібэрпартызанаў», беларускія ўлады разглядаюць чарговае скарачэньне сацыяльных гарантый, гэта тычыцца дапамогі на дзяцей і пэнсій. Расказваем, навошта гэта ім і пры чым тут стан эканомікі.

Суполка «Кібэрпартызаны» апублікавала новы зьліў дакумэнтаў, атрыманых з чыноўніцкага асяродку. Зь іх вынікае магчымасьць чарговага скарачэньня сацыяльных выдаткаў. Паводле суполкі, пачынаючы з 2020 году, чыноўнікі прапаноўвалі некалькі рэформаў, якія дазволяць зьнізіць нагрузку на бюджэт. А менавіта:

  • Зьмяншэньне тэрмінаў выплат дапамогі на дзіця з 3 да 2 гадоў. Дэкрэтны водпуск прапануецца пакінуць на тры гады, але дапамогу плаціць толькі цягам двух.
  • Павышэньне пэнсійнага ўзросту для жанчын да 63 гадоў (цяпер у Беларусі ён для жанчын складае 58 гадоў, для мужчын — 63). Гэта прапаноўваецца рабіць паэтапна з 2027-га па 2033 год.

Паводле апублікаваных дакумэнтаў, цяперашні падыход да выплат дапамогі на дзяцей «не спрыяе нараджальнасьці і не стымулюе да працоўнай дзейнасьці». Калі такая мера будзе прынята ў 2025 годзе, то, паводле чыноўнікаў, да 2027-га гэта дазволіць зэканоміць 325 мільёнаў рублёў. А да 2028-га — 740 мільёнаў. Зараз сем’ям зь дзецьмі да 3 гадоў штомесяц выплачваюць дапамогу, якая разьлічваецца, зыходзячы зь сярэдняга заробку, мінус 35% ад яго памеру.

Пэнсійная рэформа, як вынікае з апублікаваных «Кібэрпартызанамі» дакумэнтаў, дазволіць зьнізіць нагрузку на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Рэалізоўваць такі плян нібыта прапаноўвалася з 2027 году, паэтапна падвышаючы пэнсійны ўзрост для жанчын з крокам у паўгода. Перад гэтым прапаноўвалася правесьці грамадзкае абмеркаваньне.

Ці будуць прынятыя такія захады, невядома. У дзяржаўных СМІ пакуль не было згадак аб магчымых новаўвядзеньнях. У лістападзе мінулага году міністарка працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка сказала, што пэнсійны ўзрост у Беларусі павышаць не плянуюць.

«Цяпер мы бачым і чуем, што ў шэрагу краін СНД абмяркоўваюцца пытаньні далейшага павышэньня пэнсійнага ўзросту. Хачу запэўніць, што ў нашай краіне на парадку дня не стаіць такога пытаньня. Павелічэньня пэнсійнага ўзросту для нашых грамадзян не плянуецца», — гаварыла Паўлючэнка.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Спрабуюць уціснуцца, дзе магчыма»

Супрацоўнік эканамічнай каманды «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што бязь нейкіх зьменаў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва апусьцее.

«Працоўных становіцца менш, а пэнсіянэраў больш. Падае нараджальнасьць, існуе адток моладзі і людзей у працоўным узросьце, і тэндэнцыя не пераломіцца. Іншае пытаньне, што ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве пэнсійны фонд можа датавацца», — адзначае суразмоўца.

Паводле яго, ва ўладаў ёсьць два шляхі вырашэньня праблемы: напаўняць Фонд сацыяльнай абароны за кошт бюджэту ці нешта зьмяняць у працы самога фонду і сыстэме выплат зь яго.

«Калі не ўліваць грошы звонку, зь бюджэту, то эканоміць трэба на чымсьці ўнутры», — зазначае экспэрт.

Прынцып фінансавай піраміды

На думку эканамісткі Алісы Рыжычэнкі, для беларускай дзяржавы існуе патрэба ў павышэньні пэнсійнага ўзросту.

«З 2020 году Беларусь страціла больш за 400 тысяч занятага ў эканоміцы насельніцтва, а пэнсійная сыстэма працуе на прыкладзе фінансавай піраміды. Пэнсію і дапамогу атрымліваюць за кошт работнікаў, якія працуюць і робяць адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны. Чым менш адлічэньняў, тым больш нагрузкі на фонд», — гаворыць эканамістка.

Колькасьць тых, хто працуе, увесь час зьніжаецца, а колькасьць пэнсіянэраў расьце. Таксама экспэртка зьвяртае ўвагу на рост уліваньняў з боку дзяржавы ў Фонд сацыяльнай абароны.

«Субсыдаваньне фонду зь бюджэту расьце з году ў год. Калі ў 2021 годзе гэта было крыху менш за 1 мільярд рублёў, то цяпер 1,9 мільярда. Сыстэма гэтай фінансавай піраміды перастае працаваць. Выплат ад тых, хто працуе, не хапае. І зь бюджэту вымушаныя выдзяляць дадатковыя грошы», — тлумачыць Рыжычэнка.

Эканамістка тлумачыць, што бязь зьменаў праз 7-10 гадоў Фонд сацыяльнай абароны будзе цалкам субсыдавацца за кошт дзяржавы.

Як раней павышалі пэнсійны ўзрост

Апошняя пэнсійная рэформа ў Беларусі працягвалася 8 гадоў: з 2017-га па 2025 год. За гэты час узрост выхаду на пэнсію вырас на 3 гады. Цяпер для мужчын гэта 63 гады, для жанчын — 58 (да пачатку рэформы было 55 гадоў для жанчын і 60 для мужчын). Гэтыя зьмены завяршылі да 2022 году.

Раней у Беларусі прынялі шэраг рэформаў, якія скарачаюць сацыяльны пакет у той ці іншай ступені. Гэта прадугледжвае закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях сацыяльнага абслугоўваньня і сацыяльных выплат». Адна з асноўных зьменаў, якую ўвялі гэтым дакумэнтам, — перавод большасьці беларусаў на атрыманьне пэнсіяў і сацыяльных дапамог на дзяцей праз банкі. Раней гэта было магчыма зрабіць праз пошту.

Пасьля чыноўнікі прыдумалі ўдакладненьне, што пэнсію праз пошту атрымліваць усё ж можна ня толькі асобным катэгорыям людзей з ільготамі, але і робячы самастойную аплату такіх паслуг. За атрыманьне пэнсіі праз касу на пошце трэба заплаціць 1 рубель 80 капеек, за пэнсію на дом — 8 рублёў 50 капеек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG