Дата дня
24 студзеня 1939 году ў Менску была заснаваная Дзяржаўная карцінная галерэя БССР — цяперашні Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь на вуліцы Леніна, 20 у Менску (падчас заснаваньня музэй разьмясьціўся ў 15 залях будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы па вул. К. Маркса, 29).
Нацыянальны мастацкі музэй зьяўляецца найбуйнешым фондавым і экспазыцыйным сховішчам прадметаў мастацтва ў Беларусі: на сёньня колькасьць твораў ва ўсіх калекцыях і запасьніках складае больш за 37 тысяч адзінак з больш чым 132 краін сьвету і датычыцца 12 стагодзьдзяў гіторыі чалавецтва. Яны фармуюць амаль трыццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музэйныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў сьвету.
Гэты дзень у гісторыі
1924 — У Шамані (Францыя) адбылася інаўгурацыя першых зімовых Алімпійскіх гульняў.
1945 — савецкія войскі занялі ўсю тэрыторыю БССР, якой яна была перад нападам нацысцкай Нямеччыны на Савецкі Саюз.
У гэты дзень нарадзіліся
1776 — Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, нямецкі літаратар, кампазытар, мастак.
1827 — Аляксандар Далеўскі, адзін з арганізатараў таемнага Братняга саюзу моладзі, за што перажыў, турму, катаргу і ссылку. Братні саюз вёў кансьпірацыйную працу ў Вільні, Менску, Горадні, Лідзе, Наваградку, Слоніме, а таксама паміж салдатаў Бабруйскай крэпасьці. У 1849 годзе пачаліся арышты, пад сьледзтвам апынуліся 200 чалавек. Кіраўнікі — браты Далеўскія — былі асуджаныя на сьмерць, але пасьля сьмяротную кару ім замянілі катаргай на 15 гадоў.
1885 — Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр і сцэнарыст, які ў 1926 годзе зьняў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль».
1904 — Янка Шутовіч, літаратуразнаўца, рэдактар часопісаў «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі», захавальнік віленскага беларускага музэя імя Івана Луцкевіча, вязень ГУЛАГу.
1931 — Міхась Мушынскі, гісторык беларускай літаратуры.
У памяці
1897 — Альфрэд Ромэр, беларускі і польскі жывапісец, скульптар, мастацтвазнавец, этнограф; удзельнік паўстаньня 1863—1864 гг.
1911 — Аляксандар Аскерка, адзін зь лідэраў партыі «белых» у паўстаньні Каліноўскага, вязень сыбірскай катаргі.
1965 — Уінстан Чэрчыль, ангельскі палітык, прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1971 — Уладзімер Уладамірскі, беларускі актор тэатру і кіно, народны артыст Беларусі.
1996 — Сяргей Бульчык, актор, народны артыст БССР.
2018 — Валер Шыла, беларускі музыкант, саксафаніст, грамадзка-палітычны дзяяч.