Ужо прынятыя заяўкі ад расейскіх грамадзян будуць замарожаныя. Выключэньні могуць быць зробленыя для некаторых непаўналетніх і для прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, вынікае з дакумэнту.
Законапраект патрабуе ад грамадзян Расеі адмовіцца ад расейскага пашпарта перад тым, як атрымаць чэскі. Аднак нават у гэтым выпадку заяўкі будуць разглядацца толькі пасьля заканчэньня вайны ва Ўкраіне. Дакумэнт у асноўным тычыцца толькі тых расейцаў, якія ўжо жывуць у краіне больш за 10 гадоў (гэта тэрмін знаходжаньня ў Чэхіі, па заканчэньні якога можна прэтэндаваць на чэскі пашпарт).
Выдачу візаў грамадзянам Расеі Чэхія спыніла пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Аўтары законапраекту патлумачылі неабходнасьць закону інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі. Прадстаўнікі апазыцыі ўказвалі, што патэнцыйных грамадзян і так правяраюць спэцслужбы. Праваабаронцы зазначаюць, што абмежаваньні для грамадзян толькі адной краіны могуць мець дыскрымінацыйны характар. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы расейцаў у Чэхіі абяцалі абскардзіць закон у судзе.
Дакумэнт таксама ўносіць у заканадаўства Чэхіі крымінальную адказнасьць за «несанкцыянаванае супрацоўніцтва з замежнай дзяржавай». Апазыцыя і праваабаронцы лічаць, што такая фармулёўка дазваляе адвольнае трактаваньне абвінавачаньня ўладамі. Лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі АНО Андрэй Бабіш назваў яе «самым жорсткім нападам на свабоду слова і дэмакратыю» з моманту падзеньня камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне.
У сваю чаргу, міністар унутраных спраў Чэхіі Віт Ракушан на слуханьнях у Сэнаце заявіў, што забарона закране толькі людзей, якія наўмысна пагражаюць нацыянальнай бясьпецы. Дзейнае заканадаўства аб шпіянажы тычыцца толькі збору сакрэтнай інфармацыі, а новае крымінальнае злачынства павінна таксама ахопліваць выпадкі збору «несакрэтнай, але важнай інфармацыі», цытуе яго Seznam Zpravy.
Прэзыдэнт Чэхіі Пэтар Павэл заявіў раней, што не пярэчыць супраць прыняцьця паправак да заканадаўства.
Ці датычыцца законапраект грамадзянаў Беларусі?
Дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе Крысьціна Шыянок паведаміла Свабодзе, што гэты закон не датычыць беларусаў і, паводле заяваў кіраўніка МУС Чэхіі, такога не плянуецца.
Форум