Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія выдаткавала на закуп расейскай нафты і газу ў разы больш, чым на вайсковую дапамогу Ўкраіне, — аналітыкі CSD


Расейская нафта. Ілюстрацыйнае фота
Расейская нафта. Ілюстрацыйнае фота

Чэхія выдаткавала звыш 7 мільярдаў эўра на расейскую нафту і газ. Гэта больш як у пяць разоў перавышае суму ў 1,29 млрд эўра, якую яна дала Ўкраіне ў якасьці вайсковай дапамогі, паведамляе эўрапейскі Цэнтар вывучэньня дэмакратыі, які базуецца ў Баўгарыі.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Чэхія, Вугоршчына і Славакія як краіны бяз выхаду да мора дамагліся выключэньня з эўрапейскага эмбарга на расейскую нафту. Гэта павінна было даць ім час для стварэньня новых маршрутаў паставак, аднак у Чэхіі гэтая шчыліна дазволіла адзінаму перапрацоўніку нафты ў краіне Orlen Unipetrol зарабіць на расейскіх энэрганосьбітах каля 1,2 млрд эўра звышпрыбытку, гаворыцца ў публікацыі. Гэта тлумачыцца тым, што ў 2023 годзе расейская нафта ў сярэднім была на 21% таньнейшай, чым паліва з Азэрбайджану.

Імпарт нафты ў Чэхію прынёс Крамлю больш за 2,3 мільярда эўра падатковых паступленьняў з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, адзначаюць аналітыкі цэнтру.

У 2023 годзе залежнасьць Чэхіі ад расейскай нафты вырасла да 60%, да 2024 году яна зьнізілася да 50%.

Аналітыкі Цэнтру вывучэньня дэмакратыі лічаць, што Чэхія можа цалкам замяніць пастаўкі расейскай нафты за кошт рэзэрвовых магутнасьцяў Трансальпійскага нафтаправоду, павелічэньня імпарту нафтапрадуктаў зь Нямеччыны і выкарыстаньня значных запасаў нафты ў краіне.

У Міністэрстве прамысловасьці Чэхіі заявілі, што працуюць над гэтым, аднак «урад ня мае прамога кантролю над рашэньнямі прыватнага бізнэсу», маючы на ўвазе Orlen.

У кампаніі Orlen заявілі, што выконваюць усе законы і рыхтуюцца да поўнага пераходу на нерасейскую нафту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG