Віцябляніну, асуджанаму на 4,5 года калёніі, хочуць узмацніць пакараньне
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 22 студзеня ў Бабруйску праходзіць суд па замене Аляксею Рэзьнікаву рэжыму ўтрыманьня на турэмны. Рашэньне будзе прымаць судзьдзя Дзьмітры Сьвірыдаў, паведамляе «Вясна».
У жніўні 2022 году Аляксею Рэзьнікаву прысудзілі 4,5 года калёніі за пасты і рэпосты «ЎКантакце» паводле пяці крымінальных артыкулаў.
Вядома, што Аляксей раней працаваў за мяжой, але з прычыны цяжкага стану маці вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі. Праз тры дні пасьля арышту Рэзьнікава ягоная маці памерла. Мужчына застаўся без сваякоў.
У 2022 годзе яго ўнесьлі ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Мужчына адбывае тэрмін у бабруйскай калёніі № 2.
У Чашніках пяты раз судзілі спартоўца-аматара Канстанціна Чарнова
Судовы ціск у дачыненьні да Канстанціна Чарнова распачаўся яшчэ ў сьнежні 2024 году: 6 сьнежня, 11 сьнежня, 17 сьнежня 2024 году і сёлета 21 студзеня яго судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), а 19 сьнежня — за «несанкцыянаванае пікетаваньне» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП), паведамляюць праваабаронцы.
Цягам апошніх месяцаў «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя старонкі Канстанціна Чарнова ў сацсетках, у тым ліку тройчы — ягоны акаўнт у ТікТок.
У Лепелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі жанчыну, якая служыць у войску
21 студзеня ў судзе Лепельскага раёну разглядалі справу Ганны Траян. Жанчыну асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Працэс узначальвала судзьдзя Ірына Кручыніна, піша @vitebsk_info. Вырак пакуль не вядомы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчына служыць фэльчаркай у 231-й артылерыйскай брыгадзе, якая дысьлякуецца ў вёсцы Бароўка Лепельскага раёну.
Праект і сацсеткі культуроляга Максіма Жбанкова прызналі «экстрэмісцкімі»
Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Гэтым разам рашэньнем суду Партызанскага раёну Менску 21 студзеня 2025 году ў сьпіс уключылі інтэрнэт-рэсурсы кінааналітыка, журналіста і культуроляга Максіма Жбанкова.
Гаворка ідзе пра праект Жбанкова «ШокінгКульт» на YouTube, групу ў Telegram «Max Zhbankou», і ягоныя акаўнты ў Instagram і Facebook.
Таксама сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Польский студент», «Mister Frostovik», «Беларусь комiкс», «Жодино канал», «ЗЕБГ+», «North Side Group», «Strike Drone Company»;
- Instagram-старонкі «stachkombelaruskalii», «2025calendar», «razam.niedersachsen», «smthnhappened», «filin.bу», «streetwind», «Квартал Запад-2 TUT», «ПТСР Дiда», «MURAMASA», «Біле ⨁ Сонце»;
- Facebook-старонка «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя: Брэсцкая вобласць»;
- старонка ў «Х» «Пульс Беларуси»;
- сайт «Povestka помощь призывникам» — no-army.cоm;
- Youtube-каналы «Народны дэпутат», «Экономика здравого смысла | Ярослав Романчук»;
- старонкі ў сацсетках праекту журналіста Аляксандра Чарнухі «Мiнiстэрства сепультуры»;
- старонкі «ЎКантакце» «Антология Сибирского Панка», «Студэнты.bу | Студэнты Беларусi», «Сацыяльна-хрысцiянскi рух»;
- старонкі ў «Одноклассниках» «Мы против диктаторских режимов 2», «Иван Столяров», «Общее дело»;
- старонка ў TikTok «blueeyedone3257»;
- Выява «ніжняй часткі чэрапа са скрыжаванымі ззаду косткамі і разьмешчаным зьверху надпісам „Never lose your smile“».
Форум