Затрыманая ў Польшчы на запыт Менску грамадзянка Беларусі ня будзе перададзеная беларускім уладам, паведаміў тэлеканалу «Белсат» прэсавы сакратар Варшаўскай акруговай пракуратуры Пётар Скіба.
Паводле яго слоў, у Беларусі «не гарантуецца выкананьне законаў і справядлівы судовы разбор» у дачыненьні да асобы, якая адшукваецца па «чырвоным апавяшчэньні» Інтэрпола. Таксама ў пракуратуры ёсьць «сумненьні ў дакладнасьці інфармацыі, якую беларускія ўлады перадаюць у Інтэрпол».
«Паколькі захаваньне права на судовы кантроль за пазбаўленьнем волі зьяўляецца фундамэнтальным прынцыпам, які дзейнічае ў прававой дзяржаве, экстрадыцыя ў краіну, якая не выконвае гэты прынцып, недапушчальная», — падкрэсьліў прэсавы сакратар польскага нагляднага органу.
«Калі экстрадыцыі ў Беларусь няма, то не хапае падстаў для пазбаўленьня асобы свабоды на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, у тым ліку часовага арышту для забесьпячэньня працэдуры экстрадыцыі», — дадаў Скіба.
Пры гэтым, паводле яго слоў, калі іншаземец зробіць злачынства ў Польшчы, яго дэпартацыя «непазьбежная».
Аб затрыманьні 54-гадовай грамадзянкі Беларусі, якая знаходзіцца ў вышуку па «чырвоным апавяшчэньні» Інтэрполу за фінансавае махлярства, паведаміла напярэдадні паліцыя варшаўскага раёну Жалібож.
Адзначалася, што махлярства затрыманая «зьдзейсьніла на тэрыторыі яе краіны».
Пасьля затрыманьня жанчына была дастаўленая ў акруговую пракуратуру Варшавы для «правядзеньня далейшых дзеяньняў».
- Interpol Red Notice («чырвонае апавяшчэньне», «чырвоная картка» ці «чырвоная нота») Інтэрполу — гэта запыт у праваахоўныя органы па ўсім сьвеце аб знаходжаньні і папярэднім арышце асобы ў чаканьні экстрадыцыі, перадачы або аналягічных юрыдычных дзеяньняў. Ён не зьяўляецца міжнародным ордэрам на арышт.
- Большасьць «чырвоных апавяшчэньняў» прызначаная толькі для выкарыстаньня праваахоўнымі органамі, вытрымкі зь іх публікуюцца па просьбе адпаведнай краіны-сябра і ў тых выпадках, калі можа спатрэбіцца дапамога грамадзкасьці для ўстанаўленьня месцазнаходжаньня чалавека або калі чалавек можа ўяўляць пагрозу грамадзкай бясьпецы.
- Улады Беларусі нярэдка выкарыстоўваюць каналы Інтэрполу для палітычнага перасьледу грамадзян, афіцыйна шукаючы іх нібыта за эканамічныя злачынствы. Апошні выпадак, які атрымаў гучны рэзананс: арышт у Бялградзе рэжысёра Андрэя Гнёта, якога беларускія сілавікі абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў. Пасьля году ўтрыманьня ў турме і пад хатнім арыштам ён змог пакінуць Сэрбію дзякуючы садзеяньню прэзыдэнта краіны Аляксандра Вучыча.
- Спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс 26 чэрвеня на 59-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ) у Жэнэве (Швэйцарыя) заклікаў дэмакратычныя краіны не адпраўляць беларусаў назад у Беларусь, «асабліва калі яны падвяргаюцца там рызыцы жорсткага абыходжаньня», не супрацоўнічаць з ўладамі Беларусі ў злоўжываньні «чырвонымі апавяшчэньнямі» Інтэрполу.
Форум