Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі спрасьцілі працэдуру рэгістрацыі зямельных участкаў


Зямельны ўчастак францускага актора Жэрара Дэпардзьё у вёсцы Лапаравічы, 2019 год
Зямельны ўчастак францускага актора Жэрара Дэпардзьё у вёсцы Лапаравічы, 2019 год

Указ № 273, накіраваны на спрашчэньне працэдур рэгістрацыі зямельных участкаў, падпісаў 14 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведаміла яго прэсавая служба.

Згодна з дакумэнтам, да 1 студзеня 2028 году ўстанаўліваецца «спрошчаны парадак афармленьня грамадзянамі... дакумэнтаў на зямельныя ўчасткі (без распрацоўкі праектаў іх адвядзеньня)». Мова ідзе пра ўчасткі, якія выдзяляюцца фізычным асобам «для будаўніцтва і абслугоўваньня аднакватэрных жылых дамоў, вядзеньня сялянскай (фэрмэрскай) гаспадаркі, калектыўнага садоўніцтва, дачнага будаўніцтва, народных мастацкіх рамёстваў, а таксама ў выпадках іх самавольнага заняцьця».

Таксама да названай даты працягваюцца тэрміны спрошчанага афармленьня дакумэнтаў на ўчасткі, прадстаўленыя арганізацыям для будаўніцтва і абслугоўваньня шматкватэрных жылых дамоў і аб’ектаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

«Адпаведныя зьмены ўнесеныя ва ўказы № 463 ад 26 сьнежня 2017 году «Аб удасканаленьні парадку адабраньня і выдзяленьня зямельных участкаў» і № 76 ад 2 сакавіка 2021 года «Аб афармленьні правапацьвярджальных дакумэнтаў», — зазначае прэс-служба Лукашэнкі.

Як паведамлялася, закон «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёю» ад 5 сьнежня 2024 году, які пачаў дзейнічаць ад 11 чэрвеня, працягвае да 1 студзеня 2028 году тэрмін узаконьваньня самавольна занятых зямельных участкаў («зямельная амністыя»). Раней гэты тэрмін ахопліваў пэрыяд з 1 верасьня 2022 году па 1 верасьня 2025 году.

  • Беларусы, якія жывуць за мяжой і ня могуць вярнуцца на радзіму, баючыся палітычных рэпрэсій, фактычна, паражоныя ў правах на зьдзелкі зь нерухомай маёмасьцю. Згодна з указам Лукашэнкі № 278 ад 4 верасьня 2023 году, для іх уведзеныя абмежаваньні на ажыцьцяўленьне зьдзелак з нерухомасьцю і транспартнымі сродкамі (купля-продаж, заклад і інш.). Даверанасьць на такія зьдзелкі можна аформіць толькі на тэрыторыі Беларусі.
  • Па дадзеных Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасьля падзеяў жніўня 2020 году. Управа вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспэртаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло зьехаць да 600 тыс. грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG