Як вынікае з 20-хвіліннага сюжэту прапаганды, здымкі Васіля Верамейчыка адбываліся не ў СІЗА. Сам Верамейчык апрануты ў цывільнае. Пытаньні зьняволенаму задавала праўладная журналістка Людміла Гладкая.
Як піша «Наша ніва», імаверна, гутарка з былым добраахвотнікам запісвалася ў гатэлі «Вікторыя» цераз дарогу ад Палаца Незалежнасьці ў Менску.
На відэа, якія дэманструюць у сюжэце падчас гутаркі зь Верамейчыкам, шмат жорсткіх кадраў з трупамі і параненымі вайскоўцамі ў крыві. Яны ніякім чынам не схаваныя, няма ніякага папярэджаньня пра жорсткасьць кадраў для дзяцей і ўразьлівых людзей.
Радыё Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім чынам атрыманых ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
Хто такі Верамейчык
Васіль Верамейчык — былы баец палка Каліноўскага (пазыўны «Пацук»). У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах у Беларусі, пасьля чаго паехаў ва Ўкраіну. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў. Быў паранены, спрабаваў легалізавацца ў Літве і пасьля адмовы пэўны час жыў у Віетнаме. У лістападзе 2024 году яго там затрымалі і перадалі Беларусі.
Вядома, што Верамейчык раней сутыкнуўся з забаронай на ўезд ва Ўкраіну. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, рашэньне абмежаваць яго доступ на тэрыторыю краіны прыняла Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) або іншыя кампэтэнтныя органы. Жонка Васіля Верамейчыка, Яўгенія сьцьвярджае, што былое кіраўніцтва палка Каліноўскага, а таксама прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальнай бясьпецы і былы намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук маглі быць датычныя да забароны на ўезд Васілю Верамейчыку ва Ўкраіну. Яна лічыць, што гэта стала вынікам унутраных канфліктаў і барацьбы за ўладу ў палку ў 2022 годзе. Кабанчук сваю датычнасьць да забароны адмаўляе.
Васіль у выніку апынуўся ў Азіі, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бясьпецы і забараніла ўезд у Эўразьвяз.
Каліноўца даставілі ў Беларусь увечары 14 лістапада пад канвоем з трох чалавек. Паводле інфармацыі Мotolko.help, затрыманага даставілі ў Беларусь на рэйсе кампаніі Белавія (B2978) з Масквы ўвечары 14 лістапада.
Праваабаронцам вядома, што Верамейчыку інкрымінавалі ч. 1 арт. 366 КК («Гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі») за нібыта «ўдзел у пагромах і спробу падпалу аўтамабіля супрацоўнікаў пракуратуры».
Форум