20 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №33 «Аб павышэньні пэнсій», паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на ягоную прэс-службу. Паведамляецца, што пэнсіі ад 1 лютага вырастуць у сярэднім на 10%.
21 студзеня пачынаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у Беларусі, якія адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Паводле БелТА, на выплату пэнсій у лютым 2025 году накіруюць каля 2,2 млрд рублёў, зь якіх 196 млн рублёў — дадатковыя выдаткі ў сувязі з павышэньнем пэнсіяў згодна з указам.
Як патлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі, зь 1 лютага павысяць усе віды працоўных пэнсій — па ўзросьце, за выслугу гадоў, па інваліднасьці, з нагоды страты карміцеля.
Паводле папярэдняй ацэнкі, сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце ў лютым 2025 году складзе 930 рублёў, гадавое павелічэньне (люты 2025 году да лютага 2024-га) складзе 120 рублёў або 14,8%, паведамілі ў Мінпрацы. Памер павелічэньня пэнсіі ў кожнага пэнсіянэра будзе залежаць ад працягласьці стажу і велічыні заробку, улічаных пры налічэньні пэнсіі, а таксама ўстаноўленых даплат.
Цяпер працоўныя пэнсіі ў Беларусі атрымліваюць больш за 2,3 мільёна чалавек.
Форум