Супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясеньня шкоды Беларусі»
Суд над Карынай Праташчык прызначылі на 3 лютага ў Менскім гарадзкім судзе. Карыну абвінавачваюць у «закліках да дзеяньняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Любоў Сімахіна. Карыне 29 гадоў, яна родам з Менска. У яе ёсьць муж і непаўналетняе дзіця, піша «Наша Ніва».
Па звестках «Белпола», з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам – кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касьмічнай вытворчасьці. Яна займалася праверкай якасьці аптычных вырабаў.
Арыштавалі хату журналісткі
Сьледчы камітэт Беларусі арыштаваў вясковую хату гомельскай журналісткі і рэжысэркі Марыі Булавінскай. Прычыны арышту невядомыя, піша «Флагшток».
«Арышт адбыўся паводле пастановы Сьледчага камітэта. Ніякай прычыны ці крымінальнага артыкулу, празь які арыштавалі маёмасьць, мне не паведамілі. Я гісторык. Гэты дом не каштуе нейкіх вялікіх грошай. Але я доўга падбірала будынак, каб ён меў характэрныя гістарычныя рысы для нашага рэгіёну. Я марыла адрэстаўраваць дом і нават жыць там. Але пасьпела правесьці толькі падрыхтоўчыя работы», — расказала журналістка выданьню.
Марыя Булавінская — адна са стваральніц выданьня «Флагшток». Таксама беларуска зьняла фільм пра сталінскія рэпрэсіі.
У лютым пачнецца закрыты завочны суд у справе экс-супрацоўніц Tut.by
Менскі гарадзкі суд 4 лютага пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненьні да былых супрацоўніц парталу Tut.by Вольгі Лойка, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнкі.
Абвінавачваньне выставілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці ці звады»), ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленьне ад выплаты падаткаў»), ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»).
Весьці працэс прызначаная судзьдзя Алена Шылько.
За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць 29-гадовую настаўніцу гімназіі
20 студзеня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску пачынаецца працэс над 29-гадовай Ганнай Падалякай. Ёй інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Судзьдзя — Тацяна Палулех.
Ганна працавала ў школе № 55, а цяпер пазначана на сайце сталічнай гімназіі № 29 як пэдагог-арганізатар.
«Найлепшы сябар дзяцей», — адзначаецца пад яе іменем, піша «Наша ніва».
Хобі настаўніцы — карэйская культура. Яна ўдзельнічала ў конкурсах пасольства, пісала на сайце аматараў Карэі.
Форум