Пасьля правядзеньня падатковай праверкі расейскія кампаніі прызнаюць пастаяннымі прадстаўніцтвамі замежнай кампаніі ў Беларусі. На бізнэсы з такім статусам не распаўсюджваецца Пагадненьне аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня ад 1995 году, удакладняюць «Ведомости».
У гэтым выпадку кампаніі прад’яўляюць да выплаты падатак на прыбытак і пеню, нягледзячы на выплату гэтага падатку на тэрыторыі Расеі. Выданьне зазначае, што такая практыка існавала і раней, аднак у апошні час стала маштабавацца. У зоне рызыкі ўсе расейскія прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.
Як адзначае «Коммерсант», плацяжы і пені выстаўляюць да выплаты за 8-10 гадоў. Праверкі сталі насіць масавы характар з восені 2024 году, хаця ніякіх зьменаў у заканадаўства не было.
Ёсьць і выпадкі крымінальных спраў, заведзеныя ў дачыненьні расейскіх кампаній. Так, заснавальніку і гендырэктару смаленскай кампаніі «ПромСнаб» налічылі падаткі і пеню ў рамках такой справы пачынаючы з 2011 году на суму больш за $ 800 тыс. Сам упраўленец арыштаваны, пішуць «Ведомости».
Юрысты раяць кампаніям, якія вядуць бізнэс у Беларусі, або зьбіраць доказы, што іх офісы ў краіне ажыцьцяўлялі толькі прадстаўнічыя функцыі, або адкрыць паўнавартасныя офісы, каб выплачаныя ў Беларусі падаткі залічваліся ў Расеі.
Форум