Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Без АБСЭ, але з парлямэнцкім сходам Саюзнай дзяржавы. Хто будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 21 студзеня ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Сёлета яно пройдзе безь незалежных назіральнікаў ад грамадзтва, на фоне рэпрэсій, якія не спыняюцца з 2020 году.

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не прызнаюцца міжнароднай супольнасьцю з 2001 году. Апошнія выбары скончыліся прымяненьнем сілы і спэцсродкаў супраць грамадзян і маштабнымі рэпрэсіямі, якія працягваюцца па сёньня. На цяперашніх выбарах ня будзе назіральнікаў ад апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый. Расказваем, як у такіх умовах будзе арганізаванае назіраньне за працэсам галасаваньня.

«456 замежных назіральнікаў, 37 760 — нацыянальных»

Ужо вядома, што за працэсам выбараў будуць назіраць 37 760 нацыянальных назіральнікаў.

Большасьць зь іх, згодна з інфармацыяй ЦВК, накіравалі грамадзкія аб’яднаньні — 25 286 чалавек. З 2020 году ў Беларусі ўлады зьліквідавалі амаль усе незалежныя грамадзкія аб’яднаньні. Засталіся прадзяржаўныя арганізацыі, такія як «Белая Русь», Фэдэрацыя прафсаюзаў, БРСМ. Яны заўжды накіроўвалі на выбары вялікую колькасьць назіральнікаў і амаль ніколі не рабілі заўваг наконт працэсу галасаваньня.

Ад палітычных партый будзе 4464 назіральнікі. Пасьля апошняй перарэгістрацыі палітычных партый у Беларусі, якая прайшла ў 2023 годзе, партый засталося толькі 4. Усе яны праўладныя. Працоўныя калектывы вылучылі для назіраньня 3540 чалавек, грамадзяне — 4488 чалавек.

Таксама на гэтых выбарах з 21 студзеня будзе працаваць Цэнтар грамадзкага назіраньня за выбарамі. Канчатковы склад назіральнікаў стане вядомы 20 студзеня, калі завершыцца працэс іх рэгістрацыі.

МЗС Беларусі адсправаздачылася, што на выбары прыедуць 456 замежных назіральнікаў з 49 краін. Запрасілі Выканкам і Міжпарлямэнцкую Асамблею СНД, АДКБ, Парлямэнцкі сход «саюзнай дзяржавы», Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, Сакратарыят Рады ўзаемадзеяньня і мераў даверу ў Азіі, моладзевую арганізацыю Руху недалучэньня.

Як вынікае з інфармацыі ЦВК Беларусі, найбольш міжнародных назіральнікаў (240) акрэдытавалі ад краін і органаў СНД.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«АБСЭ запрасілі, але запозна»

Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) 9 студзеня заявіла, што ня будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі. Прычына — беларускі бок у час не накіраваў запрашэньне ў гэтую арганізацыю.

«Я глыбока шкадую аб рашэньні беларускіх уладаў не запрашаць праз БДІПЧ дзяржавы АБСЭ для назіраньня за маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі, што пазбаўляе грамадзян краіны празрыстай і ўсебаковай ацэнкі ўсяго працэсу», — заявіла дырэктарка БДІПЧ Марыя Тэлаліян.

Беларускі МЗС 17 студзеня паведаміў, што ўсё ж запрасіў АБСЭ на выбары. Чаго не рабіў, напрыклад, на парлямэнцкіх выбарах 2024 году.

Ці прыняла арганізацыя запрашэньне, у МЗС не паведамілі. У Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ заявілі, што ўлады Беларусі з спазьненьнем накіравалі запрашэньне з прапановай назіраць за выбарамі 26 студзеня.

«Беларусь абвясьціла дату прэзыдэнцкіх выбараў некалькі месяцаў таму, і ўлады добра разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэньні для назіраньня за ўсімі ключавымі аспэктамі выбараў, уключаючы падрыхтоўку да дня выбараў», — паведаміла Свабодзе Каця Андруш, прэсавая сакратарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Падобная сытуацыя зь місіяй АБСЭ адбылася і ў 2020 годзе. На ранейшых выбарах менавіта назіральнікі АБСЭ гаварылі пра несвабодны і непразрысты падлік галасоў на беларускіх выбарах і не прызнавалі іх вынікі. Назіральнікі СНД беларускія выбары заўжды ацэньвалі станоўча.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Важна фіксаваць доказы фальсыфікацый»

За выбарамі ў Беларусі будзе сачыць таксама кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Гэта сумесная экспэртная місія праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага Хэльсынскага камітэту. Сваіх назіральнікаў гэтыя арганізацыі на ўчастках мець ня будуць: беларускія ўлады прызналі «Вясну» экстрэмісцкім фармаваньнем, а прадукцыю БХК — экстрэмісцкімі матэрыяламі. Абедзьве арганізацыі базуюцца за межамі Беларусі, бо ўнутры краіны іх удзельнікам пагражае крымінальны перасьлед. Аднак місія ўжо адсочвае працэс выбараў і ўсё, што адбываецца вакол іх, праз навіны і свае крыніцы.

«Магчымасьці назіраць, што адбываецца на выбарчых участках, няма. Мы больш глядзім на шырокія трэнды, на атмасфэру страху, якую стварылі вакол выбараў. Мы зьбіраем інфармацыю і спрабуем яе аналізаваць, каб базавацца на доказах і паказаць, што выбары не адпавядаюць ні міжнародным стандартам, ні нацыянальнаму заканадаўству», — кажа экспэртка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Сьвятлана Галаўнёва.

Праваабаронцы карыстаюцца інфармацыяй з агульных крыніц, а таксама зьвесткамі, якія паведамляюць людзі праз «гарачую лінію». Суразмоўца зважае, што для праваабаронцаў важна «фіксаваць доказы фальсыфікацый».

Што да папярэдніх высноваў аналізу: фармаваньне камісій, вылучэньне кандыдатаў — на гэтых этапах нават не ствараецца ілюзія канкурэнцыі.

«Іншыя кандыдаты, апроч Лукашэнкі, нават не спрабуюць паказваць, што неяк змагаюцца за ўладу. Яны кажуць, што вось ёсьць „адзін народны кандыдат“. Дзяржаўныя СМІ падчас збору подпісаў гаварылі толькі пра Лукашэнку. Уся ўвага толькі на адным кандыдаце», — зважае Сьвятлана Галаўнёва.

Апроч Аляксандра Лукашэнкі, у выбарах возьмуць удзел: былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк, лідэр праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, старшыня праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG