Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дадзеныя адсочваньня суднаў. Перад гэтым кампанія, якая кіруе партамі правінцыі Шаньдун, забараніла прымаць падсанкцыйныя танкеры.
Паводле дадзеных кампаніі па адсочваньні суднаў Kpler, танкер «Huihai Pacific» павінен прыбыць у Дунцьзякоў у правінцыі Шаньдун 15 студзеня пасьля загрузкі амаль 770 тысяч барэляў сырой нафты з расейскага ціхаакіянскага порта Козьміна. Аднак у выходныя судна зьмяніла курс і цяпер стаіць на стаянцы ля берага.
Танкер «Mermar» выйшаў з Козьміна 5 студзеня больш як з 755 тысячамі барэляў расейскай нафты і павінен быў зайсьці ў порт Янтай у нядзелю, але цяпер таксама чакае ля берага. Судна «Olia» з 700 тысячамі барэляў нафты выйшла з расейскага порту 7 студзеня і таксама накіроўвалася ў Янтай, але цяпер знаходзіцца ў Жоўтым моры.
Як піша The Bell, адначасова зь імі каля берагоў Гішпаніі стаіць падсанкцыйны газавоз «Cool Rover» са звадкаваным газам ад «Газпрому».
10 студзеня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць двух найбуйнейшых экспартэраў нафты ў Расеі — «Газпромнефти» і «Сургутнефтегаза». Зь імі, а таксама зь дзясяткамі іншых кампаній цяпер забаранілі мець фінансавыя адносіны з выкарыстаньнем даляра або амэрыканскай фінансавай сыстэмы. Санкцыі распаўсюджваюцца на найбуйнейшую расейскую суднаходную кампанію «Совкомфлот». Пад абмежаваньне падпалі 183 танкеры пад сьцягамі розных краін, якія, імаверна, перавозяць расейскую нафту і нафтапрадукты ў парушэньне санкцый заходніх краін.
Bloomberg называе апошні санкцыйны пакет ЗША самым жорсткім у расейскай гісторыі.
13 студзеня цана на ф’ючэрсы на нафту маркі Brent падскочыла да $81,11 за барэль, што стала самым высокім паказьнікам з канца жніўня 2024 году.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў у адказ на новыя санкцыі ЗША ў дачыненьні да расейскай нафты заявіў, што маршруты экспарту расейскіх энэрганосьбітаў «проста так перарубіць немагчыма». Расея, па яго словах, будзе шукаць альтэрнатыўныя маршруты паставак сваіх энэрганосьбітаў, каб мінімізаваць наступствы санкцый, дадаў Пяскоў.
Форум