Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦВК паведамілі, што адна з прычын адсутнасьці ўчасткаў за мяжой — немагчымасьць гарантаваць бясьпеку


Цэнтральная выбарчая камісія. Ілюстрацыйнае фота
Цэнтральная выбарчая камісія. Ілюстрацыйнае фота

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Беларусі Ігар Карпенка абгрунтаваў адсутнасьць выбарчых участкаў за мяжой скарачэньнем колькасьці дыпляматаў і немагчымасьць арганізаваць бясьпечнае галасаваньне.

«Гэтая норма ўжо выкарыстоўвалася ў нас і на рэфэрэндуме, і ў адзіны дзень галасаваньня. Гэта абумоўлена адсутнасьцю мераў бясьпекі на ўчастках, якія раней ствараліся на тэрыторыі іншых дзяржаў, а таксама скарачэньнем ліку працаўнікоў дыпкорпусу ў некаторых краінах», — сказаў Ігар Карпенка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, паведаміў тэлеканал СТВ.

Паводле яго, у 2020 годзе ў галасаваньні на выбарах прэзыдэнта ўдзельнічалі 18 455 замежных беларусаў, што склала «толькі 0,3 % грамадзян ад агульнай колькасьці выбарнікаў па краіне, уключаных у сьпіс».

«Разам з тым у Беларусі створаныя ўмовы для арганізацыі галасаваньня грамадзян Рэспублікі Беларусі, якія стала жывуць на мяжой і знаходзяцца на консульскім уліку. Прагаласаваць такія грамадзяне змогуць на адным з шасьці ўчасткаў, якія буду знаходзіцца ў Менску і пяці абласных цэнтрах», — дадаў Ігар Карпенка.

Участкі для галасаваньня за мяжой беларускія ўлады не ствараюць пасьля зьменаў у Выбарчым кодэксе. На рэфэрэндуме ў 2022 годзе і на Адзіным дні галасаваньня ў 2024-м участкі за мяжой таксама не ствараліся.

У 2023 годзе Ігар Карпенка казаў, што ня лічыць гэта ўшчамленьнем правоў беларусаў, якія выехалі з тых ці іншых прычын за мяжу, і ня змогуць там прагаласаваць, бо яны могуць прыехаць у краіну і ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня, і ў дзень галасаваньня.

Раней праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра выпадкі затрыманьня людзей, якія вярталіся ў Беларусь.

У 2020 годзе на ўчастках за мяжой, якія ствараліся ў дыпляматычных прастаўніцтвах Беларусі, беларусы стаялі ў вялікіх чэргах. Тады ня ўсе яны змаглі прагаласаваць, паколькі выбарчыя ўчасткі закрыліся, нягледзячы на чэргі пад амбасадамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG