Сама ідэя была ў тым, каб прынамсі зьвярнуць увагу на відавочную праблему: мове тытульнай нацыі ў беларускай дзяржаве фактычна адмоўлена ў будучыні. Але не атрымалася. Чаму?
Сьцісла:
- Адмаўленьне беларускай мовы ў Беларусі — гэта, па сутнасьці, адмаўленьне ў існаваньні беларускай нацыі і самой беларускай дзяржаўнасьці. Гэтае адмаўленьне трымаецца на комплексах адной асобы, якая гвалтам займае найвышэйшую пасаду ў краіне.
- Што да самой нацыі, дык яна ў сваім натуральным разьвіцьці далёка апярэдзіла першую асобу ў дзяржаве.
- Змаганьне Лукашэнкі зь беларускай мовай апошнімі гадамі стала тоесным змаганьню з дэмакратыяй і свабодай.
Навіны з «моўнага фронту»
У 2024 годзе на «моўным фронце» адбылося некалькі, на першы погляд малаістотных, але пры тым цалкам супрацьлеглых падзеяў.
Найперш гэта ідэя абвесьціць Год беларускай мовы, пра што ў кастрычніку паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітры Круты. Але прапанову, відавочна, не ўхваліў Лукашэнка. Далей — эпізод з музэю ў Амане, калі на прывітаньне дырэктара музэю па-беларуску («Добрай раніцы!») Лукашэнка адказаў па-расейску, быццам мімаходзь паставіўшы на беларушчыне крыж, як бы гэта зрабіў падкрэсьлена расейскі прэзыдэнт. (Афіцыйныя СМІ пра гэты калярытны выпадак не згадалі.) А яшчэ — навагоднія звароты да беларусаў: Ціханоўскай па-беларуску і Лукашэнкі па-расейску.
Інакш кажучы, менавіта Лукашэнка выступае праціўнікам беларускай мовы — насуперак агульным настроям, у тым ліку на дзяржаўным узроўні. Быў, праўда, яшчэ адзін інцыдэнт з актывісткай Вольгай Бондаравай, якая запатрабавала аб’яўляць прыпынкі ў грамадзкім транспарце па-расейску. Але тут варта згадаць колішні загад Лукашэнкі перакласьці на расейскую аб’яву пра «хуткасны рэжым». І Лукашэнка, і Бондарава патлумачылі гэта тым, каб «расейцам было зразумела». Тое, што гэта было б як мінімум прыніжальна для беларусаў, пад увагу не бярэцца. Але чыноўнікі Бондаравай адмовілі.
Мяне зацікавіў гэты комплекс у змагароў супраць беларускай мовы. Калі пра лукашэнкаву беларусафобію вядома шмат, дык хто такая Бондарава?
Чытаю ў Вікіпэдыі: Вольга Славаміраўна, у дзявоцтве Каранкевіч, нарадзілася на Горадзеншчыне. Вучыцца ў пэдынстытуце на спэцыяльнасьці «беларуская мова і літаратура». У цэлым усё, як у Лукашэнкі: вясковае дзяцінства, пэдынстытут, толькі ён гісторык. Але калі беларус зь беларускай вёскі вучыцца на беларускай гуманістыцы, а пасьля зацята робіць усё наадварот таму, чаму навучыўся, ды яшчэ й робіць гэта публічна, ваяўніча, гэта сьведчыць пра глыбокую крыўду, траўму, комплекс, якія ён спазнаў на сваім жыцьцёвым шляху. Як мінімум гэта сьведчыць пра абсалютнае выключэньне нашых пэрсанажаў з правілаў, паводле якіх жыве беларускі народ.
Можна знайсьці падобныя выключэньні ў кожнага народу, але гэта менавіта выключэньні. І бяда, калі такія асобы займаюць высокія пасады або прыцягваюць публічную ўвагу, падаючы свае крыўды як мэйнстрым для ўсіх.
Супраць агульнай плыні
За часы незалежнасьці Беларусі многія рэчы аб’ектыўна памяняліся ў сьвядомасьці беларусаў. У тым ліку і стаўленьне да беларускай мовы, якая зусім перастала ўспрымацца як «калхозная» і стала мовай кніг, культуры, гораду, элітаў, пры Лукашэнку — мовай апазыцыі і дэмакратыі, чаму ён актыўна спрыяў.
І чым больш жорстка ён ціснуў на беларушчыну, тым больш жорсткім рабіўся яго рэжым. Беларушчына, якой за савецкім часам адводзілася роля дэкору, цяпер выкрэсьліваецца зацята і наадрэз, каб яе не было ўвогуле.
Але зьмянілася ў сьвядомасьці людзей ня толькі гэта, адбыліся і больш глыбокія, нават тэктанічныя зрухі. Найперш беларусы пачалі мысьліць маштабам сваёй краіны.
З гэтага ўласна і пачынаецца беларуская, як і ўсякая іншая, ідэнтычнасьць. Апроч расейскай: бо мысьліць маштабамі краіны, у якой няма зразумелых межаў, немагчыма. Міт пра вялікі народ, які Сталін назваў галоўным народам у СССР, абрынуўся пасьля барбарскага нападу Расеі на Ўкраіну. Быць расейцам, а пагатоў «тоже русским», стала, мякка кажучы, ня вельмі прэстыжна.
А яшчэ адыходзяць у нябыт пакаленьні беларусаў, якім з маленства прышчаплялі, што «Москва — столица нашей Родины». Ужо ў сьвядомасьці сярэдняга пакаленьня, ня кажучы пра маладзейшых, сфармавалася іншая, рэалістычная карціна, зусім блізкая да той, якую яшчэ ў 1891 годзе паказваў Францішак Багушэвіч:
«Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Горадня, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...»
Натуральна, спрыяе такому мысьленьню і масавая эміграцыя, прычым ня толькі ў тых, хто выехаў, але і ў тых, хто застаўся. Нават ня скажаш, у каго болей, бо ў эмігрантаў засталіся сваякі, сябры, калегі, знаёмцы, якія зь імі кантактуюць ці не кантактуюць, але ня могуць ня думаць адны пра адных.
Масавыя наплывы «дарагіх расіян» у Беларусь на кожнае сьвята выклікаюць не жаданьне дагадзіць ім зразумелымі шыльдамі ці абвесткамі прыпынкаў, а наадварот, добразычлівыя мэмы кшталту абвесткі на беларускім вакзале пра цягнік «з другога пуці». «С какова?» — роспачна перапытвае расіянін. І гэта нармальная рэакцыя, якой яна была б на наплывы хоць якіх гасьцей і на іхную інакшасьць. Беларусы перасталі ўспрымаць расейцаў як «вялікіх».
Дысанансам гэтым зьменам у масавай сьвядомасьці гучыць кінутая Лукашэнкам фраза нейкаму расейскаму госьцю: «Ты не величай меня господином». У сучасным жывым маўленьні я такога слова і ня чуў ніколі — «величай». Прыгадваюцца нейкія архаічныя расейскія мульцікі ці нейкая боярыня Морозова — даўно забытыя карцінкі даўно забытага жыцьця. Але для Лукашэнкі ўсё гэта жыве і працуе. І Масква сталіца, і вялікі расейскі народ з «боярыней Морозовой», і «чтобы русским было понятно», і асабістыя мроі пра крамлёўскі пасад... Пра ўласна беларусаў ён ніколі і ня дбаў, яны ў таталітарнай краіне ніхто, ня нацыя. Расейцы ў прыярытэце не ў беларусаў, для якіх усе роўныя, а для Лукашэнкі.
«Наш шлях — пераемнасьць»
Гэта словы з Лукашэнкавага навагодняга віншаваньня. І мае ён на ўвазе, што пяцігодка працягваецца — і будзе працягвацца зь ім на чале. Словам, нічога ня зьменіцца. Такая вось «пераемнасьць». Ад «якасьці» да «добраўпарадкаваньня», калі ні першага, ні другога не відаць: як той казаў, з пустога ў парожняе.
Між тым, 90-я ўгодкі Станіслава Шушкевіча летась Лукашэнка праігнараваў. Чалавека, пераемнікам якога на пасадзе кіраўніка дзяржавы ён нібыта і зьяўляецца. Чалавека, пры якім Беларусь стала незалежнай і была прызнаная ўсім цывілізаваным сьветам як суб’ект палітыкі і гісторыі. Найвялікшае для кожнай краіны і нацыі дасягненьне. Але Лукашэнка ўсё гэта зьбяёдаў. Чый ён пераемнік, невядома. І ці будзе пераемнік у яго самога — таксама.
Для Лукашэнкі пераемнасьці не існуе. І ў гэтым яго праблема. Ён ня можа сябе паставіць у адну лінію зь Вітаўтам ці Каліноўскім, нават з Машэравым. Тут — прынцыповае адмаўленьне гістарычнай памяці.
Звычайна імёнамі правадыроў пазначаюць эпохі, якія складаюцца ў адну храналёгію ад пачатку дзён да сёньня. Такім чынам узьнікае пачуцьцё адзінства лёсу, якое называюць галоўнай прыкметай нацыі. Адсюль яшчэ адна зьмена ў сьвядомасьці беларусаў, тое, чаго амаль не было ў савецкія часы — цікавасьць да сваёй гісторыі. Зьявілася мноства матэрыялаў на гэтую тэму. Гэта і ёсьць пераемнасьць.
Я нездарма згадаў Багушэвіча, бо адчуваю, што мы людзі адной фармацыі. Пераемнасьць. Тое самае зь Янам Чачотам, ці — як чытаць Статут ВКЛ Льва Сапегі або лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага... У нас адна беларуская мова, адзін край, адзіны гістарычны лёс. І людзей мы ацэньваем аднолькава: вось чалавек з сэрцам, а вось — без.
Пры гэтым Лукашэнка цалкам разьвернуты на Расею, зь якой у беларусаў, пра што дазнаецца нават нэафіт, за ўсю гісторыю было болей войнаў, чым з усімі іншымі краінамі, разам узятымі. Патроху мы пачынаем разумець, што паўстаньне Каліноўскага прапаганда на расейскі манер называе польскім, а самога Каліноўскага палякам для таго, каб мы, беларусы, не атаясамлівалі сябе зь першым беларускім палітыкам, які выразна адасабляў сябе і сваё паўстаньне ад Польшчы.
Лукашэнка імкнецца сваю страчаную пераемнасьць накінуць усяму народу. Зразумела, што з адэкватнай гістарычнай храналёгіі нішто не выпадае — ні дыктатура, ні акупацыя, ні, пагатоў, тое, што толькі нашае і толькі пазытыўнае. Таму і вяршыня антыпераемніцкай дзейнасьці — дзяржаўны тэрор.
І адмаўленьне Году беларускай мовы — лягічны працяг гэтай палітыкі. Бо цяпер ужо цалкам зразумела, што прысьвяціць год беларускай мове пасярод дыктатуры немагчыма. Гэта было б тое самае, што абвясьціць 2025 год Годам дэмакратыі і свабоды.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум