Да 31 сьнежня 2025 году падоўжаная забарона на ўвоз і рэалізацыю ў Беларусі асобных відаў тавараў, а таксама на імпарт паслуг зь «недружалюбных краін», паведамляе прэс-служба ўраду. У адпаведнасьці з абноўленым дакумэнтам, у пералік уключылі «асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі».
«У іх ліку піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду скуры, валасоў, для галеньня, гігіены паражніны рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, сродкі чышчэньня, дываны, мужчынскае тэкстыльнае адзеньне, абутак зь верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасьцельныя прыналежнасьці, посуд сталовы, кухонны з парцаляны і шкляны, асновы матрацныя, лякі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з плястмасаў, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардону», — адзначаецца ў паведамленьні.
Пастанова таксама забараняе «ўвоз і рэалізацыю вады, уключна зь мінэральнай і газаванай».
Савету Міністраў яшчэ 6 сьнежня 2021 году прыняў пастанову № 700 «Аб прымяненьні спэцыяльных мераў у дачыненьні асобных відаў тавараў». Контрасанкцыі ўвялі для «гарантаваньня абароны нацыянальных інтарэсаў» Беларусі. З тых часоў яны рэгулярна падаўжаюцца, а пералік забароненых тавараў (цяпер і паслуг) абнаўляецца.
Рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» краіны Эўразьвязу, ЗША, Альбанію, Вялікую Брытанію, Ісьландыю, Канаду, Ліхтэнштайн, Нарвэгію, Паўночную Македонію, Сэрбію, Чарнагорыю і Швайцарыю. Гэтыя дзяржавы ўвялі альбо далучыліся да санкцый, якія сталі рэакцыяй на фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, вымушаную пасадку ў Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам на борце, падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
10 ліпеня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка падоўжыў да 30 чэрвеня 2025 году дзеяньне ўказу, які прадугледжвае спагнаньне павышаных мытаў пры ўвозе шампуняў, сродкаў для валасоў і чышчэньня зубоў, якія паходзяць з «краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Аўстраліі, Новай Зэляндыі)».
Форум