Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папулярнасьць беларускага бязьвізу ў жыхароў суседніх краін Эўразьвязу за год упала амаль удвая


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Памежны пераход «Каменны Лог» паміж Беларусьсю і Літвой
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Памежны пераход «Каменны Лог» паміж Беларусьсю і Літвой

Сёлета Беларусь па бязьвізе наведалі амаль удвая менш жыхароў Латвіі, Літвы і Польшчы, чым за папярэдні год.

З 26 сьнежня 2023 году па 30 сьнежня 2024-га Беларусь па бязьвізе наведалі 220 533 жыхары Латвіі, Літвы і Польшчы, у той час як за супастаўны папярэдні пэрыяд (26 сьнежня 2022 году — 26 сьнежня 2023-га) іх было 418 056 чалавек, сьведчыць аналіз зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, праведзены інфармацыйным агенцтвам «Позірк».

Такім чынам, за год колькасьць грамадзян (у выпадку Латвіі — грамадзян і неграмадзян) гэтых краін, якія скарысталіся бязьвізавым рэжымам для наведваньня Беларусі, зьменшылася прыкладна ў 1,9 раза.

Паказчык 2024 году саступіў ня толькі 2023-му, але і няпоўнаму 2022 году, калі ўвялі бязьвізавы ўезд у Беларусь для жыхароў Літвы і Латвіі (з 15 красавіка) і Польшчы (з 1 ліпеня). Да 26 сьнежня 2022 году Беларусь наведалі 378 290 жыхароў гэтых краін — у 1,7 раза больш, чым сёлета.

Найбольш прыкметна зьнізілася колькасьць грамадзян Літвы, якія наведваюць Беларусь. За апошні год іх колькасьць скарацілася прыкладна ў 2,7 раза — з 248 879 да 93 486. Пры гэтым за 8 з паловай месяцаў 2022 году іх было 244 017 — то бок ужо другі год усё менш грамадзян Літвы наведваюць Беларусь.

Колькасьць грамадзян і неграмадзян Латвіі, якія наведалі Беларусь, за год упала з 126 420 да 87 040 — амаль у 1,5 раза. Як і ў выпадку зь Літвой, пік папулярнасьці быў у 2022 годзе, калі за 8,5 месяца Беларусь наведалі 113 286 жыхароў Латвіі.

Адносна стабільнай, хоць і з пэўным зьніжэньнем, выглядае статыстыка па гасьцях з Польшчы: за справаздачны пэрыяд 2024 году іх было 40 007, у 2023-м — 42 757, за другое паўгодзьдзе 2022 году — 20 987.

Згодна з падлікамі «Позірку», за час дзеяньня бязьвізу ў 2022 годзе правам наведаць Беларусь у такім парадку, паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, штодня карысталіся ў сярэднім 957 грамадзян Літвы, 444 жыхароў Латвіі і 114 грамадзян Польшчы. Для параўнаньня: у 2023 годзе — 682, 346 і 117 адпаведна, у 2024 годзе — 253, 235 і 108.

Бязьвізавы рэжым для наведваньня Беларусі дзейнічае з 15 красавіка 2022 году для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж году — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 году беларускія ўлады пашырылі бязьвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Эўропы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG