Як сказаў Аліеў, пашкоджаньні звонку самалёт атрымаў на тэрыторыі Расеі, каля горада Грозны, і практычна страціў кіраваньне, цытуе прэзыдэнта азэрбайджанскае інфармацыйнае агенцтва azertag.az.
Прэзыдэнт Азэрбайджана адзначыў, што канчатковая вэрсія крушэньня стане вядома пасьля расшыфроўкі «чорных скрынь». Але, паводле яго слоў, той факт, што фюзэляж самалёта ўвесь быў у прабоінах, цалкам зьняў з парадку дня вэрсію сутыкненьня з зграяй птушак.
Аліеў выказаў упэўненасьць, што самалёт AZAL быў зьбіты не спэцыяльна. Але адначасова ён выказаў меркаваньне, што некаторыя колы ў Расеі хацелі замяць пытаньне.
«Адным з момантаў, які нас засмуціў і зьдзівіў, было тое, што расейскія афіцыйныя структуры вылучылі вэрсіі аб выбуху нейкага газавага балёна. Гэта значыць, адкрыта паказвала, што расейскі бок хоча замяць пытаньне, і гэта, вядома, нікому ня робіць гонару... Прызнаньне віны, своечасовае прынясеньне прабачэньня Азербайджану, які лічыцца дружалюбнай краінай, інфармаваньне аб гэтым грамадзкасьці — усё гэта меры і крокі, якія трэба было зрабіць», — дадаў прэзыдэнт Азэрбайджана. Аліеў выказаў шкадаваньне, што першыя тры дні ў Баку «ня чулі ад Расеі нічога, акрамя вар’яцкіх вэрсій».
- У суботу паведамлялася аб тэлефоннай размове Ільхама Аліева з прэзыдэнтам Расеі. Званок, як адзначалася, адбыўся на ініцыятыву расейскага боку. Уладзімір Пуцін прынёс Аліеву прабачэньні за тое, што «трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі», і зноў выказаў спачуваньні сем’ям загінулых. Паводле паведамленьня Крамля, Пуцін заявіў, што самалёт з Баку, які ляцеў па раскладзе, «неаднаразова спрабаваў зайсьці на пасадку ў аэрапорт горада Грозны». Горад у гэты час, разам з Маздокам і Ўладзікаўказам, атакавалі ўкраінскія бесьпілотнікі, і расейскія сродкі СПА адбівалі гэтыя напады, — гаварылася ў паведамленьні Крамля. У тэксце пры гэтым не ўдакладнялася, што менавіта магло стаць прычынай крушэньня самалёта.
- Самалёт Embraer авіякампаніі AZAL упаў недалёка ад казахстанскага горада Актаў 25 сьнежня. Пры гэтым ляйнэр рабіў рэйс з Баку ў Грозны. На борце знаходзіліся 67 чалавек, у тым ліку 5 членаў экіпажа. 38 чалавек загінулі, 29 выжылі. 42 чалавекі былі грамадзянамі Азэрбайджана, 16 — грамадзяне Расеі, 6 — Казахстана, 3 — Кіргізстана.
- У «Росавиации» першапачаткова выказалі вэрсію аб сутыкненьні самалёта са зграяй птушак. Але яшчэ ў дзень трагедыі ў сетцы зьявіліся запісы пашкоджаньняў самалёта, на якіх заўважылі сьляды, падобныя на ўзьдзеяньне паражаючых элемэнтаў у хваставой частцы.
- Пасьля некалькі СМІ, у прыватнасьці тэлеканал Euronews і агенцтва Reuters, са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Азэрбайджана перадалі, што самалёт маглі пашкодзіць расейскай ракетай СПА з комплексу «Панцыр» у раёне Грознага. Суразмоўцы Euronews распавялі, што пашкоджанаму борту не дазволілі прызямліцца ні ў адным з расейскіх аэрапортаў, нягледзячы на просьбы пілётаў аб экстранай пасадцы. У выніку экіпаж атрымаў каманду ляцець праз Касьпійскае мора ў напрамку казахстанскага Актау.
- У самой авіякампаніі AZAL («Азэрбайджанскія авіялініі»), папярэдняй вэрсіяй катастрофы 27 сьнежня назвалі «фізычнае і тэхнічнае зьнешняе ўмяшаньне».
Форум