Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіякампаніі скасавалі больш за сотню рэйсаў у Расею і зь яе пасьля крушэньня самалёта ў Актаў. Белавія працягвае палёты


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Самалёт авіякампаніі «Белавія» ў падмаскоўным аэрапорце Дамадзедава
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Самалёт авіякампаніі «Белавія» ў падмаскоўным аэрапорце Дамадзедава

Пасьля крушэньня самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній» у горадзе Актаў (Казахстан) ужо прынамсі пяць авіякампаній адмянілі больш за сотню рэйсаў у расейскія гарады і зь іх.

28 сьнежня авіякампанія з Туркмэністану Turkmenistan Airlines паведаміла пра адмену рэгулярных рэйсаў па маршруце Ашхабад — Масква — Ашхабад у пэрыяд з 30 сьнежня 2024 па 31 студзеня 2025 году. Прычыны адмены рэйсаў у авіякампаніі не агучылі.

Паводле Flightradar, толькі з 30 сьнежня па 4 студзеня заплянаваныя 10 рэйсаў з Ашхабада ў Маскву (а за тыдзень з 29 сьнежня па 4 студзеня — 12 рэйсаў) і 10 рэйсаў з Масквы ў Ашхабат (за тыдзень з 29 сьнежня па 4 студзеня — 11 рэйсаў). На сайце авіякампаніі Turkmenistan Airlines у раскладзе пазначаныя 6 рэйсаў на тыдзень з Ашхабату ў Маскву і столькі ж — з Масквы ў Ашхабат. Такім чынам, за месяц, верагодна, агулам адмянілі больш за паўсотні рэйсаў.

Да гэтага палёты ў некаторыя гарады Расеі прыпынілі яшчэ чатыры авіякампаніі. Як падлічыла «Вёрстка», вывучыўшы зьвесткі сэрвісу Flightradar, больш за ўсё рэйсаў адмяніла авіякампанія AZAL («Азербайджанскія авіялініі»), чый самалёт пацярпеў крушэньне, — сама меней 48. Кампанія прыпыніла палёты з Баку ў Грозны і Махачкалу з 25 сьнежня, а ў Мінэральныя Воды, Сочы, Валгаград, Уфу, Самару, Ніжні Ноўгарад, Уладзікаўказ і Саратаў — з 28 сьнежня. У кампаніі не назвалі дату аднаўленьня палётаў.

У Flightradar даступныя зьвесткі пра рэйсы да 5 студзеня 2025 году. Паводле зьвестак сэрвісу, авіякампанія з 25 сьнежня па 5 студзеня павінна была выканаць два рэйсы паміж Баку і Грозным, 13 рэйсаў — паміж Баку і Махачкалой. З 28 сьнежня з Баку і назад было заплянавана 10 рэйсаў у Мінэральныя воды, 8 — у Сочы, 4 — у Валгаград, 6 — у Самару і 5 — ва Ўфу. У Ніжні Ноўгарад, Уладзікаўказ і Саратаў рэйсаў, паводле Flightradar, няма.

Авіякампанія FlyDubai адмяніла сама меней 26 рэйсаў. Яна заявіла пра прыпыненьне палётаў з Дубая ў Сочы і Мінэральныя воды з 28 сьнежня да 5 студзеня.

Паводле зьвестак Flightradar, у гэты пэрыяд з у Сочы ў Дубай і назад былі заплянаваныя 9 рэйсаў (чатыры вылеты з Сочы, пяць вылетаў з Дубая). Таксама, паводле Flightradar, кампанія адмяніла рэйс, які мусіў вылецець з Дубая ў Мінэральныя воды ўвечары 27 сьнежня. Па гэтым жа кірунку ў пэрыяд з 28 сьнежня па 5 студзеня былі заплянаваныя яшчэ 8 рэйсаў, і яшчэ столькі ж — з Мінэральных водаў у Дубай.

Ізраільская авіякампанія El Al 26 сьнежня заявіла аб прыпыненьні палётаў з Тэль-Авіва ў Маскву «на бліжэйшы тыдзень». Паводле зьвестак Flightradar, за тыдзень з 26 сьнежня па 2 студзеня было заплянавана пяць рэйсаў «Эль-Аль» у Маскву і столькі ж з Масквы ў Тэль-Авіў.

Казахстанская авіякампанія Qazaq Air прыпыніла выкананьне авіярэйсаў з Астаны ў Екацярынбург з 28 сьнежня па 27 студзеня. У пэрыяд з 28 сьнежня па 5 студзеня па гэтым маршруце павінна было быць выканана 11 рэйсаў (пяць у Екацярынбург, шэсьць у Астану).

Тым часам беларуская авіякампанія Belavia працягвае ажыцьцяўляць рэйсы ў расейскія гарады, у якія замежныя авіякампаніі скасавалі або абмежавалі палёты. На сайце авіякампаніі Belavia па-ранейшаму прапануюць для продажу квіткі ў шэраг гарадоў Расеі — Маскву, Санкт-Пецярбург, Екацерынбург, Жукаўскі, Казань, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Самару, Уфу.

  • 25 сьнежня самалёт Azerbaijan Airlines, на борце якога знаходзіліся 62 пасажыры і пяць чальцоў экіпажу, пацярпеў крушэньне на захадзе Казахстану. Борт накіроўваўся з Баку ў Грозны. Паводле апошніх зьвестак, 38 чалавек загінулі, 29 выжылі.
  • Афіцыйнай вэрсіі прычын катастрофы пакуль няма, ідзе расьсьледаваньне. Сярод вэрсій, якія называлі розныя ведамствы і крыніцы СМІ, сутыкненьне з чарадой птушак, выбух кіслароднага балёна на борце, тэхнічная няспраўнасьць, а таксама ракета ад расейскіх СПА, якія нібыта спрабавалі зьбіць украінскія бесьпілётнікі.
  • У Расавіяцыі раней заявілі, што падчас заходу на пасадку самалёта AZAL аэрапорт Грознага атакавалі дроны. У авіякампаніі Azerbaijan Airlines паведамілі, што, паводле зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня, самалёт перад крушэньнем зазнаў «зьнешняе фізычнае і тэхнічнае ўмяшаньне». Азэрбайджанскі дэпутат Хікмат Бабааглу заявіў, што існуе «вельмі вялікая» верагоднасьць таго, што самалёт быў пашкоджаны расейскай ракетай СПА.
  • Улады Расеі, Азэрбайджану і Казахстану афіцыйна не камэнтуюць прычын, празь якія самалёт пацярпеў крушэньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG