У Казахстане 25 сьнежня разьбіўся азэрбайджанскі пасажырскі самалёт, які выконваў рэйс з Баку ў Грозны. Загінулі 38 чалавек. Паводле адной з вэрсій, прычынай катастрофы магла стаць расейская ракета, якая памылкова ўдарыла па цывільным самалёце замест дрона з выбухоўкай. Акурат падчас заходу на пасадку азэрбайджанскага лайнэра над Грозным адбівалі атаку ўкраінскіх бесьпілётнікаў. Удзень 27 сьнежня вэрсію пра зьнешняе ўзьдзеяньне як асноўную прычыну авіякатастрофы агучылі ў авіякампаніі «Азэрбайджанскія авіялініі», якой належаў самалёт.
Спыталі ў экспэрта ў галіне авіяцыі, наколькі рэальнае паўтарэньне падобнага сцэнара над беларускай тэрыторыяй, дзе рэгулярна заўважаюць дроны. А таксама — наколькі бясьпечна цяпер для Belavia выконваць рэйсы ў Расею.
«Для зэнітчыка цывільных цэляў не існуе»
Расейскі авіяэкспэрт Сямён* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) патлумачыў беларускай службе Радыё Свабода, што зэнітчык, які зьбівае цэлі ў небе, ня можа пераблытаць аб’екты цывільнай і вайсковай авіяцыі. Перад ім не стаіць задача іх параўноўваць і адрозьніваць адно ад аднаго — ён увогуле ня бачыць розьніцы паміж такімі аб’ектамі.
«Мяркуюць, што зэнітчык страляе па цывільнай (цэлі) і думае, што страляе па вайсковай. Усё ня так. Для ракетчыка, зэнітчыка цывільных цэляў не існуе. Вайсковыя ракетчыкі ня ведаюць пра існаваньне цывільных цэляў. Іхная задача — зьнішчаць, абараняць нейкі аб’ект — горад, штаб ці калёну руху — ад налётаў», — тлумачыць авіяэкспэрт.
Зэнітчык можа адрозьніваць аб’екты па прынцыпе: свой — чужы. Існуе сыстэма дзяржаўнага распазнаваньня, свой гэта ці чужы аб’ект, дадае суразмоўца.
«Ракетны комплекс высылае шыфраваны запыт, які разумее толькі свая цэль. Яна яму вяртае адказ: „Я свой“. Калі адказу няма — гэта вораг. Чужы вайсковы самалёт не разумее гэты запыт, у яго іншая кадзіроўка. Цывільны — ён увогуле цывільны. Ён нічога не разумее, нічога не прымае», — расказвае Сямён.
«Прымальна зьбіць да 40% сваіх цэляў»
Суразмоўца таксама адзначыў, што за час поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне расейскі бок зьбіў ужо больш за 10 сваіх уласных паветраных цэляў праз так званы friendly fire (тэрмін, якім вайскоўцы называюць агонь па ўласных сілах. — РС).
«Гэта настолькі хуткаплынная, нэрвовая, напружаная сытуацыя. Або ты, або цябе. Таму, як толькі зэнітчыку кажуць: „Паветраная трывога“, — усё, ён пачынае зьбіваць усё, што бачыць. Ён не высьвятляе, ці там вялікая цэль, ці малая, якая ў яе вышыня, якая хуткасьць. Зьнішчаецца ўсё, што над галавой», — тлумачыць авіяэкспэрт.
Паводле яго, зьнішчыць да 40% сваіх цэляў лічыцца прымальным, калі зэнітчык адбівае налёт. То бок у норме можна зьбіць чатыры самалёты сваёй краіны на шэсьць самалётаў ворага.
«Страшней, калі ты думаеш, што раптам гэта свой, і не саб’еш ворага», — падсумоўвае суразмоўца.
Чаму тады ня ўсе пасажырскія самалёты, якія лятаюць у зоне баявых дзеяньняў, зьбіваюць? Бо адкрываць агонь зэнітчык можа, толькі калі пачуе пэўную каманду, прыкладам: «Налёт дронаў».
«У Маскве настаўлена гэтых „Панцыраў“ (зэнітных ракетна-артылерыйскіх комплексаў. — РС). Яны стаяць і чакаюць... У Маскоўскай вобласьці ў кірунку Масквы заўважалі дроны. Яны тут жа прывялі іх у баявую гатоўнасьць і зьбіваюць усё, што ў гэты момант бачаць», — кажа Сямён.
Паводле авіяэкспэрта, калі ёсьць пагроза вайсковага налёту, на гэтай тэрыторыі трэба «расчысьціць неба», спыніць прылёт і вылет самалётаў цывільнай авіяцыі на гэтым участку. Неба кантралююць цывільная і вайсковая авіяцыя. Паміж імі павінна быць прамая сувязь. Аднак у рэальнасьці ў выпадку небясьпекі неба расчышчаюць не заўсёды.
«Гэта вайна. Мы „на Ўкраіну не нападалі“. І „вайны няма“. Ідзе „спэцыяльная ваенная апэрацыя“. Ніхто нічога не прызнае», — іранізуе над рыторыкай расейскіх уладаў суразмоўца.
Ці варта зачыніць аэрапорт у Гомлі?
На тэрыторыю Беларусі падчас шырокамаштабнай вайны ва Ўкраіне рэгулярна залятаюць дроны. На поўдні краіны зь лютага 2024 году абмежавалі палёты ўсіх аб’ектаў цывільнай авіяцыі, зона забароны ахоплівае тэрыторыю на мяжы з Украінай, аднак сам Гомель у яе не ўваходзіць. Гомельскі аэрапорт, што на самым краі зоны абмежаваньня палётаў, працягвае працаваць. Адтуль можна паляцець у Маскву, Санкт-Пецярбург, Шарм-эш-Шэйх.
На думку суразмоўцы Свабоды, аэрапорт у Гомлі варта зачыняць, толькі калі беларускі бок прымяняе сродкі супрацьпаветранай абароны. Тады ёсьць імавернасьць зьбіць і пасажырскі самалёт. Калі супрацьпаветраную абарону не прымяняюць, небясьпека для пасажырскіх самалётаў вельмі малая, толькі ад магчымасьці сутыкнуцца з дронам.
Беларускія ўлады раней неаднаразова заяўлялі, што зьбіваюць бесьпілётнікі на беларускай тэрыторыі сродкамі супрацьпаветранай абароны. Афіцыйна пра закрыцьцё гомельскага аэрапорта падчас працы такіх сыстэм не паведамлялася.
Небясьпека палётаў Belavia ў Расею
На думку авіяэкспэрта, лятаць беларускім самалётам у Расею цяпер настолькі ж бясьпечна або не, як і ўсім іншым. Прыкладам, турэцкім.
«Небясьпека ўзьнікае, калі казаць, што ў Расею, дапусьцім, у „Дамадзедава“, „Шарамецьцева“, „Унукава“ прылятаюць дроны. Якая розьніца, самалёт ляціць зь Менску ці са Стамбула? Ніякай», — кажа Сямён.
Ён паўтарае, што ў выпадку атакі ўлады мусяць абвясьціць трывогу, неба ў гэтым рэгіёне расчысьціць, усе самалёты перанакіраваць у іншыя аэрапорты. Калі нейкі самалёт затрымаецца ў гэтай паветранай прасторы, яму можа не пашчасьціць, бо па ім можа спрацаваць СПА як па варожай цэлі.
Міжнародных нормаў, каб закрываць аэрапорты ў зоне баявых дзеяньняў, няма. Ніхто звонку ня можа дзяржаву змусіць закрыць свае аэрапорты. Раней такіх нарматываў увогуле не было. Аднак пасьля таго, як у 2014 годзе зьбілі пасажырскі малайзійскі «Боінг» МН-17, Арганізацыя міжнародных цывільных авіяпалётаў ICAO распрацавала правілы і рэкамэндацыі па міжнародных палётах над зонай баявых дзеяньняў. Сярод іншага, яна раіць не лятаць над небясьпечнымі тэрыторыямі.
Па стане на 27 сьнежня Belavia працягвала выконваць рэйсы ў расейскія гарады ў звычайным рэжыме. Пра абмежаваньні палётаў заявілі авіяакампаніі Ізраілю, Азэрбайджану і Казахстану.
Форум