Дата дня
31 сьнежня 1904 году нарадзіўся Паўлюк Шукайла, беларускі паэт, літаратурны крытык. У беларускім друку выступаў з 1925 году. Аўтар кнігі паэзіі «Акрываўленая зямля» (1930), шэрагу літаратурна-крытычных артыкулаў.
У пачатку 1920-х быў удзельнікам падпольнага рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У 1925-ым у Слуцку арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газэты. У 1927-м пакінуў аб’яднаньне і стварыў альтэрнатыўную «Маладняку» суполку «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», арыентаваную на гэтак званых камуністаў-футурыстаў — расейскі «ЛЕФ» і ўкраінскую «Нову генерацію».
Арыштаваны ў верасьні 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», але здолеў адвесьці ад сябе абвінавачаньні. У 1930–1931 паліткарэктар у Галоўліце СССР, да 1931 году кіраваў Беларускай сэкцыяй Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, быў рэдактарам маскоўскай газэты «Кино», дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва і інш. З 1932 году віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Ленінград).
1 лістапада 1938 году арыштаваны ў Маскве. 13 красавіка 1939 году Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны на расстрэл. Рэабілітаваны ў красавіку 1959 году.
Скандальныя ўчынкі Паўлюка Шукайлы надоўга запомніліся ягоным сучасьнікам, якія згадвалі пра гэтаў мэмуарах. У іх паэт паўстае амбітным маладым чалавекам з «агнявой натурай» і «партызанскай зухаватасьцю».
Дзень у гісторыі
1917 — бальшавікі разгналі Першы Ўсебеларускі зьезд. У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 зьезд прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі. Адразу пасьля гэтага ў залю гарадзкога тэатру ўварваліся салдаты і пачалі разгон Зьезду.
1918 — бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі, якое базавалася ў Смаленску, абвясьціла аб стварэньні ССР Беларусі. Праз тыдзень сталіца ССРБ была перанесеная з Смаленску ў Менск, а Смаленшчына разам зь Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай былі адлучаныя ад савецкай Беларусі і далучаныя да РСФСР.
1918 — нямецкая армія пакінула Вільню.
1990 — пачала дзейнічаць другая лінія Менскага мэтрапалітэну.
1991 — апошні дзень існаваньня СССР de jure.
1992 — Чэхаславаччына падзялілася на Чэскую Рэспубліку і Славаччыну.
1999 — Барыс Ельцын добраахвотна спыніў выкананьне паўнамоцтваў прэзыдэнта Расеі і перадаў іх тагачаснаму прэм’ер-міністру РФ Уладзіміру Пуціну.
У гэты дзень нарадзіліся
1869 — Анры Матыс, францускі мастак.
1880 — Антон Баначыч, опэрны сьпявак, стваральнік Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі.
1908 — Сымон Візэнталь, аўстрыйскі габрэй, які перажыў Галякост, усясьветна вядомы «паляўнічы за нацыстамі» (памёр у 2005 г.).
1985 — Аляксандра Герасіменя, беларуская плыўчыха. Двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 году (50 і 100 мэтраў вольным стылем), бронзавая прызэрка Алімпійскіх гульняў 2016 году (50 мэтраў вольным стылем). Чэмпіёнка сьвету па плаваньні 2011 году ў Шанхаі, чэмпіёнка і срэбраны прызэр чэмпіянату Эўропы 2010 году ў Будапэшце. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў 2001 году. Рэкардсмэнка Эўропы сярод юніёраў. Майстар спорту міжнароднай клясы. Аляксандра Герасіменя з прычыны сваёй палітычнай пазыцыі вымушаная была пакінуць Беларусь.
У памяці
1916 — Казімер Альхімовіч, польска-беларускі мастак.
1993 — Зьвіяд Гамсахурдыя, прэзыдэнт Грузіі.
2000 — Вера Церлюкевіч, рабочая, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х.
2021 — Васіль Шаранговіч, жывапісец, народны мастак Беларусі.