Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп папрасіў Вярхоўны суд ЗША адкласьці закон аб абмежаваньні TikTok


Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай адкласьці прыняцьце закона, які забароніць працу TikTok або прымусіць яго ўладальніка, кітайскую кампанію ByteDance прадаць сацыяльную сетку, піша AP.

Закон прадпісвае ByteDance прадаць TikTok амэрыканскай кампаніі да 19 студзеня. Калі гэтага не адбудзецца, сацыяльную сетку могуць забараніць «зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі». 19 студзеня — апошні дзень перад уступленьнем Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША.

«У сьвятле навізны і складанасьці гэтай справы суд павінен разгледзець магчымасьць прыпыніць устаноўлены законам тэрмін, каб даць больш прасторы для вырашэньня гэтых пытаньняў», — цытуе ліст юрыстаў Трампа агенцтва AFP.

Вярхоўны суд ЗША разгледзіць пазоў кампаній TikTok і ByteDance, якая валодае сацсеткай, 10 студзеня 2025 году. Кампаніі TikTok і ByteDance зьвярнуліся ў Вярхоўны суд 16 сьнежня з просьбай прыпыніць дзеяньне закона, які, на іх думку, перашкаджае абароне свабоды слова ў адпаведнасьці зь Першай папраўкай да Канстытуцыі ЗША.

Закон быў прыняты на падставе заявы Міністэрства юстыцыі ЗША, паводле якой TikTok уяўляе «пагрозу нацыянальнай бясьпецы велізарнай глыбіні і маштабу» у сілу свайго доступу да вялікай колькасьці зьвестак пра амэрыканскіх карыстальнікаў.

Кампанія TikTok заявіла, што не ўяўляе непасрэднай пагрозы для бясьпекі ЗША. У TikTok і ByteDance адзначылі, што спыненьне працы нават на адзін месяц прывядзе да страты каля траціны амэрыканскіх карыстальнікаў, а гэта падарве здольнасьць кампаніі пасьпяхова працаваць з рэклямадаўцамі.

Паслугамі TikTok, як адзначае «Голас Амэрыкі», карыстаюцца каля 170 мільёнаў амэрыканцаў.

Падчас ранейшага прэзыдэнцтва Дональд Трамп спрабаваў забараніць TikTok з матываў нацыянальнай бясьпекі, але перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2024 году Трамп сам зарэгістраваўся ў сацсетцы. Цяпер акаўнт Дональда Трампа ў TikTok мае 14,7 мільёнаў падпісантаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG