Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як TikTok спрыяў узьлёту ўльтраправага кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі Кэліна Джарджэску


Кэлін Джарджэску, малавядомы ультраправы палітык, выкарыстоўваў TikTok для распаўсюджваньня сваіх антыэўразьвязаўскіх і антынатаўскіх ідэй, што дазволіла яму атрымаць перамогу ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі.

Нават пасьля падліку ўсіх галасоў экспэрты ня могуць зразумець, як Кэлін Джарджэску нечакана выйграў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі, пішуць у сваім артыкуле журналісты Радыё Свабода Сімона Кырлюджа і Тоні Вэсалоўскі.

Малавядомы ўльтраправы палітык перамог у выбарах 24 лістапада, абышоўшы такіх фаварытаў, як левы прэм’ер-міністар Марчэль Чаляку з Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая дамінуе ў румынскай палітыцы ўжо дзесяцігодзьдзі.

Посьпех Джарджэску шмат у чым звязваюць зь ягонай кампаніяй у сацыяльных сетках, якая засталася незаўважанай шматлікімі аналітыкамі. Апроч прысутнасьці на Facebook і YouTube, ён правёў эфэктыўную кампанію ў TikTok, дзе змог заваяваць падтрымку і прыцягнуць маладую аўдыторыю, якая налічвае мільёны чалавек.

TikTok, запушчаны ў 2017 годзе, стаў адным з самых папулярных сайтаў у інтэрнэце, абагнаўшы Google у 2021 годзе. Ён прыцягвае мільёны прыхільнікаў сваімі кароткімі відэа і альгарытмамі, якія пэрсаналізуюць стужкі карыстальнікаў.

Мэтавая аўдыторыя — моладзь

Нягледзячы на тое, што TikTok прываблівае ў асноўным забаўляльным кантэнтам, шмат для каго, асабліва для маладых людзей, гэта таксама крыніца навін. Па дадзеных Pew Research Center, у ЗША каля паловы карыстальнікаў TikTok, малодшых за 30 гадоў, выкарыстоўваюць плятформу для атрыманьня палітычнай інфармацыі.

Папулярнасьць TikTok у Румыніі, як і ў іншых краінах, таксама рэзка вырасла. Калі ў лютым 2019 году колькасьць карыстальнікаў TikTok ва ўзросьце ад 14 да 65 гадоў складала ўсяго 175 тысяч, то к пачатку 2024-га гэтая лічба дасягнула 8,97 мільёна.

Кампаніі Джорджэску ў TikTok. Каляж
Кампаніі Джорджэску ў TikTok. Каляж

Некалькі галоўных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Румыніі, у тым ліку Чаляку і празаходняя лібэралка Элен Лясконі, таксама маюць акаўнты ў TikTok. Аднак падобна, што толькі Джарджэску ўдалося ў поўнай меры раскрыць патэнцыял гэтай плятформы, якая належыць кітайскай кампаніі ByteDance.

Паводле публікацыі сацыёлага Рэмуса Штэфурака, «31% маладых людзей ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў прагаласавалі за Джарджэску, у той час як сярод выбарнікаў, старэйшых за 65 гадоў, яго падтрымалі толькі 8%».

Сацыяльная незадаволенасьць і гістарычныя дасылкі

Джарджэску зьвярнуўся да расчараваньня выбарнікаў з прычыны інфляцыі і карупцыі, усклаў віну за праблемы на ЭЗ і NATO і заявіў, што сувэрэнітэт Румыніі пад пагрозай. Пры гэтым ён неаднаразова хваліў Іёна Антанэску, фактычнага лідэра Румыніі часоў Другой сусьветнай вайны, пакаранага сьмерцю за ўдзел у Галакосьце, а таксама Карнэлью Кадрану, заснавальніка антысэміцкага «Жалезнага легіёна».

На працягу ўсёй кампаніі ён рэгулярна крытыкаваў сяброўства Румыніі ў NATO і ЭЗ, а таксама падтрымку Ўкраіны ў яе барацьбе з расейскім уварваньнем. У адным з тэлеінтэрвію перад выбарамі ён заклікаў спыніць дапамогу Ўкраіне.

Пост пра ўкраінскіх дзяцей-уцекачоў, псьля праверкі было выяўлена, што ён фальшывы
Пост пра ўкраінскіх дзяцей-уцекачоў, псьля праверкі было выяўлена, што ён фальшывы

Рэцэпт посьпеху ў TikTok

Адно з самых папулярных відэа Джарджэску зьмяшчала лжывае сьцьвярджэньне аб тым, што дзеці ўкраінскіх уцекачоў атрымліваюць больш сацыяльнай дапамогі, чым румынскія.

«Вы ведаеце, колькі складае дапамога для ўкраінскага дзіцяці? Што прапануе Румынія, румынская дзяржава? Я скажу вам — 3700 леяў ($780). А для румынскага дзіцяці ў тым жа ўзросьце дапамога складае 248 леяў», --- заявіў Джарджэску ў відэа на TikTok, апублікаваным 5 лістапада, якое пазьней было праверана і прызнана лжывым.

Гэтае відэа сабрала 5,1 мільёна праглядаў і больш за 213 тысяч падабаек, нягледзячы на непраўдзівыя заявы.

«Кэлін Джарджэску ідэальна падыходзіць для лічбавых мэдыя, асабліва для TikTok. Прадавайце мару, прадавайце бачаньне», — заявіў Станка ў інтэрвію румынскай службе RFE/RL.

Больш, чым хто-небудзь зь яго апанэнтаў, Джарджэску разьлічваў на TikTok для распаўсюджваньня сваіх ідэй, заявіў экспэрт у мэдыя з Румыніі Драгаш Станка.

«Сацыяльныя сеткі створаны не для таго, каб інфармаваць нас, а для таго, каб ператвараць нас у пакупнікоў... А аб’ектам продажу могуць быць і ідэі. І спадар Джарджэску прадае ідэі, якія знаходзяць водгук у сацсетках», — дадаў ён.

Акаўнт Джарджэску TikTok быў створаны восеньню 2022 году і на гэты момант мае 260 тысяч падпісчыкаў і 3,6 мільёна падабаек.

Адна з самых пасьпяховых стратэгій Джарджэску складалася ў тым, каб браць фрагмэнты інтэрвію, якія ён даваў на іншых плятформах, часта на ТВ, і публікаваць гэтыя фрагмэнты на TikTok.

Інтэрвію на Digi24 ад 13 лістапада набрала ўсяго каля 70 тысяч праглядаў на сайце тэлеканала, але відэа з таго ж інтэрвію, апублікаванае Джарджэску ў TikTok, сабрала 4,1 мільёна праглядаў.

Кліп з інтэрвію на ТВ, дзе Джарджэску ўхіляецца ад пытаньня аб сваім стаўленьні да Пуціна, набраў 3,1 мільёна праглядаў на TikTok.

«Бачу, вы вельмі настойваеце на гэтым пытаньні. Чаму б вам не задаць пытаньні аб праблемах румынскага народу? Чаму б вам не абмеркаваць праблемы беднасьці, праблемы людзей з інваліднасьцю або тых, хто прадае нырку?» — сказаў Джарджэску.

Добра сплянаваная кампанія

Апроч таго, што ён выказваў свае палітычныя погляды, Джарджэску таксама выкарыстаў TikTok, каб публікаваць відэа, дзе ён наведвае царкву, займаецца дзюдо і бегае па трэку. Гэта было відавочнай спробай умацаваць свой візуальны вобраз як хрысьціяніна, які вядзе здаровы лад жыцьця.

Каб ягоныя кліпы ў TikTok убачылі як мага больш людзей, Джарджэску заклікаў сваіх падпісчыкаў дзяліцца імі і пашыраць іх з дапамогай хэштэгаў, уключаючы ягонае імя.

У межах добра арганізаванай кампаніі кароткія відэа з выступамі Джарджэску распаўсюджваліся тысячамі іншых акаўнтаў, некаторыя зь якіх уключалі ягонае імя ў назве, а іншыя проста выкарыстоўвалі хэштэг #călingeorgescu.

Хэштэгі і ключавыя словы зь імем ультраправага папуліста пачалі імкліва набіраць папулярнасьць перад першым турам прэзыдэнцкіх выбараў.

Калі румынскі TikTok запоўніўся словамі «Кэлін Джарджэску», плятформа пачала аўтаматычна падстаўляць ягонае імя ў радок пошуку, што зьяўляецца стандартнай практыкай TikTok для папулярных і трэндавых ключавых слоў.

Цяпер галоўнае пытаньне для Румыніі, ці зможа гэтая стратэгія забясьпечыць Джорджэску перамогу ў другім туры 8 сьнежня, калі ён сутыкнецца зь Лясконі ў другім туры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG